Четверг, 18 07 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Публіцыстыка «Маладосці». Дзмітрый Шулюк. Аднойчы або ніколі

Учора ішоў дадому з метро і думаў пра тое, што раней было раней, а зараз — інакш. Некаторыя рэчы і з’явы сышлі і не вернуцца. Людзям, якія раслі з гэтымі рэчамі і з’явамі, складана ўявіць, чым іх можна замяніць. Нават калі гэтыя людзі не проста бубняць пад нос і настальгуюць у глыбіні душы, а спрабуюць разабрацца і зразумець. Я спрабую. Але без некаторых рэчаў і з’яў, якія прайшлі, я не магу ўявіць сваё жыццё.

Напрыклад, знаёмства з горадам Мінскам. На той час адзіная інфармацыя, якую маглі атрымаць выпускнікі школ пра ўстанову, у якую збіраюцца паступаць, знаходзілася ў кніжках–даведніках. Ніякага сеціва, напоўненага сайтамі з фоткамі. У нас было так. Зразумела, можна было патэлефанаваць у ВНУ і ССНУ і ўдакладніць некаторыя пытанні, але інфармацыі заставалася катэгарычна мала. Самыя смелыя (ці наадварот) і настойлівыя ехалі ў Мінск (ці іншы горад, але я тут пішу менавіта пра Мінск), каб пабачыць сваімі вачыма ўстанову, якая, магчыма, стане домам. Толькі, мяркую, і ў гэтых выпадках інфармацыю зжыралі ўражанні. Вось, напрыклад, я дакладна нічога не памятаю са сваіх першых прыездаў у сталіцу, калі здаваў тут ЦТ і экзамен, падаваў дакументы ў БДУ. Памятаю дождж. Прывакзальная плошча адклалася ў маёй галаве і нейкія доўгія (вось так падманваюць уражанні), невыносна доўгія падземныя пераходы. Цяпер я прывык да гарадоў: розных, новых, чужых. Цяпер я знаёмлюся з імі, пераварваю знаёмства, бо яно бывае толькі аднойчы або ніколі.

Некаторыя знаёмствы адкладваюцца ў галаве, некаторыя — не, але знаёмства — гэта непаўторнасць: немагчыма пазнаёміцца зноў. Таму часам немагчыма пазнаёміцца наогул. Напрыклад, з бацькамі. Гэта так дзіўна. Ты усё жыццё ведаеш іх, а яны — цябе. Таму вы не ведаеце адно аднаго. Вы не ўяўляеце, якія пачуцці, уражанні пакідаеце пры першай сустрэчы. Не ўяўляеце, якія вы для іншых людзей. Бо ў вас ёсць сваё ўяўленне, як уяўленне пра Мінск у таго, хто тут нарадзіўся: ён ніколі не пазнаёміцца са сваім горадам.

Часам тое ж бывае з музыкай і літаратурай. Я ніколі не знаёміўся з гуртам «Агата Крысці». У таты была адна касета, калі я быў зусім малы, і ў мяне не засталося ў памяці, здаецца, нічога пра свае ўражанні, пра тое, калі я пачуў гурт упершыню. Але так атрымалася, што ў дзявятым класе я зноў пачуў гэтую музыку, гэтыя песні, якія, як аказалася, ведаў на памяць.

З літаратурай інакш. Знаёмствы з маімі пісьменнікамі я, у большасці, памятаю, і ўражанні памятаю, але тут узнікае новая акалічнасць. Першы раз прачытаць кнігу можна толькі аднойчы. Часам ад гэтага сумна. Так, сумна, бо не можаш пераадкрыць для сябе такіх цудоўных празаікаў і паэтаў, не можаш вярнуць сябе ў той стан, калі заміраеш пасля першых двух радкоў/сказаў і адчуваеш, што знайшоў штосьці неверагодна сваё. Дакладна, як у кіно ці тэатры: бывае, што дзвюх хвілін хопіць, каб вочы загарэліся і перасталі міргаць.

Непаўторных дзвюх хвілін. Адсюль — немагчымасць прачытаць сваё першы раз. Няма першага разу для свайго тэксту. Першы раз праходзіць, пакуль ты пішаш. Як першы снег, першыя словы, першае лета. Пакуль ты фарміруеш у сабе ўяўленне пра свет, ты прапускаеш знаёмствы з гэтым светам. Пакуль ты ствараеш свой тэкст, ты ствараеш забарону сабе на знаёмства з ім. Пасля можна чытаць водгукі, як хоць нейкія свежыя дадаткі, але пра водгукі крыху ніжэй, зараз пра людзей.

Колькі знаёмых у чалавека за жыццё? Неверагодная колькасць. Родзічы, аднакласнікі, іншыя вучні той самай школы, настаўнікі, тэхработнікі, аднавяскоўцы, суседзі, аднагрупнікі, выкладчыкі, урачы, прадаўцы, ваенком і г. д. Большасць з іх знаёмыя, але малавядомыя, некаторыя знаёмыя, здаецца, пастаянна, і тут нават не згадаеш, як і калі яны пачалі быць знаёмымі. Толькі ў некаторых выпадках знаёмства запамінаецца. Але падсвядома штосьці адкладваецца, і там, далёка ў галаве, фарміруецца пэўны вобраз, з якім і ходзіш па жыцці. Хоць чалавек развіваецца і змяняецца. Калі ты побач з чалавекам у гэты час, то ты не заўважаеш змен, але ловіш іх, карэктуеш вобраз. Калі вы не стасуецеся са знаёмым пэўны час, то між вамі расце прорва, якая складаецца з сумы пройдзеных вамі шляхоў у развіцці. Бо гэты шлях аддаляе вобраз ад чалавека. Таму адбываецца нешта кшталту паўторнага знаёмства або расчаравання. Не заўсёды, але часцей за ўсё. Расчараванне — гэта нармальная рэакцыя чалавека на тое, што нехта не адпавядае свайму вобразу, нешта не такое, як засталося ў памяці. Бо памяць сфарміравана першаснымі ўражаннямі, бо памяць належыць таму табе, якім ты быў, а цяпер ты іншы, уражанні іншыя. Не супадаюць.

Атрымліваецца, што знаёмства — сапраўды непаўторны цуд. Знаёмства — гэта накіды на лісце паперы, з якіх пачнецца малюнак. Знаёмства — гэта выбар колераў. І таму людзі, упартыя ў сваіх меркаваннях, маюць права апраўдвацца гэтым. Як апраўдваюцца многія і пастаянна: нас так выхавалі, нас так вучылі, у нашы часы казалі так. Людзі апраўдваюць свае стэрэатыпы як абавязковыя часткі свайго сусвету, сфарміраванага сваім жыццём, асяроддзем, вопытам і адкладзенага ў памяць як факт. Факт, што ад чыгуначнага вакзала горада Мінск (станцыя Мінск Пасажырскі) да БДУ ідуць доўгія, проста даўжэзныя падземныя пераходы.

Вернемся да водгукаў. Вось тут пачынаецца адна дзіўная штука, якая ўсё ламае. Напрыклад, Кастрычнік. У школе, зразумела, матэрыял падаецца спрошчана і абязбочана. Знаёмствам гэта не назавеш. А калі, напрыклад, прачытаць «Маё жыццё» Троцкага? Я прачытаў летась. Гэта было першае знаёмства з Троцкім і Кастрычнікам. Пасля была кніжка пра Сталіна. Пасля была кніжка «Кастрычнік» М’евіля. Пасля была кніжка пра Калчака. Гэта дзіўна, але кожная кніжка знаёміла мяне са з’явай, з людзьмі, з матывамі. Мне падаецца, што калі заўтра я прачытаю кніжку пра Карнілава, то гэта таксама стане знаёмствам. Гэта будзе яшчэ адзін ракурс. Згадваецца прыпавесць пра сляпых і слана. У іх спыталі, які слон, і яны адказвалі ў залежнасці ад таго, якую частку намацалі. Кожны меў рацыю, але пра слана яны так і не сказалі.

Я да чаго вяду? Калі ў мяне спытаюць пра маіх тату, ці маму, ці брата, я не змагу расказаць нічога пра гэтых людзей — раскажу толькі пра тую частку, за якую я трымаюся. Але не трэба змешваць уласнае і агульнае. Не трэба лічыць, што, калі ў некаторых выпадках ты не можаш выйсці за межы суб’ектыўнасці, ты не можаш імкнуцца да аб’ектыўнасці ў іншых выпадках. Гістарычныя з’явы, асобы, гарады і не толькі — колькі пра гэта напісана кніг! Самыя розныя ўспаміны самых розных людзей, доказы і аргументы, гіпотэзы і прапановы знаходзяцца ў адкрытым доступе. Твая маленькая радзіма — твая маленькая радзіма. Тваё стаўленне да яе — толькі тваё. Калі ж мы гаворым пра розныя стэрэатыпы, міфы, спрашчэнні, то маем права… маем абавязак зразумець да канца, бо такія знаёмствы могуць доўжыцца вечна.

Учора ішоў дадому з метро і думаў, а сёння напісаў. На жаль, сам я не змагу прачытаць гэты тэкст упершыню. Не змагу здзівіцца, захапіцца, адкрыць штосьці для сябе. Таму я крыху вам зайздрошчу і вельмі чакаю водгукаў. Ці наадварот

Дзмітрый Шулюк

«М»

Прочитано 162 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии