Среда, 22 11 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Па старонках “Маладосці”. Наталля Канстанцінава. Не ведаю, калі вясна настане

  • Четверг, 14 сентября 2017 00:48

Гэтую фотку на сайце знаёмстваў Вольга выставіла наўмысна, каб падражніць мужчын. Яна не збіралася адгукацца на інтымныя прапановы, але ёй падабалася выклікаць жаданне іх рабіць. Такая ўжо ў яе была натура – са схільнасцю да гульні. Паказаць сябе дзёрзкай, амаль распуснай, прадэманстраваць вартасці сваёй фігуры, распаліць жарсць у самцоў – гэта ўзрушвала яе кроў. Магчыма, таму Улад і звярнуў на яе ўвагу, што адчуў у ейным характары схаваных д’яблікаў.

“Ах, харошая, чартоўка!” – хацелася выгукаць Вользе, калі яна глядзела на сябе на гэтай фотцы, адначасова інтымнай і інтрыгоўнай. Доўгія зграбныя ногі ў чорных панчохах, з акругласцямі і звужэннямі ў патрэбных месцах, на вострых шпільках, што нібыта завастраюць сэксуальнае жаданне, чорныя майтачкі па клубах з карункамі і легкадумным банцікам, чорная аблеглая маечка да таліі з выразам такой глыбіні, каб з вабным абяцаннем толькі адкрываўся пачатак лагчынкі, паласа пляскатага жывоціка…

Колькасць каментароў за некалькі дзён пераваліла за дзве сотні. Часцей за ўсё сярод іх паўтараліся словы: “Шыкоўная жанчына!”, але меліся і іншыя блізкія паводле значэння эпітэты: “ашаламляльная”, “ачмурэнная”, “спакуслівая”, “цудоўная”. Худзенькі хлопчык з палкім позіркам напісаў: “Драпежна!” Але што цікава, ніхто не апусціўся да непрыхаванай пошласці. Наадварот, трапляліся нават паэтычныя радкі: “Быццам з нябёс прыслаў яе лёс! Гэткія ногі даюцца нямногім! Далей ад зямлі плывуць караблі! А гэтыя ногі, ногі, ногі! Нібыта шчасце для дарогі! Ах, якія ногі…” Мужчына, падобны да суперагента: са стрыманым позіркам, высокімі скуламі, цвёрдым падбароддзем і ў цёмных акулярах – нават назваў яе “незямная фея”. Нібыта наведнікі сайта адчувалі, што на гэтай знешне задзірлівай фотцы Вольга захінулася флёрам рамантыкі і чагосьці пранізлівага, тонкага – чагосьці такога, што губляецца дзесьці ў вышыні…

Шчыра кажучы, яшчэ адной, магчыма, нават больш моцнай нагодай выкласці фотку на ўсеагульны агляд было якраз жаданне, каб пад сотнямі позіркаў “вецер развеяў” флюіднае поле цеплыні і інтымнасці, якое яднала іх з Уладам у той дзень, калі здымак быў зроблены, і відавочна на ім адбілася. Бо гэта менавіта Улад папрасіў яе сфатаграфавацца ў такім выглядзе. Ён патлумачыў, што панчохі хвалююць яго болей за ўсё, і што ён хоча мець магчымасць у любы момант атрымаць асалоду ад яе прыгажосці і эратычнасці падчас сваіх далёкіх падарожжаў. Іх стасункі тады знаходзіліся на ўзлёце, і Вольга з радаснай гатоўнасцю пагадзілася.

Улад быў байкерам, сапраўдным, заўзятым. Ён перарос стадыю прыпантаванага юнака, які лопаецца ад жадання заявіць пра сябе і робіць гэта зверскім рэвам матацыклаў па начах, замінаючы гараджанам спаць. На сваім улюбёным, з пяшчотай дагледжаным байку Улад выпраўляўся ў  паездкі на некалькі дзён або тыдзень, без усялякай мэты, хоць і з пэўным канцавым пунктам маршруту. Ён проста атрымліваў асалоду ад язды і адчування хуткасці. Праца дазваляла яму знаходзіць час на ваяжы. Улад, не маючы жорсткага графіка, свабодна круціўся ў нейкім бізнесе. Вольга так дакладна і не зразумела, у якім менавіта, дый асабліва  не дапытвалася. Ёй было дастаткова, што Улад аказаўся самастойным хлопцам, сам сябе забяспечваў, і ў яго хапала грошай на іх супольнае прыемнае баўленне часу.

Выглядаў ён адпаведна: апранаўся ва ўсё чорнае, нават улетку насіў цяжкія боты на тоўстай рыфленай падэшве, галаву модна выгольваў па баках, пакідаючы ў цэнтры паласу шорсткіх валасоў, якія стаялі тарчма. Але Вольгу Улад пакарыў тым, што пры ўсёй сваёй брутальнасці ўмеў быць культурным, ветлівым, галантным і нават пяшчотным. Ён не спрабаваў далучыць яе да сваіх байкерскіх інтарэсаў. Гэта можа падацца дзіўным, але разам яны хадзілі ў тэатры, кіно, на выставы і нават у заапарк. Зрэшты, для таго яны і пазнаёміліся – для культурнага, у прамым сэнсе слова, адпачынку.

       Пазнаёміліся па абвестцы, якую Вольга давала ў інтэрнэце. Абвестка не суправаджалася задзірлівай фоткай, выява твару і фігуры да яе ўвогуле не прыкладалася. Дзіва, што яна прыцягнула ўвагу такога экстрэмала, як Улад. Але чымсьці ж прывабіла. Вольга, якая прыехала з невялічкага гарадка, пасля чатырох гадоў жыцця ў сталіцы і навучання ў адным з ВНУ так і не прывучылася да начных клубаў. “Шукаю хлопца, каб культурна бавіць час, – напісала яна, – гуляць, гутарыць”. Магчыма, гэта зацікавіла Улада для разнастайнасці, па кантрасце з яго гарэзлівымі забавамі.

У першых лістах яны дамовіліся, што культурна – значыць менавіта культурна, без працягу, які заводзіць у ложак. Але потым усё павярнулася па-іншаму. Не, “адразу да справы” яны не перайшлі. Але ўжо на першай сустрэчы Вольга спадабалася Уладу менавіта як дзяўчына, пра што ён і сказаў ёй адразу. Акрамя культурнай праграмы, Улад пачаў дарыць ёй кветкі, частаваць у кавярнях. Ён аказаўся выдатным спадарожнікам, які ўмеў размаўляць пра нешта самае звычайнае так, што гэта захапляла, выклікала шчырую цікаўнасць і эмацыйнае суперажыванне – дзякуючы яго вялікаму слоўнікаваму запасу і жывой энергіі, якой, мабыць, быў перапоўнены ягоны арганізм і якую ён укладаў ва ўсе свае словы. 

Гэты хлопец, з выгляду, здавалася б, далёкі ад сентыментальнасці, падарыў Вользе нямала рамантычных імгненняў. Яна дагэтуль прыгадвала, як Улад упершыню ўзяў яе за руку ў верхняй кропцы кола агляду, калі яны віселі над начным горадам у адкрытых кабінках, і ў яе сэрца замерла – крыху ад страху, крыху ад задавальнення; як ён упершыню  пацалаваў яе ў парку на лаўцы над рэчкай, пасля таго, як яна правяла рукой па яго шорсткіх валасах і жартам сказала, што яны прыдадуцца ў якасці шчаціння для абутковай шчоткі; калі ён упершыню ўзяў яе на рукі, каб яна не абцяжарвала сябе спускам з невялікага пагорка. Улад не толькі насіў Вольгу на руках, ён і цалаваў ёй рукі, нават, здавалася, без усялякай нагоды. Ці па шчырым жаданні, ці каб сыграць нейкую ролю, пакрасавацца перад самім сабою – Вольга так і не зразумела, але ўсё адно было страшэнна прыемна…

 На той фотцы яна сапраўды выглядала дарослай упэўненай фемінай. Але тыя, хто  пісаў “шыкоўная жанчына”, не падазравалі, што насамрэч Вольга была ўсяго толькі дзяўчынкай. І ва Улада закахалася, як пятнаццацігадовае дзяўчо. Неяк, пракручваючы FM-станцыі, Вольга пачула на “Хвалі ўспамінаў” песню Мадонны 1996 года “Crazy for you”. Гэтая старая кампазіцыя падалася ёй вельмі сугучнай яе стаўленню да Улада. Пранікнёныя музыка і голас стваралі ўражанне, што юная дзяўчынка зачаравана глядзіць на хлопчыка, яе пачуцці настолькі моцныя, што робяцца мацнейшымі за сорам, і яна з глыбіні сэрца кажа шчырыя словы, вымаўляючы іх з прыдыханнем: “Я вар’яцею ад цябе, дакраніся да мяне адзін раз, і ты зразумееш, што гэта праўда”. Менавіта так уздзейнічаў на Вольгу Улад.

Тым мацнейшым аказаўся для яе аглушальны ўдар дубінай па галаве.

Пасля некалькіх  праведзеных разам начэй, напоўненых пяшчотай, Улада пацягнула ў чарговае падарожжа. Калі праз паўтара тыдня ён вярнуўся, у першыя хвіліны сустрэчы, на якую Вольга ляцела як на крылах, малады чалавек заявіў: “Я хачу быць адзін”. “У сэнсе?” – разгубілася Вольга. “Што тут незразумелага? Нам трэба расстацца. Я хачу быць адзін”. “Але чаму? Чым я цябе не задавальняю?” – толькі і здолела вымавіць дзяўчына. “Нічым. Справа не ў табе, а ўва мне. Проста я такі чалавек”. “А як жа я? – асела Вольга. – Што ж мне рабіць, я ж кахаю цябе?!” “Што хочаш. Сыходзь у манастыр”, – адчаканіў Улад, павярнуўся і сышоў.

Пасля гэтага Вольга і выставіла на сайце знаёмстваў эратычную фотку – у спадзяванні, што гульня адцягне яе ўвагу ад перажыванняў.

На ніводную прапанову аб сустрэчы яна не пагадзілася – усё думала пра Улада. Спачатку спрабавала з ім звязацца, пагутарыць, але той адразу заблакаваў яе нумар. Вольга паспрабавала пільнаваць Улада каля  дома і некалькі разоў злавіла момант, калі ён аднекуль вяртаўся. Аднак Улад праходзіў міма з абыякавым выглядам, ніяк не рэагуючы на яе звароты. Дзяўчына страціла надзею.

Але ў гэты вечар Вольга зноў пайшла да Уладавага дома, ні на што не разлічваючы, проста жадаючы хоць крышку пабыць з каханым побач, хай сабе і будучы раздзеленай з ім бетоннымі сценамі. Улад жыў на першым паверсе. Вечар стаяў душны, і форткі ў яго вокнах  аказаліся адчыненымі. Вольга прагульвалася пад імі і выдатна чула ўсё, што адбывалася ў кватэры. Улад зладзіў п’янку з сябрукамі. Наколькі Вольга ведала, алкаголь ён ужываў рэдка, але, калі хацеў, выпіць мог. Цяпер быў акурат такі выпадак. Відавочна, кампанія  ўжо дайшла да адпаведнай кандыцыі. Улад, як прыроджаны лідар, саліраваў, узбуджана выкрыкваючы мацерныя выразы. Ягоныя сябрукі  толькі п’яна мыкалі. “Воўчык, хочацца ванітаваць – вазьмі пакет! – пракрычаў Улад. – Б…, ты што, такі файны напой!” І праз нейкі час: “Воўчык, калі б ты быў бабай, я б цябе зараз вы…ў!”

Вольга не верыла сваім вушам. Гэта былі словы яе героя, які заўсёды так элегантна выказваўся? Дагэтуль у дзяўчыны заставаліся  рамантычныя ўспаміны, іх не здолела адразу перакрэсліць нават халодная жорсткасць Улада падчас расставання. Але цяпер яна адчула, як усё, чым жыла апошнія месяцы, што складала  яе ўнутраны свет і звязвала з жыццём, бязлітасна разбураецца.

Калі Вольга прыйшла дадому, у яе пачалася істэрыка. Дзяўчына ўголас плакала, яе твар залівалі слёзы. Грудная клетка, здавалася, разрываецца ад болю. Гэты боль лягчэй было трываць у руху, таму Вольга безупынна хадзіла туды-сюды па пакоях, працягваючы плакаць. Праз пару гадзін яна паспрабавала прылегчы адпачыць. Але ў стане спакою боль стаў невыносным, і дзяўчына зноў устала і працягнула хадзіць, па-ранейшаму плачучы. Так ішлі гадзіны за гадзінамі. Вольга забылася, што трэба ісці на практыку, якую яна як студэнтка павінна была адпрацоўваць улетку. Яна нічога не ела і толькі зрэдку піла ваду. Супакоіцца ніяк не магла, надрыўна плакала і стагнала ад душэўнага болю.

Пасля двух сутак бесперапынных праходак з ручаямі слёз Вольга раптам перастала бачыць вакол сябе звыклую абстаноўку. Кватэра знікла, і з’явілася неабсяжная прастора, у якой праз кожныя некалькі крокаў вісела на  слупах альбо ўзвышалася над зямлёю вялікае павуцінне, сплеценае з буйных нітак. На ім сядзелі павукі. Дакладней, гэта былі людзі з павучынымі тварамі. Іх вялікія пукатыя вочы глядзелі на Вольгу з незразумелым выразам. Дзяўчына па інерцыі працягвала рухацца. Паступова павуцінне рабілася ўсё гусцейшым. Яно было розных колераў: белага, чорнага, зялёнага і залатога.

Рухаючыся ўсё далей, Вольга нарэшце ўперлася ў вялікую чорную сетку. На ёй сядзеў смуглявы чалавек з велізарнай чорнай каронай на галаве. Ад яго сыходзіла адчуванне чагосьці невыказна пагрозлівага, здавалася, атмасфера тут згусцілася і была працятая электрычнасцю. Агромністыя пранізлівыя вочы чалавека прыцягвалі ўвагу, і Вольга міжволі зірнула наўпрост у іх. У той самы момант яго твар таргануўся і на ім з’явіўся выраз страшэннага гневу. Паветра са свістам рассекла чорная нітка і пачала абмотвацца вакол дзяўчыны. Нітка ўсё болей абвівала цела, і Вольгу пачало трэсці, як пад высокім напружаннем. Дзяўчына раптам адчула моцную знямогу,  ногі абмяклі, і яна ўпала. Ужо страчваючы прытомнасць, пачула спалоханы шэпт: “Нельга, нельга! Нельга глядзець у вочы  Чорнага Цара!”

Калі Вольга апрытомнела, вялікага чорнага павуціння побач не было. Але яе цела абцягнула, як другая скура, трывалае палатно з чорнай ніткі. Дзяўчыну ўсё яшчэ трэсла, у целе адчувалася поўнае бяссілле. Яна паспрабавала зварухнуцца і здолела гэта зрабіць толькі з вялікім намаганнем.

Раптам Вольга ўбачыла, што не адна. Побач сядзеў на зямлі малады хлопец з зялёнымі валасамі і ў невялікай зялёнай кароне. “Вітаю! – сказаў ён. – Я Зялёны Каралевіч”. “Дзе я?” – ледзь варочаючы языком, прашаптала Вольга. “Ты ў Інтэрнэце”.

Зялёны Каралевіч распавёў, што Інтэрнэт гэты – не створаны чалавечымі камп’ютарамі, а сапраўдны. Сусветная сфера думак, ідэй і пачуццяў. Яе жыхары – чалавекападобныя павукі – ткуць павуцінне, якое фарміруе свядомасць, вызначае погляды і шмат у чым – лёс. У кожным павуку сканцэнтраваная свядомасць мноства людзей. У зямным жыцці кожны чалавек абвіты нейкімі ніткамі, але ў нармальным стане людзі гэтага не бачаць. Белае павуцінне пакрывае ўсе жывыя целы, гэта – ніткі прыроды. Яно абуджае міласэрнасць і спачуванне ў дачыненні да жывой матэрыі, прызнанне яе патрэбаў. Зялёныя павукі – носьбіты ведаў, яны фарміруюць павуціну розуму, інфармацыі, усясветных законаў. Залатыя ніткі – для тых, каму прызначана заняць у свеце высокае становішча, вылучыцца з масы, карыстацца прыхільнасцю Спадарыні Удачы. Залатыя ніткі выклікаюць павагу і захапленне. Чорныя – ніткі працы, намаганняў, “чарнавой работы”.

У той ці іншай прапорцыі белыя, зялёныя і чорныя ніткі пакрываюць кожнага чалавека. Залатыя даюцца мала каму. Чорныя павукі і павуцінне выпраменьваюць электрычныя разрады, якія на людзях змякчаюцца белай тканінаю. Такія разрады выклікаюць стымул да працы, намаганняў. Калі чалавека занадта моцна заткуць чорныя павукі, гэта вызначае цяжкае, суровае жыццё, са шматлікімі турботамі, часта няўдзячнымі, а калі чорная тканіна вельмі грубая – дык і з хваробамі. Калі чорныя павукі пакрываюць павуціннем вочы, гэта спараджае вар’яцтва.

– Праз пакуты ад няшчаснага кахання ты забылася на сваё цела, перастала пра яго клапаціцца, і белая нітка з цябе расплялася, – сказаў Зялёны Каралевіч. – Белыя павучыхі не любяць, калі з нейкай прычыны забываюцца на жыццё. Без гэтага покрыва ты стала перад павукамі як аголеная. Ты занадта сканцэнтравалася на сваім горы, перастала бачыць  свет, таму і трапіла ў Інтэрнэт. Тут ты, на сваю бяду, падышла да вялікага Чорнага Цара і зірнула яму ў вочы. Ты не ведала, што гэтага рабіць нельга. Ён жа – Цар жаху. Да таго ж ты апынулася перад ім аголенай, без белага покрывачым выклікала  яго моцны гнеў, і ён аплёў цябе сваім павуціннем, быццам праклёнам. Цяпер тваё цела само стала прадметам працы. Яно павінна заўсёды знаходзіцца пад уздзеяннем электрычных разрадаў і даваць на іх рэакцыю: скарачэнне цягліцаў, кіпенне крыві… Гэта вельмі хутка знясільвае арганізм і прыводзіць да смерці. Але, калі я ўбачыў, як ты нерухома ляжала пад скіраваным на цябе гневам Чорнага Цара, мне стала шкада цябе. Я – зялёны павук, носьбіт розуму. Я даў табе веды пра Інтэрнэт, і цябе абвіла зялёная нітка. Яна змякчыць дзеянне чорнага павуціння, адцягне ад цела частку электрычнасці.

Вольга паглядзела на сябе. Сапраўды, на чорным хітоне з’явіўся і зялёны. Удары электрычных разрадаў адчуваліся слабей, нібыта прыглушана.

– І што мне далей рабіць? – спытала яна ўжо значна цвярдзейшым голасам.

– Давай пакуль проста пагутарым. І я падумаю, як дапамагчы табе.

Зялёны Каралевіч распавёў дзяўчыне яшчэ шмат чаго. Ён казаў пра ўладкаванне светабудовы, пра таямніцы космасу, тлумачыў загадкі сусветнай гісторыі. Вольга слухала гэта, як цудоўную казку. Па меры таго, як Каралевіч гаварыў, зялёнае палатно на яе целе рабілася ўсё таўсцейшым, усё больш трывалым, электрычнасць амаль перастала на яе ўплываць. Да Вольгі вярталіся сілы. Яна жыва рэагавала на пачутае, выказваючы здзіўленне, спалох, захапленне.

– Цяпер ты раскажы пра сябе, – прапанаваў Зялёны Каралевіч.

Дзяўчыну ахапіла пачуццё нейкага дзівоснага даверу, і яна пачала аповед з дзяцінства. Апісала дзівацтвы, якія вырабляла, – а іх было нямала! Расказала, як даглядала хворую галубку, як у вёсцы ў бабулі ўладкоўвала магілу памерламу кураняці, як разам з сяброўкамі стварыла таемную арганізацыю для пошуку іншапланецянаў. Потым перайшла да сучаснасці. У падрабязнасцях распавяла гісторыю ўзаемаадносінаў з Уладам.

– Ты – дзяўчына з жывым сэрцам і дапытлівым розумам, – сказаў Зялёны Каралевіч напрыканцы іх гутаркі. – Ты мне сімпатычная. У мяне выклікае спачуванне трагедыя твайго кахання. Я хачу што-небудзь для цябе зрабіць. Калі ты выйдзеш з Інтэрнэту, табе сустрэнецца хлопец, у якім – часцінка маёй свядомасці. Ён пакахае цябе. Твая душэўная рана зацягнецца, і ў цябе болей не будзе нагоды забываць пра жыццё і трапляць да павукоў.

– Але як мне выйсці з Інтэрнэту?

– Дзеля гэтага ты сама мусіш захацець вярнуцца ў жыццё. Акрамя таго, з цябе павінен быць зняты праклён Чорнага Цара. Зрабіць гэта здольная толькі вялікая Белая Царыца, калі абаўе цябе сваёй ніткай. Каб яна пашкадавала цябе, патрэбная просьба каго-небудзь з яе малодшых сёстраў. Я сябрую з адной белай павучыхай і паспрабую ўгаварыць яе дапамагчы табе.

Далей Зялёны Каралевіч паведаміў, што дабрацца да яе будзе складана. Бо, пакуль на дзяўчыне праклён Чорнага Цара, усе чорныя павукі будуць лічыць яе за мішэнь і імкнуцца ўджаліць  – ударыць электрычнасцю. Трэба пастарацца не трапіць ім на вочы.

 – А як я ўвогуле апынулася тут? Чаму я не побач з вялікім чорным павуціннем?

– Цябе перамясцілі служкі вялікага Цара, каб ты не раздражняла яго сваім выглядам. Аднеслі далей ад яго вачэй.

Вольга ўжо адчувала сябе дастаткова добра і здолела ўстаць. Яна заўважыла, што можа даволі ўпэўнена рухацца.

– Хадзем! – скамандаваў Зялёны Каралевіч.

Спачатку яны ішлі па адкрытай прасторы, неўзабаве зноў з’явілася павуцінне. Зялёны Каралевіч вёў дзяўчыну пакручастым шляхам, які абыходзіў жытло чорных павукоў. Усё ж пазбегнуць небяспекі ў іх не атрымалася. Збоку мільганула спляценне чорных нітак. “Асцярожна, ціха, каб чорны павук нас не пачуў!” – прашаптаў Зялёны Каралевіч. Але было запозна. Побач з імі стаяў смуглявы мужчына з чорнымі валасамі і злосным павучыным тварам. Ён напружана ўзіраўся ў Вольгу. “Бяжым!” – таргануў яе за руку Зялёны Каралевіч. Яна пабегла з усіх ног услед за сваім імклівым правадніком. Аказалася, што ў Вольгі ўжо дастаткова для гэтага моцы. Аднак такое адчуванне цягнулася нядоўга. У горле перасохла, сэрца надрыўна закалацілася, і дзяўчына адчула, што ўпадзе мёртвай, калі не спыніцца. Але нейкім звышнамаганнем яна працягвала бегчы. Да чорнага павука далучыліся сабраты, і за ўцекачамі нёсся ўжо цэлы натоўп смуглявых людзей з павучынымі тварамі.

Вольга з Зялёным Каралевічам падбягалі да белага павуціння. На ім сядзела, як падалося дзяўчыне на першы погляд, вельмі вытанчаная дама з абсалютна белым тварам і беласнежнымі валасамі. “Маранда, дапамажы!” – крыкнуў даме Зялёны Каралевіч. Дама падняла руку з вялікім белым пярсцёнкам на пальцы і зрабіла нейкі знак. Перад натоўпам чорных павукоў бліснула белая маланка. Яны спыніліся, нейкі час сярдзіта перамаўляліся, а потым паступова разышліся.

          – Ты прывёў да мяне чалавека? – запыталася Маранда. Яна пільна глядзела на Вольгу, і дзяўчыне падалося, што белая павучыха выцягнула вонкі ейны ўнутраны свет, як выцягваюць шуфлядку, і разглядае яго. Вольга ў адказ угледзелася ў вытанчаную даму і вырашыла, што яе можна назваць увасабленнем пачуццёвасці. Стваралася ўражанне, што пачуццёвасць напаўняе яе, як паветра – туга надзьмуты паветраны шарык.

Зялёны Каралевіч распавёў Марандзе гісторыю Вольгі. У позірку белай павучыхі з’явіўся агеньчык рэўнасці.

– Добра, я дапамагу табе, – звярнулася яна да Вольгі. – Але ўзамен ты мусіш аддаць хлопца, якога паабяцаў табе мой сябар. Зялёны Каралевіч – носьбіт высокай свядомасці. Людзі, у якіх яго часцінка, – годныя і цікавыя. Яны разумныя, арыгінальныя, высакародныя, добрыя. Вялікае шчасце – каб цябе пакахаў такі хлопец. І, магчыма, калі б ты не паглыбілася ў сваё гора і не забылася на жыццё, не трапіла ў Інтэрнэт, то сустрэла б яго і спадабалася яму. Наколькі я цябе бачу, вы маглі б пасаваць адно аднаму. Але цяпер у цябе толькі дзве магчымасці. Першая – ты не хочаш аддаваць хлопца, і я не буду прасіць за цябе вялікую Белую Царыцу. Тады ты застанешся з праклёнам Чорнага Цара і памрэш у Інтэрнэце пад джаламі чорных павукоў. Але гэты хлопец адчуе, што недзе ёсць такая дзяўчына, як ты, і будзе шукаць цябе ўсё жыццё. Ён не пакахае па-сапраўднаму аніводную з  дзяўчат, адчуваючы ў глыбіні душы твой вобраз, будзе імкнуцца да цябе, але ніколі цябе не сустрэне. Да самай смерці ён будзе па табе сумаваць. Другая магчымасць – я папрашу за цябе, і ты выйдзеш з Інтэрнэту. Але гэты хлопец пакахае не цябе, а адну з маіх падапечных, у якой – часцінка маёй свядомасці. А вось ты закахаешся ў яго і будзеш пакутаваць. Усе веды, перададзеныя табе Зялёным Каралевічам, ты забудзешся.

Вольгу ахапіла пачуццё жудаснай страты. Яна адчула, быццам дакранулася да чагосьці невымоўна прыгожага, што назаўсёды застанецца для яе недасяжным. Але дзяўчына думала нядоўга. Яна яскрава ўсвядоміла, які, па сутнасці, невялікі мае выбар, і зрабіла яго: “Я згодная з тваёй умовай!” Калі Вольга выйдзе з Інтэрнэту, дык будзе адна. Колькі часу – невядома. Але зямное жыццё, няхай і з пакутамі, лепшае за смерць сярод павукоў.

…Вольга апрытомнела на падлозе кватэры. У галаве квола шумела, цела ныла. Усё ж яна здолела падняцца. Унутры свядомасці роем лёталі слабыя ўспаміны пра нядаўнія прыгоды, але быццам скрозь смугу. Настойлівы голас казаў пра неабходнасць паўсядзённых спраў. Вольга прыняла душ, зварыла макароны, зрабіла гарбату, паела. “Хутка мяне зноў чакаюць любоўныя перажыванні, – думала яна, – але пакуль можна крыху адпачыць”.

Дзяўчыне захацелася зайсці на сайт знаёмстваў. Яна ўключыла камп’ютар і прагледзела  новыя падабайкі. Сайт  запытваў стаўленне ў адказ, прапануючы націснуць кнопкі “падабаецца ўзаемна” альбо “не падабаецца”. Сярод тых, хто выказаў ёй сімпатыю, аказаўся сівенькі дзядулька, які на фотаздымку сядзеў, відавочна, разам з унучкай. “Бач ты, дзядок, павёўся на сексі-фотку! – мільганула думка ў галаве ў Вольгі. – Сівізна ў бараду, а чорт у галаву!” Першым яе жаданнем было націснуць кнопку “не падабаецца”.

 Але раптам яна спынілася. У дзядулевым абліччы Вольга нечакана пабачыла нешта вельмі мілае. Ён з яўным гонарам абдымаў сваю ўнучку. І дзяўчынка такая забаўная, з надзьмутымі шчокамі… Вольга ўявіла, як, атрымаўшы ад яе “не падабаецца”, дзядуля ўздыхне і падумае: “Вядома ж, чаго яшчэ можна было чакаць?”– згадае пра тое, што ён – стары. І ёй не захацелася, каб па яе віне чалавек зведаў такія пачуцці. Лепей няхай дзядок усміхнецца, атрымаўшы выказванне сімпатыі, хоць яно і мімалётнае, і зусім ні да чаго не абавязвае. Вольга яшчэ крыху павагалася і націснула  “падабаецца ўзаемна”. Калі-небудзь і для яе надыдзе час усміхацца.

Надрукавана ў “Маладосці” № 1 за 2016 год.

Прочитано 489 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии