Среда, 20 09 2017
Войти Регистрация

Войти в аккаунт

Логин *
Пароль *
Запомнить меня

Создать аккаунт

Обязательные поля помечены звездочкой (*).
Имя *
Логин *
Пароль *
Подтверждение пароля *
Email *
Подтверждение email *
Защита от ботов *

Ад Скарыны — да Нацыянальнага Пантэона

  • Четверг, 14 сентября 2017 00:22
 
У выдатнага французскага фiлосафа Жана–Поля Сартра ёсць запамiнальная сентэнцыя: «Слава — сонца мёртвых». Менавiта тое адбываецца з Францiшкам Скарынам. I хоць слава пасмяротная не грэе самога беларускага першадрукара, яна патрэбная яго народу як духоўнае апiрышча ва ўмовах завяршэння фармiравання беларускага этнаса як нацыi.

 
Мемарыяльная дошка ў гонар Скарыны ў Падуанскім універсітэце, адкрытая 20 кастрычніка 1992 года

Адна з самых вялiкiх iлюзiй нашага грамадства да пачатку 1990–х гадоў заключалася ў тым, што Беларусь, як краiна, што падпiсала Статут ААН, шырока i добра вядома ў свеце. Але гэта быў трывiяльны прапагандысцкi штамп, разлiчаны на ўнутранае выкарыстанне, якi адпаведна спараджаў фантомнае ўяўленне дзяржаўнасцi. У рэальнасцi Беларусь заставалася terra incognita. Трэба было вырваць краiну з палону невядомасцi.

Упершыню я гэта добра ўсвядомiў яшчэ ў 1986 годзе, калi працаваў сакратаром Мiнскага гаркама КПБ Беларусi i стаў старшынёй аргкамiтэта горада Мiнска па святкаваннi 500–годдзя з дня народзiн Францiшка Скарыны. Ужо тады ў мяне не было ваганняў наконт стратэгiчнага накiрунку дзейнасцi камiсii — толькi адкрыццё помнiка Францiшку Скарыну ў Мiнску.

Але, каб рэалiзаваць задуманае, патрабавалася грунтоўная творчая вандроўка па мясцiнах, дзе жыў i працаваў наш вялiкi зямляк, каб пахадзiць па тых сцежках–дарожках Еўропы, па якiх калiсьцi ён крочыў.

Грошы на паездку выдаткавалi МАЗ i вытворчае аб’яднанне «Гарызонт». Дзякуй iм! I ранiцай 30 лiпеня 1989 года наша дэлегацыя ў складзе 42 чалавек (у тым лiку секцыя скульптараў Саюза мастакоў БССР практычна ў поўным складзе) ад’ехала ў Прагу.

За пяць дзён у Празе дэлегацыя наведала ўсе скарынаўскiя мясцiны: Градчаны, Старое Месца, Карлаўскi ўнiверсiтэт (Каралiнум), «летоградэк» (летнi палац каралевы Ганны, побач з якiм хутчэй за ўсё менавiта Скарына закладваў каралеўскi сад), Славянскую бiблiятэку. Там мне пашчасцiла знайсцi невядомы артыкул Уладзiмiра Жылкi «Да 400–х угодкаў друку на Беларусi», дзе ён прапаноўваў пачаць збор сродкаў на помнiк Скарыну ў Вiльнi. У найноўшай гiсторыi Беларусi гэта была першая спроба паставiць пытанне аб увекавечваннi памяцi першадрукара i адкрыццi яму помнiка.

У час вандроўкi i нарадзiлася iдэя ўшанаваць памяць нашага асветнiка не толькi ў Мiнску, але ў Кракаве, Празе i Падуi. У пражскiм гаркаме КП Чэхаславакii, а таксама ў Карлаўскiм унiверсiтэце адбылiся ў цэлым спрыяльныя для нас перамовы, звязаныя з адкрыццём мемарыяльных шыльдаў на будынку Каралiнума. Але мы замахнулiся на большае — на помнiк у каралеўскiм садзе каля палаца каралевы Ганны! Зразумела, за некалькi дзён такiя маштабныя пытаннi паспяхова вырашыць немагчыма. Таму праз два месяцы, ў лiстападзе 1989 года, я ўзяў адпачынак за свой кошт i зноў выправiўся ў Прагу, дзе сустрэў падтрымку iдэi адкрыцця помнiка каля «летоградэка».

Аднак хутка Чэхiю напаткала «аксамiтная рэвалюцыя». Да ўлады прыйшлi iншыя людзi. I новы прыматар (мэр) Прагi, гледзячы мне ў вочы, карэктна, але жорстка заявiў: маўляў, у Празе «яшчэ добра помняць савецкiя танкi, якiя ўварвалiся да нас у 1968 годзе». Ледзь стрымлiваючы сябе, пытаюся: пры чым тут Беларусь, Мiнск? Тым больш якое дачыненне мае Скарына? У адказ чую: Беларусь — частка Савецкага Саюза, яе кiраўнiцтва падтрымала ўвод савецкiх войск, а былы кiраўнiк рэспублiкi — Кiрыл Мазураў — дык увогуле персанальна кiраваў ваенна–палiтычнай аперацыяй. Пытанне аб помнiку ў Празе павiсла ў паветры.

Роўна праз год, ужо ў якасцi мiнiстра замежных спраў, лячу з Нью–Ёрка ў Прагу на сустрэчу з прэзiдэнтам Вацлавам Гавелам, ад якога атрымаў асабiстае запрашэнне. Па дарозе, у Лондане, у час пераезду з аэрапорта «Хiтроў» у «Гатвiк» адбываецца незабывальная гiсторыя. Перасякаючы мяжу з дыпламатычным пашпартам, нарываюся на спробу англiйскага памежнiка дагледзець мяне. Заяўляю пратэст. Старшы па змене доўга круцiць у руках дакумент з гербам СССР. Потым скрозь зубы цэдзiць: «Сапраўды мiнiстр... Праўда, нiяк не магу зразумець, якой дзяржавы».

Але на наступны дзень я адчуў шчырую сiмпатыю Вацлава Гавела да Беларусi, яе народа i iнтэлiгенцыi. Уручыў прэзiдэнту Чэхii медаль Францыска Скарыны, а таксама факсiмiльнае выданне скарынаўскай Бiблii са словамi глыбокай падзякi ад iмя беларускага народа.

Я не стаў скардзiцца прэзiдэнту на прыматара Прагi i тым больш непасрэдна прасiць дапамогi i ўмяшальнiцтва. Але распавёў гiсторыю нашых вандровак i тое, што мы пакуль не можам адкрыць тут помнiк Скарыну. На наступны дзень, а 8–й ранiцы, мне ў нумар гатэля патэлефанавалi i запрасiлi на сустрэчу... з прыматарам.

Аднак праз некалькi месяцаў — навiна: супраць помнiка выступiла адмiнiстрацыя таго раёна горада, дзе планавалася яго ўсталяваць. Пачалося зацятае шасцiгадовае процiстаянне.

З 1992 па 1994 год наша мiнiстэрства накiравала звыш 20 цыркулярных нот у адрас МЗС Чэхii. Я сустракаўся з мiнiстрамi замежных спраў Чэхii на ўсiх мiжнародных пляцоўках i канферэнцыях, дзе толькi магчыма. Аднак тыя толькi разводзiлi рукамi... Спатрэбiлася яшчэ амаль два гады, каб у рэшцэ рэшт атрымаць станоўчы адказ на пытанне, узнятае ў жнiўнi 1989 года.

 
Помнік Скарыну ў Празе, адкрыты 31 кастрычніка 1996 года

Гэты дзень я не забуду нiколi. 31 кастрычнiка 1996 года ў якасцi старшынi камiсii па мiжнародных справах Вярхоўнага Савета 13–га склiкання прымаю ўдзел ва ўрачыстым адкрыццi ў Градчанах помнiка нашаму вялiкаму навукоўцу, кнiгадрукару i асветнiку. За гадзiну да таго разам з Валерыем Янушкевiчам i Эдуардам Астаф’евым (аўтарам помнiка ў Празе) выконваем ганаровае даручэнне полацкай грамадскасцi i закопваем пад фундамент гаршчэчак з зямлёй з малой радзiмы першадрукара, зверху на яго ставiм iконкi i кладзём iншыя мемарыяльныя рэчы. Пакуль не знойдзены святы для нас прах Скарыны, тут яго сiмвалiчная магiла. I ў момант урачыстага адкрыцця, здаецца, не было больш шчаслiвага чалавека на свеце, чым я. Перамагла жыццёвая праўда! Перамог Францiшак Скарына! Але спатрэбiлася восем гадоў, каб прайсцi гэтым нялёгкiм шляхам i паспяхова завершыць яго.

У той жа дзень мемарыяльную дошку ўрачыста адкрылi i на будынку Каралiнума, дзе ў Сярэднявеччы месцiўся медыцынскi факультэт i дзе, верагодна, мог вывучаць медыцыну наш зямляк.

Наперадзе ў нас новы юбiлей — 500–годдзе пачатку друкавання на тэрыторыi ВКЛ. Добра ведаючы спецыфiку ЮНЕСКА, хачу адзначыць: працу па ўключэннi гэтай даты ў яе каляндар трэба пачынаць ужо сёння. Прычым было б вельмi прыгожа i канструктыўна, каб адразу дзве дзяржавы — Беларусь i Лiтва — адначасова ўнеслi адпаведную прапанову на разгляд ЮНЕСКА. Да гэтай славутай даты, якая яднае нас i лiтоўцаў, было б вельмi добра ўсталяваць новы помнiк Францiшку Скарыну ў Вiльнi, пра што марыў амаль стагоддзе таму Уладзiмiр Жылка. Вялiкi першадрукар заслугоўвае гэтага. У 2005 — 2008 гадах мне давялося весцi перамовы наконт стварэння адначасова ў Вiльнi i ў Мiнску фонду Францiшка Скарыны. Можа, настаў час вярнуцца i да той справы?

Менавiта ў Празе ў 1989 годзе ў мяне i маiх аднадумцаў узнiкла думка пра пошук магiлы Скарыны, а таксама пра стварэнне адмысловага Нацыянальнага Пантэона ў Беларусi. Канкрэтызаваная i сфармуляваная ўпершыню iдэя прагучала ў час майго выступлення 20 кастрычнiка 1992 года ў Падуанскiм унiверсiтэце: «Я мару пра тое, што некалi здзейснiцца амаль немагчымае: мы знойдзем святы прах Францiшка Скарыны. Зной-дзем i з гонарам перанясём яго ў Нацыянальны Пантэон, якi павiнна мець кожная цывiлiзаваная нацыя. Перанясём туды ўсiх тых, хто з’яўляецца гонарам i сумленнем нацыi. Перанясём, каб нiколi не забываць пра свае каранi, пра сваю чалавечую годнасць, пра тое, што мацнеем як народ». Сёння ж, мяркую, ад самаахвярнасцi асобных навукоўцаў i грамадскiх арганiзацый трэба пераходзiць да распрацоўкi i прыняцця дзяржаўнай праграмы па пошуку магiлы Францiшка Скарыны. Варта было б разгледзець магчымасць арганiзацыi ў структуры МЗС Беларусi аддзела па рэстытуцыi культурных каштоўнасцей (дарэчы, якi ўжо многiя гады iснуе ў МЗС Польшчы), дзе б каардынавалi i кантралявалi выкананне дзяржаўнай праграмы па пошуках магiлы Скарыны.

Лiчу, прыспеў час i шырокага грамадскага абмеркавання магчымасцi стварэння Нацыянальнага Пантэона. І, калi пацвердзiцца, што ў Вiльнi знойдзены святы для нас прах Кастуся Калiноўскага, Беларусь не можа не паставiць пытанне аб вяртаннi яго на Радзiму.

Дарэчы, сёлета, з 8 па 17 кастрычнiка, фондам «Спадчына Мiхаiла Клеафаса Агiнскага» i Беларускiм фондам культуры плануецца правесцi трансгранiчны культуралагiчны праект пад назвай «Шляхамi Скарыны: да 500–годдзя выдання Пражскай Бiблii». Мы збiраемся наведаць мемарыяльныя мясцiны нашага земляка, ускласцi кветкi ў Кракаўскiм унiверсiтэце, да помнiка Скарыну ў Празе, да мемарыяльнай шыльды ў Падуанскiм унiверсiтэце. Плануецца таксама паездка ў Фларэнцыю, дзе адбудуцца мемарыяльны канцэрт у Нацыянальным Пантэоне Iталii (сабор Санта–Крочэ) i ўскладанне там кветак да магiлы Мiхаiла Клеафаса Агiнскага. Карыстаючыся нагодай, хацелася б падзякаваць прадстаўнiцтву Еўрапейскага саюза ў Рэспублiцы Беларусь за фiнансавую падтрымку гэтага праекта.

Пётр КРАЎЧАНКА, мiнiстр замежных спраў у 1990 — 1994 гг

Крынiца: СБ

Прочитано 265 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии