Воскресенье, 18 11 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Друкуецца ў "Полымі". Мікола Адам. "…І прыдбаў гэты дом"

Урывак з рамана-рэфлексіі

Маме Вольге Яўгенаўне і бацьку Міхаілу Іванавічу прысвячаю

Калі мы пераехалі ў Вёску, мне было чатырнаццаць. Спачатку адправілі кантэйнер з рэчамі, вынесенымі з трохпакаёвай кватэры на трэцім паверсе пяціпавярховіка, што стаяў па вуліцы Паркавай у горадзе Шахцінску Карагандзінскай вобласці. Пасля былі пералёт з Казахстана ў Беларусь з перасадкай у Маскве, амаль двухгадзінная дарога з Мінска (у Брэсцкім напрамку) да райцэнтра электрычкай, а затым аўтобусны маршрут «Райцэнтр — Вёска». Мы менавіта пераехалі, нават эмігравалі, але ніяк не вярнуліся. Бо як можа вярнуцца кантэйнер туды, адкуль яго не адпраўлялі? Гэта толькі мой бацька вярнуўся, таму што ў Вёсцы жылі яго бацькі, таму што ў Вёсцы ён скончыў школу, пасля пайшоў працаваць на цагельню. З Вёскі яго забралі ў войска і менавіта з яе ён паехаў на заробкі ў Казахстан, дзе і затрымаўся надоўга, сустрэўшы там маю маму. Аднак і бацьку цалкам мясцовым было цяжка назваць, бо яго ў Вёску прывезла ягоная маці з Карэлафінска, куды з’язджала ў пошуках лепшай долі, дзе пазнаёмілася з маім дзедам, які жыў там на вольным пасяленні пасля адбыцця турэмнага зняволення за тое, што меў няправільнае прозвішча і забароненае, нават непрымальнае і непатрэбнае для савецкага чалавека нямецкае прозвішча Адам…

Бацька — невысокага росту, але шырокі ў плячах мацак з бледна-блакітнымі, як зімовае неба, вачыма і дужымі валасатымі рукамі з лапатамі далоняў. Ён вельмі любіў, калі мы былі малымі, гуляць у баксёраў. Не ведаю, ці было бацьку балюча, але мы, як памятаю, малацілі па ягоным жываце са страшнай сілай, асабліва шчыраваў брат. Ён нават умудраўся трапляць па ім нагамі. Бацька заліваўся шчаслівым рогатам ад нашага сапення і сур’ёзных сканцэнтраваных твараў, падазраю, што ганарыўся сынамі, якія не ў лялькі гуляліся, а вучыліся быць мужчынамі. Ён сам быў байцовым, паважаў загартаванасць і моц. Брат у гэтым яго не расчараваў. Я ж ніколі біцца не любіў і не люблю. Больш за тое, баюся і лічу, што бойкі для ідыётаў, бо разумныя людзі заўсёды дамовяцца паміж сабой. Тым не менш біцца даводзілася, бо выхаваў мяне ўсё ж байцовы бацька. Я абавязкова прапушчу першыя ўдары, але таксама абавязкова на іх адкажу, пераадольваючы страх. Зразумела, што да такіх высноў я прыйшоў не адразу і не ў дзіцячыя гады.

Бацька ж, як і мой брат, да дзвюх ніколі не лічылі. Калі бачылі, што бойка непазбежная, — білі першымі. Нічога прыгожага ў некіношных бойках няма. Дваровыя бойкі жорсткія, заўсёды не па правілах, крывавыя і, часцей за ўсё, кароткія. Але мой бацька і мой брат у гэтых бойках выглядалі Аляксандрамі Македонскімі ці нават Арэсамі — багамі вайны. Ёсць такія людзі, ад якіх не адвесці вачэй, калі тыя апынаюцца ў падобных абставінах, нібыта ім дадзена гэта звыш.

Дык вось, у Казахстане жыла малодшая бабіна сястра Груня, да яе ён пасля вайска і паехаў. Бацькава цётка Груня была самой малодшай з дванаццаці дзяцей, якіх жыццё, калі тыя выраслі, разнесла, быццам пасеяла, па розных кутах былого Савецкага Саюза. Яна ж бацьку, лічы, і выняньчыла, бо дзед Іван з бабай Марусяй крыху пабылі ў Вёсцы пасля Карэлафінска і неўзабаве зноў туды з’ехалі. Пасля заканчэння школы цётка Груня з сястрой-пагодкам Соняй паступілі ў Мінскае медвучылішча. Маючы на дваіх адны туфлі і адну святочную сукенку, на танцы ў Дом культуры хадзілі па чарзе. Соня знайшла там сабе баяніста Толіка і засталася ў Мінску, працавала доўгі час медсястрой у дзіцячай паліклініцы на Сонечнай і здавала кроў на патрэбу людзям, за што атрымала званне Ганаровага донара БССР. У Груню закахаўся салдат тэрміновай службы з вайсковай часці, што размяшчалася ў райцэнтры. Пазнаёміліся ж яны ў Вёсцы, у час вайсковых вучэнняў. Праз Вёску часта праходзілі войскі ў тую пару: пехацінскія, танкавыя, мотастралковыя і нават дэсантныя. Паглядзець на баявую тэхніку і салдат з афіцэрамі мінакі выходзілі ўсім дваром, цікаўныя дзяўчаты выскоквалі бліжэй да дарогі, па якой пылілі вайскоўцы. Цётка Груня не была выключэннем. Яна якраз прыехала ў Вёску на летнія вакацыі паднабрацца сіл перад апошнім курсам вучобы. Вылучаючыся з усіх сясцёр непадробнай прыгажосцю, ёй бы ў артысткі кіно падацца. Не горш за Быстрыцкую справілася б з роляй Аксінні ці за Гурчанку ў «Карнавальнай ночы»: умела і спяваць так, што заслухоўваліся нават дрэвы і вецер, і танчыць гэтак, што сама Айседора Дункан пазайздросціла б. А выбрала прафесію фельчшара, больш патрэбную маладой савецкай краіне, чым артысткі. Да таго ж артысты — людзі недасяжныя, незямныя, куды цётцы Груні да іх — вельмі нават зямной, хоць і прыгажэйшай за будзь якую артыстку.

Дзядзька Жэня, як пабачыў цётку Груню ўпершыню, — забыўся, што ён салдат і ідзе шараговым байцом у агульнай калоне. На мулкіх нагах ён выйшаў з калоны, нягледзячы на выкрыкі старшыны вярнуцца ў строй і пагрозы гаўптвахтай. Цётка Груня стаяла пад разгалістай чаромхай, што расла каля двара і непадалёк ад дарогі, па якой праходзілі войскі, праводзячы позіркам ці не кожнага з тых, хто ішоў па дарозе, уяўляла, магчыма, сябе гераіняй ваеннага кінафільма, якая чакала пад чаромхай свайго каханага, героя-пераможца фашыстоўскай хеўры. Дзядзька Жэня падышоў да яе нячутна і бухнуўся каля яе ног проста на калені. Цётка Груня нават спалохалася спачатку, запатрабавала, каб ён зараз жа ўставаў. Аднак дзіўны салдат не варушыўся і нічога не казаў, адно пазіраў ва ўсе вочы на яе. Ёй спадабаўся яго позірк, яна апусцілася на калені побач з ім, узяла за рукі. Так яны пазнаёміліся. Затым да іх падбеглі старшына і два салдаты і адцягнулі ад цёткі Груні дзядзьку Жэню. Але ён ужо ведаў яе імя і тое, што жыве яна ў двары за гэтай цудоўнай чаромхай.

Дзядзька Жэня з’явіўся праз некалькі тыдняў, прыехаў у Вёску на веласіпедзе. Дзе ён узяў так званы транспарт, не прызнаваўся. Яны пачалі сустракацца. Пасля цётка Груня выйшла за яго замуж, іх распісалі ў мясцовым сельсавеце. У дзень вяселля дзядзьку Жэню давялося зняць вайсковую форму і апрануць штаны дзеда Івана, якія на ім выглядалі як шорты (дзед Іван быў такога ж росту, як і мой бацька, а дзядзька Жэня падпіраў галавою столь і нагадваў белабрысага Пятра Першага ў маладосці). Адслужыўшы, ён забраў маладую жонку з сабой і звёз у Тэнтэкскі стэп.

 

Тэнтэк — рабочы пасёлак, які ўзнік у 1955 годзе ў сувязі з засваеннем Тэнтэкскага месцанараджэння высакаякаснага каксуючагася вугаля, адкрыццё залежаў якога адбылося ў 1949 годзе геолагамі Фішманам і Думглерам у раёне рэчкі Тэнтэк на глыбіні 250 метраў. У 1961 годзе пасёлак перайменавалі ў горад і назвалі яго Шахцінскам, які паступова набыў статус райцэнтра. Акрамя чатырох шахт — Казахстанскай, Шахцінскай, Тэнтэкскай і імя Леніна, размешчаных вакол горада, у ім меліся Домабудаўнічы камбінат, Пасажырскае аўтатранспартнае прадпрыемства, два будаўнічыя камбінаты бытавога абслугоўвання, Электрамеханічны завод, Завод сінтэтычна-мыючых сродкаў (СМС), тэхналагічны і горна-індустрыяльны тэхнікумы, тры кінатэатры, тэатр, Дом культуры гарнякоў, зразумела, бібліятэкі, бальніца, паліклінікі, школы і дзіцячыя сады. Падзелены на кварталы і мікрараёны, Шахцінск ветліва ўсміхаўся кожнаму жыхару высокімі новабудоўлямі, гасціннымі крамамі, чыстымі тратуарамі, вялікімі і багатымі дзіцячымі пляцоўкамі ў дварах. Ад Караганды Шахцінск аддзялялі пяцьдзясят кіламетраў па ўсходне-заходняму накірунку, ад бліжэйшай чыгуначнай станцыі Карабас — дваццаць восем кіламетраў на захад. У склад горада ўваходзіла таксама чатыры населеныя пункты: Шахан, Навадолінскі, Долінка і Паўночна-Заходні.

Бацьку тут спадабалася ўсё з першага позірку, асабліва шматнацыянальнае насельніцтва. Яму нават падалося, што Шахцінск — сэрца Савецкага Саюза, бо ў горадзе жылі прадстаўнікі ўсіх савецкіх рэспублік, больш за тое — народнасцей. Побач адзін з адным суіснавалі чачэнцы і рускія, абхазцы і грузіны, немцы і беларусы, казахі і карэйцы, яўрэі і арабы, армяне і таджыкі, казахі і татары, украінцы і малдаване, мардвіны і ненцы, дагестанцы і чувашы… І яны не варагавалі паміж сабой, не дзялілі тэрыторыю і не падстаўлялі, злараднічаючы за спінай. Гэты горад падаваўся адзіным згуртаваным калектывам дружбы і ўзаемаразумення. Усе дапамагалі адзін аднаму, кагалам спраўлялі вяселлі, дні нараджэння і дзяржаўныя святы, тым жа складам памерлых праводзілі ў апошні шлях. Незнаёмы хвіліну таму чалавек тут праз колькі секунд размовы рабіўся лепшым сябрам да канца жыцця.

Бацька адчуваў сябе нібы нанова народжаным. Да таго ж цётка Груня з дзядзькам Жэнем прынялі яго як роднага сына і шчыра паўдзельнічалі ў далейшым лёсе пляменніка. Дзядзька Жэня працаваў шафёрам на аўтабазе, ведаў патрэбных людзей, і тыя ведалі яго. Па пятніцах у ягоным гаражы часта абмывалі ўдалы працоўны тыдзень бутэлечным, а калі-нікалі разліўным бачкавым півам. У адну з такіх пятніц ён пазнаёміў пляменніка з сябрам, які працаваў не апошнім чалавекам на Шахцінскай шахце, і той узяў бацьку да сябе ў брыгаду. Але спачатку бацька адвучыўся тры месяцы на слесара-мантажніка. Ад шахты выдзелілі пакой у інтэрнаце, і ён перабраўся туды, хаця цётка Груня з дзядзькам Жэнем не супраць былі, каб пляменнік заставаўся ў іх. Бацька б застаўся, але адчуваў сябе няёмка ў двухпакаёвай кватэры, дзе жылі, акрамя цёткі з дзядзькам, яшчэ іх два сыны-старшакласнікі. Зразумела, яму ніхто нічога не шкадаваў і любілі яго не ў пазыку, а ўсё ж, атрымаўшы інтэрнат, уздыхнуў з палёгкай. Самастойна жыць — яно заўсёды лепш. Канечне, бацька не забываўся на цётку з дзядзькам, наведваў часта, цётка Груня ж і накорміць, і напоіць, а сталоўская ежа не ішла на карысць і выклікала пякотку. Нярэдка цётка Груня адмыслова запрашала бацьку ў госці і знаёміла з якой-небудзь абавязкова незвычайнай, разумнай і працавітай красуняй. То немку прапануе — перспектыўнага хірурга з млявым позіркам, то бібліятэкарку з раскосымі вачыма і безліччу доўгіх косак да падлогі, то лейтэнанта з дзіцячага пакоя міліцыі — рыхтык здобную булачку, а то гімнастку-аматарку з мясцовага тэатра — гутаперчавую і рудавалосую. Бацьку ўвесь час здавалася, што канца-краю не будзе гэтым знаёмствам, а цётка Груня, мабыць, пераканана і напрамкі пёрла, як танк, на рэкорд па перавыкананні плана зводніцтва. Неяк бацька не вытрымаў і папытаўся ў цёткі, навошта яна гэта робіць.

— Шчасця табе хачу, — не разгубілася цётка Груня. — Дзяўчаты ўсе правераныя…

— Кім правераныя? — незалюбіў бацька.

— Часам правераныя, — зноў не разгубілася цётка Груня. — Чалавек не павінен быць адзін…

— Я не адзін, — запярэчыў бацька.

— У глабальным сэнсе, канечне, не адзін, — падтрымала цётка Груня, але збіць, як кеглю, з дыстанцыі яе разлічаны на вынік манеўр па ачалавечванні пляменніка, было немагчыма. — Ты малады прыгожы мужчына, — працягвала яна, — які павінен мець чароўны тыл у вобразе прывабнай жанчыны знешне і гейшы ў пасцелі.

— Каго? — не зусім зразумеў бацька.

— Да таго ж, адукаваны ў патрэбных месцах, — дадала цётка.

— І ўсе яны, выбраныя вамі, мне падыходзяць? — зрабіў выгляд, што задумаўся, бацька.

— Без выключэння, — пераможліва ўсміхнулася цётка Груня.

— Але выбраны яны не мной, — цвёрда сказаў бацька тады. — Не трэба, цётка, больш мяне ні з кім знаёміць! — голасна заявіў. — Няхай яны хоць будуць нават каралевамі Мазамбіка! Я сам знайду сабе нявесту. Мо памылюся, але тое будзе мая памылка. Маё шчасце — справа маіх рук, а не вашых, хоць такіх родных і блізкіх.

Цётка Груня ледзь не праслязілася ад такіх бацькавых слоў.

— Разумнееш на вачах, — прамовіла яна. — Як працуецца? — пацікавілася, імгненна пераключыўшыся на іншае, быццам тэлевізар, цётка Груня.

— Добра, — усміхнуўся бацька.

Яму падабалася на шахце, асабліва заробак. У Вёсцы яму б давялося ўкалваць як валу паўгода, каб зарабіць тую суму, якую ён зарабіў на шахце за месяц, стоячы на расслабоне на люках. І гэта ён яшчэ ў забой не хадзіў. Адзіная прыкрасць — шахта мокрая, шмат грунтавой вады.

 

Недзе праз год бацька пазнаёміўся з маці. Але перш, чым зрабіць крок насустрач да яе, тры месяцы сачыў за ёю, і ў гэтым яму дапамагала дванаццацігадовая сяброўка, якая жыла ў тым жа доме, хоць і ў іншым пад’ездзе. Яна, між іншым, і паказала, літаральна пальцам, бацьку яго будучую жонку. Можна сказаць, дзякуючы гэтаму маленькаму шпіёну, бацька з маці і сустрэліся. Калі б не малая, наўрад ці што б у іх выйшла. Яна адгукалася на імя Танюха. Танюхай сябе і называла заўсёды, калі з кім-небудзь знаёмілася. Бацька выратаваў дзяўчынку, калі тая танула. Малая паслізнулася на самаробным плыце з вечка ад вялізнай драўлянай бочкі з-пад будаўнічай аліфы і звалілася з яго ў ваду кар’ера, утворанага паводкай і бясконцымі даждждамі побач з новабудоўлямі Трыццаць першага квартала. Пройдзе час, і на падобных плытах, утвораных, аднак, не з бочак, а з будаўнічых кабельных катушак, у такіх жа кар’ерах будзем гойсаць мы з братам, уяўляючы сябе то Рабінзонамі, то піратамі, то гераічнымі абаронцамі Севастопаля, нават прымем удзел у сапраўднай марской баталіі паміж прадстаўнікамі нашага дома і суседняга. На шчасце, у той вайне ніхто не загіне, хоць кожнага яе ўдзельніка надоўга прыкуе да ложка ангіна ці свінка.

Дзяўчынцы пашанцавала, што бацька ішоў паўз новабудоўлі, побач з кар’ерам. Калі б не бацька, Танюха патанула б. Ужо цямнела, да таго ж месца, у якім яна апынулася, было бязлюдным. Бацька яе і не бачыў. Ён яе пачуў. Яе здзіўлены ўскрык, калі тая боўтнулася ў ваду. Дарэчы, брудную, мутную, з вясёлкавымі разводамі ад мазуту.

Наглытацца гэтай дрэні Танюха не паспела. Бацька выхапіў яе рыўком, быццам з кракадзілавай пашчы, што клацнула зубамі ўхаластую. Яму таксама не прыйшлося лезці ў ваду. Каля берага хапала іншых самаробных плытоў, з якіх бацька выбраў самы вялікі і павеславаў да тапельніцы. Заміж вёслаў выкарыстоўваліся доўгія (метраў за два) драўляныя шасты, таксама самаробныя і нават габляваныя. Глыбіня, між іншым, кар’ера была ўнушальная. Пры веславанні бацькаў шэст пайшоў пад ваду ці не ўвесь, ён нават спалохаўся. А дзеці ж, без усялякага прыгляду з боку дарослых, таўкліся пасля школы ў гэтым штучным моры — і нікому ніякай справы.

Карацей, выбраліся бацька з дзяўчынкай на сухое. Тая, рудая і канапатая, адразу зарумзала, як агледзела сябе, бо яе ж айчым прыб’е, калі яна з’явіцца дамоў у такім выглядзе. І бацька Танюху павёз на таксоўцы ў інтэрнат, ні на хвіліну не задумаўшыся, што пра яго могуць прыдумаць, калі пабачаць разам з мокрай дзяўчынкай. Ім кіраваў, бясспрэчна, здаровы розум. Хоць яшчэ было досыць цёпла, верасень толькі пачынаўся, дзяўчынку неабходна было атуліць цеплынёй ад шоку і ўнутранага холаду: яе трэсла, што паралітыка. Ён нічога пра яе не ведаў, але яму хапіла слоў пра айчыма, каб прыняць адзінае правільнае рашэнне. Танюха ж даверліва ўткнулася ў бацькаў бок, быццам ён, бацька, быў яе родным бацькам. Яна не захацела нікуды ад яго адыходзіць у інтэрнаце, бо ён меў намер папрасіць дапамогі ў знаёмых жанчын, а давялося ўсё рабіць самому. Добра, што душавая кабіна знаходзілася ў кожным блоку, куды бацька ўпіхнуў Танюху і загадаў неадкладна стаць пад гарачую ваду. Яна запатрабавала, каб бацька застаўся каля дзвярэй з другога боку і размаўляў з ёю, дакладней, расказваў бы што-небудзь цікавае. Бацьку давялося паслухацца.

Ён распавёў дзяўчыне пра сем самураяў, фільм пра якіх глядзеў у кінатэатры на тым тыдні. Першую палову стужкі, зразумела, праспаў, але, прачнуўшыся, адзначыў, што нічога цікавага не прапусціў, нібыта і не спаў зусім. Заснуў бацька, між іншым, у знак пратэсту. Ён хадзіў у кінатэатры толькі дзеля таго, каб глядзець кіно ў колеры, а трапіў на чорна-белае, да таго ж старадаўняе, а ў прыдачу яшчэ і японскае. Чорна-белае можна было глядзець і па тэлевізары, не выходзячы з дому і не плацячы рубель за сеанс. Бацька ўвогуле не любіў замежнае кіно, за выключэннем французскіх стужак з Бельмандо, і на «Сем самураяў» трапіў выпадкова, за кампанію.

Думаю, Танюху гісторыя пра самураяў не закранула, зрэшты, як і бацьку. Мабыць, і расказваў ён пра іх нецікава, бо сам не быў захоплены аповедам. Распавесці ж якую-небудзь чароўную казку ці легенду не мог, бо ніколі не чытаў кніг, гэтаксама не мог нічога прыдумаць свайго па той жа прычыне. Аднак дзяўчынка не сердавала на бацьку. Яна і без таго была яму ўдзячная. Асабліва калі патанула (такі) у яго фланэлевай кашулі і ўлеглася ў яго ложку пад яго коўдрай, напоеная гарачай гарбатай з малінавым варэннем ад цёткі Груні і наетая галубцамі ад той жа цёткі, якімі бацька яе пачаставаў. Ён хацеў, пакуль дзяўчынка будзе есці, памыць яе рэчы і павесіць сушыцца, аднак Танюха ўсё паспела зрабіць сама, пакуль знаходзілася ў душавой. Тады ён проста развёў рукамі. Паслаў сабе на суседавым ложку. Той недзе прыжаніўся і не паяўляўся ў інтэрнаце, але і не пазбаўляўся ад яго.

Трэба было, мабыць, завесці будзільнік, каб падняць раніцай малую ў школу, а перад гэтым адвесці дамоў. Танюха пасмяялася з бацькавага заклапочанага твару і паведаміла, што заўтра субота і школы не працуюць. Але калі яму трэба рана ўставаць на работу, то яна не супраць будзільніка. Аказалася, што і бацька з раніцы нікуды не спяшаўся. Ён увогуле знаходзіўся ў заслужаным месячным адпачынку.

— Мы як вольныя птахі! — запляскала ў ладкі Танюха.

Пасля яны пажадалі адно адному добрай ночы, а затым, калі бацька толькі-толькі дабраўся да соннага двара і ледзь паспеў датыкнуцца да клямкі каліткі, каб увайсці туды, Танюха перабегла з выдзеленага ёй ложка на ложак, заняты бацькам, і прытулілася пад ягонай падпахай, скруціўшыся абаранкам.

— Не палохайся, прыставаць не буду. Проста там страшна, а з табой не, — толькі і сказала. А праз хвіліну ўжо салодка пасопвала.

Бацька ж доўга не мог заснуць, баючыся міжвольна патрывожыць сон дзяўчынкі. Як жа ёй, мабыць, дрэнна, думаў ён, што яна не захацела дамоў, а пайшла невядома куды з абсалютна незнаёмым чалавекам.

 

Ні айчым, ні Танюхіна маці нават не заўважылі яе адсутнасці. Яны ўвогуле нікога не маглі заўважыць, валяючыся покатам на старой прадушанай канапе з іголкамі-спружынамі вонкі, пасля пятнічнага балявання. Слабенькі стол у кухні, што хістаўся ад кожнага дотыку, засланы старажытнай з выгляду кляёнкай у разводах ад пралітага спіртнога і шнарах ад нажавых парэзаў, з апошніх высілкаў, здавалася, трымаў на сабе пустыя фаўст-патроны з-пад таннага пладова-ягаднага віна і быццам абгрызеныя па краях талеркі з недаедзенымі салёнымі гуркамі, салам і сялёдкай.

На дзіва, Танюха не спалохалася, не разгубілася і не абурылася ўбачаным. Яна падсела да маці, паклала яе галаву сабе на калені і пачала разгладжваць маршчынкі на твары соннай жанчыны, прыгаворваючы пры гэтым нешта пяшчотнае і прыгожае. Бацька ж ледзь не званітаваў ад відовішча.

— Ты не думай, — нібы прачытала Танюха яго думкі і паспяшалася заступіцца за сваякоў, — яны не злыя. Проста стамляюцца па пятніцах. Пагэтаму я і не люблю прыходзіць па пятніцах дамоў. Ты харошы, і табе трэба жаніцца на такой жа харошай дзеўцы, — раптам загаварыла пра іншае, не зрабіўшы нават паўзы пры пераходзе. — Калі б я была старэйшаю, — працягвала далей, — абавязкова жаніла б цябе на сабе, нікуды б ты ад мяне не ўцёк. Але я яшчэ маленькая, а ты чакаць мяне не згодзішся, ды табе гэта і не трэба. Я табе сама знайду нявесту. А зараз ідзі. Мне тут уходжвацца, ты перашкаджаць будзеш.

Бацька сышоў. Ён не хацеў, дый не меў ніякіх правоў умешвацца ў чужое жыццё. Навязваць сваё разуменне таго, як выхоўваць дзяцей і ў якіх умовах іх трымаць. У лепшым выпадку яго пашлюць куды падалей і правільна зробяць. Або параяць завесці сваіх і выхоўваць так, як яму заманецца. Сем’і, падобныя сям’і Танюхі, усе так жылі. Іх была большасць. Ад заробку да заробку, а перад выхаднымі — абавязкова выпіўка. Да таго ж дом гэты, самы доўгі і шматпад’ездны ў горадзе па вуліцы Ленінградскай, напалову заселены быў нешчаслівымі людзьмі з няпростымі лёсамі, пакрыўджанымі, адрынутымі, пакінутымі. Два апошнія пад’езды ўвогуле займалі «хімікі» і адзначаліся кожную раніцу і кожны вечар на прахадной у дзяжурнага міліцыянера. Многія пасля так і застануцца тут, калі «хімію» ў доме адменяць, паспрабуюць наладзіць жыццё, завесці сем’і. Аднак жыццё — не канструктар «Лега», каб яго можна было лёгка разбурыць і гэдак жа лёгка сабраць наноў, ды яшчэ лепшым за папярэдняе. Дабрабыт адных і шэры быт іншых быццам падзяліў дом напалам.

 

Нязвычна доўгім і сумным падаваўся бацьку адпачынак. У Беларусь да бацькоў ён не паехаў, як і летась, зрэшты, і не збіраўся. Пару разоў з’ездзіў у Караганду да дзядзькі Міколы — аднаму з мацерыных братоў, якога таксама нялёгкая занесла ў Казахстан. Той працягваў вясковае жыццё: адбудаваў ладную хату, трымаў гусей, трусоў і свіней, займаўся шыццём зімовых шапак, самаробным віном і бярозавым сокам. У двары дзядзькі Міколы раслі паабапал залітай бетонам сцяжынкі ад веснічак да ганка адмыслова пасаджаныя некалькі дзясяткаў бярозак, якія напаміналі дзядьку радзіму. Яны сагравалі яму душу пасля сырасці шахтных забояў і лашчылі ўлетку цяплом лістоты і завушніц, нібы дотыкам рук каханай жанчыны. Замілаванне дзядзькі Міколы вясковымі радасцямі бацька не падзяляў, пагэтаму надоўга не затрымліваўся, вяртаўся ў Шахцінск, дзе гуляў дапазна па парку ці па саланчаках і сопках адразу за горадам, уяўляючы сябе дэрвішам (слаба, аднак, ведаючы, хто гэта такі) у бяскрайняй пустыні. А яшчэ хадзіў у кіно, калі не заходзіла Танюха. Яна знайшла яго праз два дні і пацягнула за сабой у нейкую дзіцячую кавярню, дзе прадавалі адно марожанае і пірожнае з сокамі. Там бацька ўпершыню пабачыў маму. У коле каляжанак ці сябровак мама насалоджвалася марожаным колеру какавы ў папяровай шкляначцы пры дапамозе драўлянай палачкі. На ёй былі вузкія, кнізу раскляшоныя чорныя штаны, нейлонавая жоўтая блузка з вялікім стаячым каўняром і скураны пінжак, ногі абутыя ў класічнай формы туфлі. Пышныя чорныя, бліскучыя, нібы ядваб, валасы локанамі падалі на спіну. Мама была маладая, фігурыстая і прыгожая, нягледзячы на акуляры, якія рабілі яе зялёныя з павалокай вочы больш выразнейшымі, чым тыя здаваліся. Яна спадабалася бацьку адразу, асабліва яе разумны выгляд. Чамусьці ён вырашыў, што дзяўчына абавязкова павінна быць разумнай, калі насіла акуляры. Што ж, ён амаль не памыліўся. Аднак падысці не асмеліўся. Палічыў, што не зусім ёмка танкам урывацца ў чужую кампанію. Зрэшты, для першага разу гэта і не патрабавалася. Танюха прывяла бацьку ў кавярню толькі дзеля таго, каб паказаць яму дзяўчыну, як і абяцала. Яна жыла ў тым жа доме, што і Танюха, у першым пад’ездзе, з бліннай па другі бок дома, працавала санітаркай у гарадской бальніцы і сустракалася з нейкім прышчом (нічога сур’ёзнага) з другога пад’езда.

Танюха падзялілася з бацькам падрабязнасцямі, якія нарыла пра маю маму, і пацікавілася ягонымі наступнымі дзеяннямі. Той сказаў, што яму патрэбна больш інфармацыі.

І яны ўзялі маму ў аблогу. Хадзілі за ёй ценямі, высочвалі, падслухвалі, распытвалі пра ейных знаёмых, быццам збіралі дасье ў ЦРУ, на што патрацілі тры месяцы. Пасля Танюха сказала бацьку, што далей цягнуць немагчыма і ён павінен з дзяўчынай пазнаёміцца, калі, канечне, не перадумаў. Адзінае, што засмучала бацьку — гэта тое, што ён чамусцьі забываў увесь час імя будучай жонкі, асабліва тады, калі знаходзіўся побач. Мабыць, насамрэч пакахаў.

 

— Давай! — падштурхнула Танюха бацьку.

Яны стаялі каля яе пад’езда. Бацька курыў, не зводзячы позірку з мамы, якая за дваццаць крокаў ад яго размаўляла аб нечым з жонкай свайго старэйшага брата Аляксандра і былой аднакласніцай Люсяй. Абедзве абапіраліся спінамі аб жалезную трубу, што замяняла сабой плот, якой была абнесена, нібы абвязана, як святочны падарунак, уся вялізная дзіцячая пляцоўка ў двары і палісаднік, размешчаны побач з першым пад’ездам.

Свяціла сонца. Яго прамяні, быццам падковы, высякалі з снегу іскры і цэлілі людзям у вочы. Снежань нябачным дзядулем адпачываў пад елкай у палісадніку, але нішто і ніхто не магло ўцячы ад яго пільнага вока. З ледзяной горкі, пабудаванай дарослымі і залітай на ноч вадой проста пасярэдзіне дзіцячай пляцоўкі, з віскатам і задаволенымі ўсклікамі каталася дзятва. Крыху ўбаку, на высокай драўлянай горцы валтузілася малеча. Скатвалася з горкі і яшчэ доўга ехала па адмыслова залітай сцяжынцы ад горкі да палісадніка.

Мая стрыечная сястра Наташка — чатырохгадовая прыгажуня і Люсіна дачка — таксама хацела на горку і захоплена пазірала ва ўсе вочы на шчасліўчыкаў, амаль нерухома седзячы ў санках побач з мамкай і цёткай, шчыльна ўхутаная, каб не змерзнуць, у пуховую хустку і цёплую коўдру.

Яе бацька і ўхапіў. Дакладней, не літаральна яе, а санкі, у якіх сядзела малая. Заціснуў вяроўку ад санак у кулаку і пабег, не аглядаючыся. Наташка запішчала мышанём, але не ад страху, ад неверагоднай сілы задавальнення, падобнай на шчасце, звычайнае дзіцячае шчасце. Малой ажно заняло дух ад хуткасці, аднак яна патрабавала яшчэ і яшчэ хутчэй везці яе! Наташка забылася і на мамку, і на цётку. Яе героем быў мой бацька, якога яна не ведала і ніколі не бачыла раней, ды толькі ён у той момант, здавалася, апынуўся самым раднейшым чалавекам.

Бацька бег уперад, цягнуў за сабою санкі з дзяўчынкай, і цешышся таму, як рэагавала на яго ўчынак малая. Ён нібыта дзеля яе гэта і зрабіў, каб парадаваць кнопку. Каля першага пад’езда павярнуў налева, абмінуў дом і куляй панёсся далей. Міма праляцеў дзіцячы садок «Айжан», цырульня, набліжалася перакрыжаванне, што вяло з аднаго боку да школы № 6, з другога — да дзіцячага садка «Снягурка», у які бацькі будуць вадзіць мяне ў хуткім часе.

Мама ні разу не аклікнула яго. Бегла за ім зацята і моўчкі. Дзіўна, што менавіта яна пабегла, а не родная маці дзяўчынкі. Бацька і разлічваў на тое, што пабяжыць яна. Ён вылічыў гэты псіхалагічны ход пры дапамозе Танюхі, чыёй ідэяй, дарэчы, з’яўляўся і нявінны кіднэпінг.

Бацька паслізнуўся. Знарок ці выпадкова — неістотна. Ён распластаўся на снезе, санкі балюча ўрэзаліся яму ў бок, а проста на яго перакулілася праз санкі мама і закалаціла кулачкамі па яго грудзіне, не прараніўшы ні гуку. Яна ж не на жарт спалохалася за пляменніцу. А ён пасміхаўся, засланяючыся ад яе ўдараў, пакуль гэта яму не надакучыла. Тады бацька паймаў маміны рукі, прыціснуў іх да сябе і пацалаваў яе ў вусны. Ад нечаканасці мама нават адказала на яго пацалунак падобным, а потым з’ездзіла яму па фізіяноміі.

— Цілі-цілі-цеста, жаніх і нявеста! — захоплена запляскала ў ладкі Наташка.

Мама падхапілася са снегу, падабрала вяроўку ад санак, пашыбавала назад.

— Я ж люблю цябе, дурніца! — выгукнуў ёй у спіну бацька.

Мама спынілася, павярнулася, усунула вяроўку пляменніцы ў рукі, хутка падышла да бацькі, пацалавала ў вусны, адштурхнула ад сябе і прамовіла:

— Ну і любі сабе ціхенька. Навошта гарлапаніць на ўсю іванаўскую, га?

Пайшла да Наташкі. Каля пляменніцы павярнулася да бацькі, быццам нечага забылася.

— Сам дурань! — выгукнула яна з лагоднай усмешкай.

 

Яна чакала нечага падобнага, бо заўважыла, што за ёй сочаць. Спачатку спалохалася, але вырашыла ніяк не рэагаваць, да таго ж бацька нічога дрэннага ёй не рабіў. Глядзець жа не забараняецца і хадзіць следам хвосцікам таксама. Мама нават прывыкла да незвычайнай увагі з боку незнаёмага маладога чалавека, ён пачынаў ужо ёй і падабацца. Здаралася, што і засмучвалася, калі раптам заўважала яго адсутнасць. Аглядалася вакол, вышуквала ў натоўпе, не знаходзіла — і ўвесь дзень як быццам сапсаваны атрымліваўся. А бачыла — і настрой узнімаўся, хацелася спяваць і танчыць, не баючыся быць успрынятай дзівакаватай дурніцай. Яна не задумваючыся кінулася ўслед за бацькам, калі той падхапіў санкі з пляменніцай і давай уцякаць, бо адчула, што зрабіў ён гэта дзеля яе, бо стамілася ўжо чакаць. Магчыма, што яна не вытрымала б і першаю што-небудзь прыдумала, каб неяк зблізіць іх абаіх, але бацька ўсё ж апярэдзіў яе. Хаця, не з’явіся Танюхі ў бацькавым жыцці, наўрад ці яны б сустрэліся калі.

Ён дагнаў яе на рагу дома, калі яна заварочвала побач з палісаднікам, ідучы следам нішкам і пакурваючы.

— Я — Мішка, — назваўся, быццам аклікнуў.

Мама азірнулася, але не спынілася, хоць і сказала сваё імя ў адказ, якое бацька ведаў, аднак не памятаў, якое тут жа забыў, не адмыслова, ды ўсё ж надоўга. Пакуль не прачытае яго ўласнавочна ў кнізе рэгістрацыі падчас роспісу ў загсе, калі будзе браць шлюб з мамай.

— Можа, — губляючыся, адчуваючы, як пераймае дыханне кожнае прамоўленае слова, працягваў наступ бацька, не пазнаваў сябе і хваляваўся, — куды-небудзь сходзім?..

Мама гэтага не заўважала, таму што бацька ішоў ззаду. Яна адно чула яго, не бачыла. І тое, што чула, падавалася ёй упэўненым і нават дзёрзкім. Але больш за ўсё падабалася, што бацька нікуды не сышоў, а настойліва, на маміну думку, дамагаўся свайго.

— Можа, і сходзім, — какетліва паўазірнулася яна на яго.

— Калі? — запытаў бацька. Яму падалося, што ён ледзь выціснуў слова з сябе, што яго не пачулі. Аднак мама ўсё цудоўна пачула. Бацькаў запыт ёй уявіўся патрабавальным загадам.

Між тым яны параўняліся з Наташкінай маці, якая гэдак жа нязмушана стаяла каля трубы і ляніва пазірала на неба. Здавалася, што яе зусім нічога не тычылася з таго, што адбылося. І ці адбылося што?

— Дык я зайду вечарам? — нібыта ўжо ўсё было вырашана паміж імі, удакладніў бацька, абмінуў і дзяўчынку на санках, і маму, і Люсю, пасля чаго марудна, чакаючы пацвярджэння, рушыў спінай наперад.

— Заходзь, — паціснула плячыма мама.

— А шостай каля твайго пад’езда, — апошнія словы пакінуў бацька за сабой, павярнуўся спінай да дзяўчат і хутка пашыбаваў прэч.

— Чакай, адкуль ты… — хацела было запыніць яго мама, бо не зусім зразумела яго апошняй фразы, аднак своечасова ўспомніла, што бацька мог пра яе ведаць калі не ўсё, то вельмі шмат, ён жа сачыў за ёю так доўга. Ёй гэта не спадабалася, і яна вырашыла не выходзіць да бацькі на прызначанае спатканне.

А той, калываючыся, як на хадулях, у ботах з высокімі абцасамі, якія нацерлі яму мазалі на пятках, марыў хутчэй дайсці дадому і зняць абутак, нават не падазраваў, што наконт яго вырашыла мама. Бацька спадзяваўся на цёплы прыём, трэба толькі зняць, у рэшце рэшт, гэтыя боты, і ўсё будзе. І чаго ён толькі ўздзеў іх? Зарысавацца? Дык мама і не паглядзела на іх ні разу. Затое яна заўважыла яго вочы — валошкавыя беларускія азёры, у якіх вельмі хутка і патоне.

Прочитано 268 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии