Четверг, 27 06 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Наталля Канстанцінава. Дзяўчына маёй мары. Апавяданне

  • Четверг, 11 апреля 2019 11:06

Чаканне было хвалюючае. Яно прыемна ўзбуджала кроў, змушаючы песціць неверагодныя, чароўныя надзеі. Сёння пачнецца новы этап майго двухмесячнага рамана, які са свету віртуальнага павінен перайсці ў рэальны. Таму я стаю ля ўвахода ў цэнтральны ўнівермаг з вялікім букетам ружаў. Шчыра кажучы, у мяне нават крыху дрыжэлі рукі, калі я апранаўся перад спатканнем. Так шмат я ад яго чакаў.

Калі два месяцы таму на сайце знаёмстваў мне напісала «Вітаю!» незнаёмая дзяўчына, спачатку я вырашыў не адказваць. Я заўсёды так раблю, калі анкета без фота. Ці мала хто можа хавацца за мілым жаночым імем і прывабным асабістым апісаннем? Пагатоў, у гэтым выпадку і яно адсутнічала. Ні росту, ні вагі, ні колеру валасоў і вачэй, ні цікаўнасцяў. Толькі ўзрост – 28 гадоў. Сама па сабе лічба мяне задавальняла. Гэта час квітнення, якое па-ранейшаму працягваецца, але ўжо без сутаргавых парываў юнацтва, без няўрымслівых жаданняў. Акурат тое, што адпавядае маёй сфармаіраванай разважлівасці, якая ў дадатак прагнула здаровай рамантыкі. Аднак дзе гарантыя, што і ўзрост незнаёмка пазначыла рэальны? І што гэта ўвогуле незнаёмка, а не незнаёмец? Ці мала які весялун захоча пажартаваць, каб потым заходзіцца ад рогату разам з сябрамі, чытаючы прызнанні ў палкіх пачуццях, якія здолеў выклікаць у «лоха»? Або ці мала які хітры дзялок захоча развесці мяне на грошы, прыкінуўшыся дзяўчынай, што аказалася ў цяжкім становішчы?

Таму першае прывітанне, што сыходзіла незразумела ад каго, я праігнараваў. Але Насця (такое імя стаяла ў анкеце «ікса», які набіваўся ў суразмоўцы) не адступала. Зноў і зноў яна дасылала мне смайлікі і вясёлыя карцінкі. Іх выбар сведчыў на карысць таго, што адпраўнік усё-ткі жаночага полу. Паступова я прызвычаіўся, што кожны дзень мне выказваюць сімпатыю. І калі Насця ў дваццаты раз напісала: «Чаму ты не хочаш камунікаваць?» – я нарэшце здаўся і адказаў: «У анкеце пра цябе нічога не пазначана, нават фота няма». Гэты папрок Насцю не збянтэжыў, яна хутка даслала пытанне: «Хіба ты не любіш разгадваць загадкі?»

Шчыра кажучы, пытанне злёгку зачапіла. Бо на той час я ўжо трошачкі ўпусціў настойлівую незнаёмку ў сваю асабістую прастору. І мне здалося, што ў глыбіні душы я пачаў яе адчуваць. Вядома ж, яшчэ не зусім ясна і выразна, але цьмянае ўражанне, што маю справу з прывабнай асобай, ужо з’явілася. «Сапраўды, – падумаў я, – чаму б не паспрабаваць разгадаць загадку? Няўжо я не здагадаюся, хто «на другім канцы провада»? Я быў дастаткова высокай думкі пра свой розум і здольнасці псіхолага і ўрэшце адважыўся.

На працягу наступнага месяца наш з Насцяй дыялог не перапыняўся ні на дзень. Як мне здавалася, я ўмела ўплятаў у канву нашых стасункаў замаскіраваныя тэсты, каб вывесці на чыстую ваду ваерагодны падман. Але Насця ні разу не трапілася ў расстаўленую пастку. Усе мае правакацыйныя жарты і падколкі яна вытанчана парыравала. Я мусіў прызнаць за ёй несумненны інтэлект і пачуццё гумару. І ўсё болей упэўніваўся ў яе шчырасці. Хоць яна так і не паведаміла, чым канкрэтна займаецца. Як патлумачыла – каб захаваць флёр загадкавасці. Але здарэнні на шляху да працы, смешныя выпадкі з калегамі і сябрамі – гэтым мы дзяліліся штодня. Расказвалі адно аднаму, якія паглядзелі фільмы, якія яны выклікалі думкі і эмоцыі. Праўда, яна любіла галівудскія блакбастэры з драйвам і фантастычнымі дэкарацыямі. Я ж аддаваў перавагу больш сур’ёзнаму кіно, якое прымушала задумацца. Але гэта стварала «рознасць патэнцыялаў», што толькі ўзмацняла прыцягненне. Сваю знешнасць апісаць Насця таксама па-ранейшаму адмаўлялася. «Табе важная цукерка ці абгортка?» – смяялася яна. І паступова я прыйшоў да высновы, што Насця напраўду «цукерка». Дзяўчына маёй мары. 

Канчаткова я ў гэтым пераканаўся, калі Насця распавяла, што ўдзельнічае ў дабрачынным праекце. Разам з сябрамі – маладымі педагогамі – арганізоўвае вольны час дзяцей у невялікай вёсцы нашага раёна. Для школьнікаў ладзяцца музычна-паэтычныя вечарыны, на якіх хлопчыкам і дзяўчаткам чытаюць і слухаюць у іх выкананні вершы, спяваюць з імі песні. Дарэчы, некалькі сваіх улюбёных вершаў Насця мне працытавала. Я быў канчаткова паланёны. І пажадаў як мага хутчэй сустрэцца з дзяўчынай у рэале. Яна пагадзілася і прызналася, што доўга чакала такой прапановы, бо ад пачатку па анкеце я яе вельмі зацікавіў. «Ну хоць цяпер ты дашлеш фота, каб я мог цябе пазнаць?» – напісаў я. «Не, не хачу, няхай мая знешнасць будзе для цябе сюрпрызам, – запярэчыла Насця. – Дамовімся дакладна пра месца і час сустрэчы, і тады адно аднаго пазнаем, не памылімся». Я ўжо гатовы быў на ўсе яе ўмовы. Дзяўчына, настолькі мілая і разняволеная ў віртуальных размовах, не можа быць непрывабнай. Бо дэфекты знешнасці звычайна спараджаюць комплексы, панурасць, нядобразычлівасць. А Насця вясёлая, інтэлігентная, добрая.

Такім чынам, я стаяў каля ўвахода ў цэнтральны ўнівермаг з вялікім букетам ружаў, у прадчуванні найвыдатнейшай падзеі ў сваім жыцці. Пачаў ужо паглядваць на гадзіннік: дакладны час сустрэчы мінуў. Натуральна, я дапускаў думку, што большасць дзяўчат адмыслова вытрымліваюць час, каб спраўдзіць галантнасць і сур’ёзнасць намераў кавалера. Калі перада мною спынілася «гэта», я неяк і не падумаў суаднесці пабачанае з тою, якую чакаў. Зрабіў ветліва-запытальны твар і падрыхтаваўся даць кансультацыю пра месцазнаходжанне якіх-небудзь гарадскіх аб’ектаў ці рух транспарту. Але «гэта» хрыпла вымавіла: «Ты Дзімка?» Ад нечаканасці я выдаў нешта накшталт: «Э-э-э…», – але потым, крыху падумаўшы, прыйшоў да высновы, што можна назваць мяне і так, хоць гэтага даўно ніхто не рабіў, і машынальна кіўнуў. «А я Насця», – з гонарам паведаміла «гэта». Я маўчаў, дурнавата ўсміхаючыся. Сказаць, што я чакаў чагосьці іншага, – значыць нічога не сказаць. «Гэта» ўвогуле ні ў якія вароты не лезла. Цёмныя штаны ў буйны гарох абцягвалі сцёгны, кожным з якіх, напэўна, можна было забіць, і ледзьве не трашчалі на масіўным азадку шырынёю ў два, а то і тры звычайныя. У цэлым штаны выглядалі як піжамныя і візуальна рабілі караценькія ножкі яшчэ карацейшымі. На ступаках боўталіся разношаныя, зацертыя пантофлі. Над штанамі навісаў голы вялізны друзлы жывот з пірсінгам. Кароткі топ адкрываў рукі, падобныя да перацягнутых каўбасаў, а грудзі тырчалі наперад, нібы тарпеды. Галава ляжала на “стосе” з трох бліноў. Вачэй амаль не было відаць пад пластом касметыкі. Увенчваў гэтую жахлівую фігуру шорсткі начос, што складаўся з асобных бурачных, лімонных, зялёных і фіялетавых пасмаў.

«Што, ачмурэў ад маёй прыгажосці? – спытала стварэнне пракураным голасам. – Не саромейся, хлопча, спачатку я ўсіх ашаламляю. Ты таксама нічога, хаця …» – тут яна прыдзірліва агледзела мяне з галавы да ног, і я адчуў сябе маленькай кузуркай. «Ха, што гэта ў цябе за абутак? – насмешліва сказала Насця. – Гэта адстой, модныя хлопцы цяпер такога не носяць. Ты павінен быць у красоўках». Я, натуральна, ведаў, што сучасны стыль зрабіў красоўкі ўніверсальным абуткам. І ўсё ж для першага спаткання абраў больш класічны варыянт, каб падкрэсліць важнасць моманту. «Джынсы нейкія стараватыя, – працягвала крытыкаваць мой выгляд Насця. – Не самы модны брэнд. А кашуля… Што за колер! Нейкі блакітны! Гэта для батанікаў. Сур’ёзны мужык павінен быць у чорным. Ну нічога, красунчык, – тут кашмарная дзеўка паблажліва паляпала мяне па плячы, – сыдзе і так». На працягу ўсяго маналога я так і не здолеў вымавіць ні слова. Маё нутро запоўніў натуральны страх, а ў скронях білася думка: «Ува што я ўліп?» Выгляд і паводзіны Насці, у параўнанні з вобразам, які паўставаў з перапіскі, так мяне паралізавалі, што я нават не мог развярнуцца і сысці. «Ну хопіць стаяць слупом. Хадзем у рэстаран», – скамандавала дзеўка. Тут я нарэшце знайшоў у сабе сілы выціснуць некалькі слоў: «Але я думаў, мы спачатку проста пап’ем кавы, для знаёмства…» «На фіг, кавы ў меня і дома хапае, – безапеляцыйна заявіла Насця. – Я заўсёды адразу іду з мужыком у рэстаран, каб праверыць, ці ёсць у яго грошы. Як кажуць, хочаш дзяўчыну-люкс, будзь гатовы раскашэліцца. У цябе ж ёсць грошы?» – яна патрабавальна паглядзела на мяне. Як загіпнатызаваны, я адказаў: «Так, вядома ж». Зарабляў я добра, і на картцы ў мяне была прыстойная сума. Вось толькі траціць з яе шмат я не збіраўся, але нахабны націск дзеўкі проста прыдушыў маю волю. Да таго ж у маёй душы паміраў чароўны вобраз мілай дзяўчыны, на сустрэчу з якой я настроіўся. Яго агонія была такой пакутлівай, што, расціснуты болем, я страціў усялякую здольнасць супраціўляцца. «Гэта мне? Давай», – Насця літаральна вырвала ў мяне з анямелых рук букет. Потым схапіла мяне пад руку і рашуча скіравалася ў бок дарагога рэстарана, што быў паблізу. Я бязвольна паплёўся за ёю.

У рэстаране Насця замовіла ледзьве не палову меню. Гучна чвякаючы, яна паглынала стравы адну за другой і патрабавала, каб я расказваў анекдоты. Я ачмурэла маўчаў. «Э-э, ды ты зусім не вясёлы, – працягнула Насця. – Ну добра, я сама». І пачала адзін за другім баяць анекдоты самага непрыстойнага зместу. У мяне жудасна разбалелася галава. Раптам у монстрыхі зазваніў тэлефон. «Алё! – адказала мая мучыцелька. – Які Дзіма? Я з Дзімкам ужо ў рэстаране». Яна слухала, і твар яе змяняўся. «Ой, зразумела, зразумела, коцік, – правуркатала яна, наколькі дазваляў яе грубы голас. – Зараз прыйду». Потым паглядзела на мяне зняважлівым позіркам: «Слухай, ну ты і тупы! Гэта ж не з табой мы павінны былі сустрэцца! Мой Дзіма спазніўся і цяпер чакае мяне каля ўнівермага. А то я думаю, нешта ты да фоткі ў анкеце мала падобны. Ну ты і лох!» Нават не выцершы вусны сурвэткай, дзеўка хутка ўстала і пабегла да выхаду.

Я сядзеў з такім адчуваннем, быццам мне скасавалі смяротны прысуд. Нават аcтранамічны рахунак, які я вымушаны быў аплаціць, не азмрочыў маёй радасці. Галоўнае – сталёвыя кіпцюры пачвары расціснуліся, і я апынуўся на волі. Увесь кашмар аказаўся проста сном, мрояй. Цяпер я прачнуўся. «Але калі гэта не тая Насця, – раптам трапіла думка, – можа, і мая спазнілася і ўсё яшчэ чакае на месцы сустрэчы?» Хутка расплаціўшыся, я паспяшаўся да ўваходу ў цэнтральны ўнівермаг.

Яе я заўважыў здалёк. Дзяўчына ў вясёленькай сукенцы, але з сумным, пакрыўджана-разгубленым выразам на твары. Хвалістыя русыя валасы аблямоўвалі прыўкраснае аблічча. Я паскорыў крок. Калі наблізіўся да дзяўчыны, яна нясмела паглядзела на мяне і тут жа адвяла позірк, нібыта баялася паверыць і памыліцца, што я сапраўды прыйшоў да яе. «Вы Насця?» – выдыхнуў я. Шчокі дзяўчыны запунсавелі, і яна расквітнела ўсмешкай.

________________________

Я, Жана Марозава, была вельмі задаволеная сабою. Чарговая афера скончылася поўным поспехам. Нездарма ж я мела дыпломы філолага і псіхолага! Схема была дакладна адпрацаваная. Спачатку я выбірала на сайце знаёмстваў прыстойнага мужчыну, які ў графе «даход» пазначыў «вельмі добра зарабляю», станоўча адказаў на пытанні анкеты пра кватэру і машыну, адзначыў сур’ёзныя захапленні. Потым уступаю з ім у перапіску і, карыстаючыся сваімі ведамі, выклікаю да сябе гарачую сімпатыю. Згаджаюся на непазбежную прапанову аб сустрэчы. І вось тут выцягваю з калоды джокера – сяброўку Іну. Сваім выглядам і манерамі Інка здольная любога мужыка запалохаць да паралічу волі. Асабліва, калі ён ужо размяклы ад ружовых мар. Калі ён бездапаможна трапечацца ў яе кіпцюрах і ў душы аплаквае свой горкі лёс, даецца «адбой». Мужык невыказна ўсцешаны збавеннем. Сустракаючы потым мяне, мілую і сціплую, ён па кантрасце з жахлівай Інкай так у мяне ўлюбляецца, што адразу гатовы на ўсё. Апошняя мая ахвяра, Дзімка, напрыклад, на першым жа спатканні падарыў мне залаты ланцужок, на другім – завушніцы з брыльянтамі. А на трэцім зрабіў прапанову, купіў заручальныя пярсцёнкі і аддаў мне на захаванне да вяселля. Болей, вядома ж, ён мяне не пабачыць, бо ўсё, што я яму пра сябе напляла, уключаючы месца жыхарства і працы, вельмі далёкае ад праўды. Гэтая схема дзейнічала заўсёды. Такім манерам у мяне ўжо назбіралася вялікая калекцыя каштоўных упрыгожванняў, і я не збіралася спыняцца на дасягнутым. Інка падчас аперацый атрымлівала магчымасць адпомсіць мужыкам, якія звычайна з яе кпілі, і добра пад’есці. Так што ўсе былі задаволеныя. Акрамя, вядома ж, ахвяраў. Але яны самі вінаватыя – няма чаго быць такімі боўдзіламі! Дарэчы, ужо час пачынаць чарговае паляванне. Я звыкла зайшла на сайт знаёмстваў…

 

Наталля Канстанцінава

Апавяданне друкавалася ў газеце "Літаратура і мастацтва" № 7 (15 лютага 2019 года).

 

Прочитано 284 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии