Четверг, 15 11 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Міхась Лойка - вялікі матэматык з Ярэміч

  • Вторник, 21 ноября 2017 08:54

У 1920-я гады ў Маскве вучылася шмат выхадцаў з Беларусі, якія ехалі ў расійскую сталіцу набываць веды, каб потым аддаць іх на карысць Бацькаўшчыне. У склад беларускага зямляцтва ў Маскве ўваходзіла тады больш за тысячу чалавек, для якіх арганізоўваліся сходы і гурткі, дзе можна было прайсці курс беларусазнаўства, пазнаёміцца з гісторыяй і эканомікай сельскай гаспадаркі Беларусі. Акрамя таго, у вышэйшых навучальных установах наладжваліся вечары для знаёмства з беларускай культурай. У гэты ж час у Маскве дзейнічала беларуская тэатральная студыя, спектаклі якой з задавальненнем наведвалі нашы землякі. Сярод іх і Міхась Лойка — будучы вялікі беларускі эканаміст, географ і матэматык родам з вёскі Ярэмічы Карэліцкага раёна.

Вялікім поспехам карысталіся ў слухачоў выступленні беларускага хору, арганізаванага ў Маскве Міколам Равенскім. Першае выступленне гэтага хору адбылося ў маі 1924 года ў Камуністычным універсітэце нацыянальных меншасцей Захаду, дзе ў той час працаваў Міхась Лойка. На беларускім вечары, наладжаным Белсектарам для студэнцтва ўніверсітэта і беларускага зямляцтва, наш зямляк глядзеў драму Васіля Гарбацэвіча «Чырвоныя кветкі Беларусі». Не абмінуў сваёй увагай і выстаўку беларускага друку.

Невыпадкова ў 1924 годзе Міхась Лойка быў абраны правадзейным членам Інстытута беларускай культуры ў Мінску.

У гэты ж час ён пачаў працу над падручнікам «Першыя крокі ў матэматыцы». Кніга выйшла ў 1924 годзе на беларускай мове, а ў наступным годзе была перавыдадзена.

У 1926 годзе наш зямляк вярнуўся ў Беларусь, дзе пачаў працаваць выкладчыкам эканамічнай геаграфіі ў Камуністычным універсітэце Беларусі імя Леніна. У 1932 годзе гэта навучальная ўстанова была рэарганізавана ў Вышэйшую сельскагаспадарчую школу Беларусі. Тады ж Міхась Фёдаравіч дапрацаваў той падручнік матэматыкі, які выйшаў раней, напісаў яго другую частку і выдаў у Мінску з дадаткамі і папраўкамі. Адначасова ў Дзяржаўным выдавецтве Беларусі ўбачыў свет яго новы падручнік «Матэматыка (працоўная кніга)». У прадмове да гэтага падручніка аўтар паведамляў, што ён «напісаны для першага году навучання ў беларускай школе». Матэрыял у падручніку размеркаваны па тэмах, блізкіх і зразумелых дзецям. Каб зацікавіць школьнікаў прадметам, аўтар выкарыстоўваў матэматычныя гульні, задачы-жарты і загадкі. У прадмове ён звяртаецца да настаўнікаў з просьбай дасылаць яму карысныя заўвагі, якія дазволяць зрабіць падручнік больш дасканалым.

У пачатку 1930-х гадоў вучоны працягваў плённа працаваць, ствараў новыя кнігі. Так, у 1930 годзе ў Беларускім дзяржаўным выдавецтве выходзяць яго падручнікі «Беларуская ССР у задачах. Рабочая кніга па матэматыцы» і «Наш калгас. Рабочая кніга па матэматыцы», у 1931 годзе — «Рабочая кніга па матэматыцы», у 1932 годзе — «Матэматычны задачнік».

У 1931 годзе ў Беларускай АН быў арганізаваны Інстытут эканомікі. Загадчыкам кафедры эканамічнай геаграфіі ў гэтым інстытуце быў прызначаны Міхась Лойка. Неўзабаве ён стаў вучоным сакратаром, а затым намеснікам дырэктара Інстытута эканомікі. Пазней узначаліў кафедру эканамічнай геаграфіі Мінскага педінстытута. У 1935 годзе стаў дэканам геаграфічнага факультэта гэтай навучальнай установы. У 1930-я гады ўбачылі свет яго навуковыя працы, падручнік па геаграфіі «Геаграфія (фізічная і палітычная карта свету)», створаны вучоным разам з Т. Езавітам і А. Сакольчыкам.

У пратаколах пасяджэнняў Прэзідыума АН БССР захаваліся звесткі аб тым, што ў 1934 годзе Цэнтральнае бюро краязнаўства Масквы звярталася туды з просьбаю выслаць фізічную карту БССР пад рэдакцыяй Міхася Лойкі.

Вучоны ўваходзіў у склад рэдакцыйнай калегіі па выданні «Вялікага атласа БССР», адкуль быў выведзены пастанаўленнем Прэзідыума АН БССР у красавіку 1936 года. І невыпадкова: над галавой яго ўжо згусціліся хмары. У 1937 годзе нашага земляка рэпрэсавалі. Так у 45-гадовым узросце загінуў адзін з таленавітых беларускіх вучоных, які стаяў каля вытокаў беларускай навукі. І толькі праз 20 гадоў Міхась Лойка быў пасмяротна рэабілітаваны. У Год навукі хочацца яшчэ раз нагадаць яго імя.

Святлана КОШУР

Крынiца: Звязда

Прочитано 304 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии