Вторник, 14 08 2018
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Уладзімір Пернікаў. Жыццёвінкі

  • Вторник, 07 Август 2018 14:03

Нячыстая сіла

Могілкі ў Чачэрску спрадвеку займалі тэрыторыю ледзь не побач з цэнтрам гарадка. І толькі некалькі гадоў таму памерлых пачалі хаваць у іншым месцы, за некалькі кіламетраў ад яго. А тады, у маім дзяцінстве, юнацтве і пазней, на тых могілках (пра традыцыйныя пахаванні мы тут гутаркі не вядзём) што толькі не адбывалася.

Напрыклад, нас, галапузую малечу, старэйшыя браты вучылі нічога не баяцца. І «палігонам» для выхавання, скажам так, адвагі і недапушчэння страху, нярэдка выбіралі могілкі. Для гэтага трэба было ў шэрай вячэрняй смузе або суцэльнай начной цемры перасячы іх з канца ў канец (а гэта больш за трыста метраў, відаць). Калі запускалі яны са старту адразу двух хлапчанят, дык ім было не так страшна. А калі па адным, дык, бывала, ляціш па сцежцы так, што толькі пяткі блішчэлі. А калі проста ісці, дык... Барані божа касавурыцца па баках ці натапырваць вушы, бо паблізу, у кустах, нешта ці нехта скавыча, скуголіць, кугукае, ляпае, а нешта белае, падобнае на прасціну, пагрозліва варушыцца.

Гэта куды пазней мы даведаліся, што той вэрхал-маскарад учынялі нам хлопцы-бальшуны з розных там засад. А тады, што і казаць, баяліся: могілкі ёсць могілкі. Там, былі ўпэўнены, усяго можна чакаць ад нячыстай сілы.

А аднойчы (было гэта, здаецца, у верасні) некаторыя жыхары дзвюх прылеглых вуліц доўга не маглі спакойна заснуць. Бо з могілак гадзін да дзвюх, а можа і трох ночы даносілася немае, як у Піліпаўку, воўчае выццё, якое час ад часу перамяжоўвалася з адчайным сабачым брэхам ці чалавечым крыкам. І калі хто з насельнікаў тых дамоў выходзіў на двор, каб даведацца, што там дзеецца, дык казаў, «канцэрт» быў такі, што валасы на галаве дыбам узнімаліся.

Пайсці ж ноччу туды ніхто такі не адважыўся. А выявілася ўсё раніцай. Аказваецца, нехта з тутэйшых, парушыўшы ўсе звычаі і правілы і ігнаруючы забарону мясцовых улад (пахаванні, як сказана вышэй, былі перанесены за горад), выкапаў яму для труны цішком, надвячоркам, каб назаўтра пахаваць тут родзіча. А ноччу ў яе ўтлуміўся п'яны мужык, а за ім, праз каторы час, і сабака.

З п'янкай звязана яшчэ адна гісторыя, што адбылася на могілках.

Адзін хлопец прывёў туды дзяўчыну, каб перад танцамі ў парку над Чачорай для весялосці крыху падзаправіцца. Бутэлькай віна, вядома ж. Для зручнасці апусціліся яны на курганчык, насупраць якога было свежае пахаванне (памёр малады мужчына) скрозь засланае і застаўленае вянкамі і кветкамі. Хлопец дастаў з кішэні шклянку, адкаркаваў бутэльку і прапанаваў дзяўчыне выпіць. Яна моўчкі крутнула галавой: не трэба. Тады ён наліў сабе, закусіў і пад прыглушаныя гукі аркестра, што даносіліся з парку, ужо больш настойліва прапанаваў: бяры! Тая ж гэтым разам громка заявіла: не хачу, не буду!

Тут раптам у бліках вулічнага ліхтара з тых вянкоў і кветак... вылазіць аголеная рука і чуецца жаночы голас:

— Яна не хоча, дай мне.

Божа літасцівы! Што тут адбылося! Хлопец ламануў прэч, натыкаючыся на крыжы і збіваючы ўсё, што трапляла пад ногі, а дзяўчына, ледзь не страціўшы прытомнасць, ціха папаўзла па сцяжынцы. Людзі казалі, што лёс хлопца застаўся ім невядомы, а вось няшчасная дзяўчына трапіла ў дом для вар'ятаў.

А п'янтосіха Еўка, што жыла недалёка ад нашага дома, з нагуляным сынам, спакойна высмактала віно і спала пад тымі вянкамі да самай раніцы...

Каб людзям было добра...

Гэту бабулю ўпершыню я ўбачыў мінулай вясной каля аднаго пяціпавярховіка. Яна ўвішна корпалася ў кветніку, што быў разбіты каля дома. Ці то садзіла якіясь краскі, ці то праполвала. Адна яна была, а дом — на тры пад'езды. І гэтак — цэлы месяц амаль.

Пасля мне неаднойчы даводзілася праходзіць тут і бачыць, што без справы на лавачцы яна ніколі не сядзела, а нешта рабіла: то вязала штосьці, то зашывала.

Аднаго разу я нават дзіву даўся, калі пачуў, як яна казала двум хлапчукам: шкарпэткі ў вас дзіравыя, дайце іх сюды, падпраўлю. Падумалася тады: а што, не магла яна гэта заўважыць ва ўнукаў дома, каб рабіць ім заўвагу прылюдна? Як бы ўгадваючы мае думкі, бабуля сказала ім: перадайце сваім мамам, калі ім трэба якая дапамога ад мяне, дык я заўсёды гатова.

— Унукі вашы? — спытаў яе.

— Ды не, суседскія хлапчаняты. Маці ў абодвух не такія, як трэба. Не завіхаюцца каля дзяцей. А мне сумна без работы, без занятку, — і зірнула на мяне ўважліва: — Можа вам што трэба пачыніць-заштопаць — світар які ці джэмпер, дык калі ласка.

— Вы, няйначай, з вёскі пераехалі?

— Так, з вёскі. У дачкі вось гасцюю часова. Нічога рабіць не дазваляе. Сама з усім спраўляецца. А мне — сумна.

Пад восень бабулю зноў бачыў каля кветніка. Па ранейшаму адна корпалася там. Як быццам нікому з жыхароў дома і не было там спраў.

І вось — сакавік. Іду па вуліцы Катуніна. Трактары пазграбалі снег на ўзбочыны, а на скрыжаванні з вуліцай Сялянскай такія гуры ўтварылі, праз якія няёмка пералазіць чалавеку. Гляджу: мая знаёмая Іванаўна тут як тут. З вялікай пластмасавай лапатай спрабуе зрабіць зручны пераход на тратуар. Назад дадому вяртаюся з праспекта Леніна праз Сялянскую. І тут — тая ж самая бабуля. За тым жа заняткам.

— Няйначай, у ЖКГ на работу ўладкаваліся? — прывітаўшыся, цікаўлюся ў яе.

— Да не, — усміхаецца. — Сумна без справы дома сядзець. Бачыце, як усё расквасіла пад нагамі. Хачу, каб людзям добра было, каб зручна было хадзіць.

Іванаўна працавала. Міма праходзілі мужчыны, жанчыны, хлопцы, дзяўчаты. І хоць бы хто спыніўся, дапамог ёй...

«Галадранцы»

Не спіцца старой Кандрацісе вось ужо каторую ноч. З таго часу, як да яе на лета прыкацілі з Санкт-Пецярбурга ўнукі-сямікласнікі Мішка і Сяргейка. Даўно не бачыла яна іх, родненькіх, таму вельмі ўзрадавалася: вылітыя Іван і Леанід, яе сыны, яе крывінкі. І тут жа адчула, як спахмурнела душа, калі непрыкметна агледзела хлапчукоў з галавы да ног: у што яны апрануты. У абодвух на майках — выявы нейкіх пачвараў у акружэнні кітайскіх ці японскіх іерогліфаў. У Мішкі — доўгія, не па росце, закасаныя штаны, а ў Сяргейкі, наадварот, кароценькія, трохі вышэй каленак. Але на адных і другіх — дзірка на дзірцы свецяцца ды лапік на лапіку нібы карагод водзяць. Розных памераў і канфігурацый. Квадратамі, ромбамі ды трохвугольнікамі.

Вясковая дзятва, апавядала Акуліне Пятроўне паштальён Вера, першы раз пабачыўшы вашых унукаў у такім выглядзе, не магла адклеіцца ад іх ад вакзала да саменькай вашай хаты. Гужам ішлі за імі, тыцкалі пальцамі ў іхні бок і так рагаталі, што перапалохалі ўсіх сабак. Галёкалі: пудзілы, галадранцы! А Піліп Крот і Аксіння Гарошка, сельсавецкія актывісты, як вы ведаеце, нават пацікавіліся ў мяне, як вашай суседкі, як атрымалася, што сыны Акуліны Пятроўны Іван і Леанід, маючы добрую работу ў тым расійскім горадзе, дакаціліся да такога жыцця, што не здольны культурна і прыгожа апрануць сваіх дзяцей? І не апынуцца ніжэй узроўню нашага вясковага побыту?

— І што ты адказала ім? — спытала Кандраціха.

— Што дай божа такіх сыноў, як вашы, Акуліна Пятроўна, кожнай сям'і — разумных, старанных, паважлівых.

Размова з паштальёнам Верай пеканула жанчыну пад самы дых. Дык вось якое меркаванне вяскоўцаў пра яе сыноў і ўнукаў, ды пра яе — таксама! Цяжкія, бы камянюкі, думкі, затаўкліся ў галаве Кандраціхі, выклікаючы цэлы натоўп гаротных успамінаў і асацыяцый. Ціхенька, каб не разбудзіць унукаў, што спалі ў суседнім пакоі, старая паднялася з ложка, уключыла святло і ўзяла ў рукі сямейны альбом.

Вось вечна п'яны бацька і запалоханая ім маці. Пазбягаючы яго цяжкіх кулакоў, яна часцяком з ёй, Акулькай, начавала ў суседзяў. А вось і Кандрат, яе муж. Прыгажун і п'янтос, якога свет не бачыў. Як магла, яна адбівалася ў дзеўках ад яго заляцанняў. Ды ўсё дарэмна. Бо сваё жорсткае слова сказаў бацька: аддам толькі за яго, дамаросліка. (Кандрат сябраваў з братам Акуліны Васілём і быў заўсёды пад прыглядам іхняга бацькі Пятра Дзям'янавіча).

Той прымус для Акуліны вылез бокам. Спачатку маладзёны, здаецца, жылі без хмурынкі. Па ўсім было відаць, што Кандрат прыслухоўваецца да думак і парад свайго цесця ў адносінах да жонкі: не крыўдзі яе, гаварыў яму за чаркай. А чаркі тыя ляцелі адна за адной чарадой птушак, і прыйшоў час, калі Пётр Дзям'янавіч апрогся ад сівухі-самагонкі і апынуўся на могілках.

Кандрату зрабіць бы з гэтага разумныя высновы. Дык не ж. З уходам цесця на той свет, ён адчуў сябе гаспадаром-дыктатарам у доме. Ну і няхай бы сабе, калі б у п'яным ачмурэнні не пачаў лічыць рэбры Акуліны, замахвацца на яе сякерай, прапіваць дамашнія рэчы. Так працягвалася да таго моманту, калі на начной аўтамагістралі ён трапіў пад колы грузавіка, пакінуўшы ўдаву з чатырохгадовымі двайняткамі (вось яна на фотаздымку з Іванкам і Лёнечкам).

 

На гонях калгаса Пятроўна петалася з ранку да вечара за такія капейчыны, што не магла купіць падлеткам новае адзенне, і тыя вымушаны былі хадзіць у лахманах і абносках суседскіх дзяцей. Пазней, дзякуй богу, калгас узначаліў талковы кіраўнік, і справы ў ім пайшлі на лад. Праўда, не настолькі, каб адкладваць грошы на заўтрашні дзень, на высокую мару: вывесці сыноў у людзі, даць ім вышэйшую адукацыю ў самой белакаменнай.

Таму, калі тыя падраслі і набраліся сіл, Акуліна Пятроўна, не пакідаючы працу ў калгасе, зрабіла ўпор на пашырэнне ўласнай гаспадаркі. І тут яе надзейнымі і зацікаўленымі памочнікамі сталі Іван і Леанід. Трыццаць сотак агарода, дзве каровы з цялушкамі ды бычкамі, тры свінні з парсючкамі, гусі, куры, чатыры казы, іншая жыўнасць — вось над чым шчыравала гэта сям'я не адзін год.

І мара збылася! Хлопцы з глыбіннай паляшуцкай вёсачкі, на здзіўленне ўсіх яе насельнікаў, без усякіх там рэпетытараў паступілі ў адзін з маскоўскіх універсітэтаў. Матэрыяльная дапамога маці, стыпендыя, дадатковыя заробкі студэнтаў на пагрузцы і выгрузцы вагонаў і, галоўнае, спадзяванне і апора толькі на свае сілы і старанне дазволілі ім паспяхова закончыць яго і ўладкавацца на работу ў горадзе на Няве, завесці сем'і, атрымаць добраўпарадкаваныя кватэры.

І што ж у рэшце рэшт? Артылерыйскі залп. Як у вайну: у былых галадранцаў Івана і Леаніда — дзеці галадранцы Мішка і Сяргейка. Сорам! Ганьба! Як перажыць іх? Што рабіць? Такія вось маркотныя думкі мучылі Кандраціху да самага світанку, покуль сон не адолеў яе.

Акуліна Пятроўна некалькі дзён не магла знайсці прычыну катастрафічнага збяднення сваіх сыноў з іх сем'ямі. Бо ў пісьме, якое Вера ўручыла ёй, Іван пісаў, што ў іх усё добра, што ён з жонкай толькі што вярнуўся з турыстычнай паездкі па Швецыі, што Леанід следам за ім набыў японскую легкавушку...

Дык якія яны галадранцы, думала жанчына. Яснасць жа ўнёс той самы сельсавецкі актывіст конюх Піліп Крот. Дэпутат завітаў да яе ў хату, каб высветліць напярэдадні сесіі, якія пытанні хвалююць пенсіянераў. Заадно пацікавіўся і справамі яе сыноў. Жанчына ва ўсім прызналася яму — і пра тое, што думаюць аб іх аднавяскоўцы, і пра тое, што піша аб тых справах яе Іван. Піліп Цітавіч уважліва прачытаў пісьмо і аўтарытэтна заявіў: хацелася б верыць Івану, ды не даводзіцца. Проста ён супакойвае цябе, Пятроўна, каб не хвалявалася, не кінулася адпраўляць ім пасылкі. На самай справе ўсё не так. Ты чула, што-небудь пра амерыканскія ды заходнееўрапейскія санкцыі да Расіі і пра фінансава-эканамічны крызіс? Вось яны і пеканулі па грамадзянах нашай усходняй суседкі. Збяднелі людзі, што і казаць, галадранцамі становяцца. Ты што, не бачыш, якое адзенне ў тваіх унукаў? Так што мяркуй сама...

Ён крыху памаўчаў, а потым дадаў:

— А за мной, Пятроўна, абяцаю: арганізацыя фонду дапамогі сем'ям тваіх сыноў з боку жыхароў вёскі.

Меркавала-меркавала Кандраціха, што да чаго, ды на наступны дзень пашыбавала ў райцэнтр. Зняла з ашчаднай кніжкі ладную суму грошай і адаслала іх у Санкт-Пецярбург, пакінуўшы сабе на пражытковы мінімум. А ўнукам купіла новую вопратку, якую, пасмяяўшыся над бабуляй, тыя прынялі ў штыкі. Бо іхнія «размаляваныя» дзіркамі і лапінамі джынсы і шорты, аказваецца, — гэта ноу-хау. Піск моды. Шык. Супер. Самы высокі еўрапейскі ўзровень моды. Да чаго іхняя вёска яшчэ не дарасла.

Пісьма ад сыноў Акуліна Пятроўна не дачакалася. Праз два тыдні яны прыджгалі да маці самі і, калі аб усім даведаліся, то было аб чым пагутарыць і над чым пажартаваць. А ў адказ на прапанову Піліпа Цітавіча стварыць фонд дапамогі іхнім сем'ям уладкавалі вечарыну, на якую запрасілі з дзясятак землякоў. Выпівалі, закусвалі, гаварылі тосты. Самы закавырысты пасля трэцяй чаркі быў у дэпутата Крота:

— Паглядзеў я на вас, Іван Кандратавіч і Леанід Кандратавіч, і скажу: ніякімі санкцыямі і фінансава-эканамічнымі крызісамі нас, славян, буржуі не запужаюць, не дастануць. Здароўя і дабрабыту вам, вашым дзецям і вашай маці.

Уладзімір Пернікаў

Крыніца: Звязда

Прочитано 37 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии