Суббота, 14 12 2019
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Друкуецца ў «Маладосці». «І лёсы жыцця аздабляюць». Згадкі пра клязьменскага швагра Якуба Коласа і род Каменскіх

  • Вторник, 19 ноября 2019 11:33

На старонках «Маладосці» ў мінулыя гады былі надрукаваны артыкулы Веры Міцкевіч пра родных братоў жонкі Якуба Коласа Марыі Дзмітрыеўны — Івана і Аляксандра Каменскіх. У працяг прапануем матэрыялы пра яшчэ аднаго швагра Якуба Коласа — Міхаіла Дзмітрыевіча Каменскага, сям’я якога была цесна звязаная з песняром, а таксама кароткія біяграфічныя звесткі пра родных Марыі Дзмітрыеўны.

Тэма «Акружэнне Якуба Коласа», заяўленая больш за дзесяць гадоў таму на музейнай канферэнцыі «Каласавіны» адным з яе заснавальнікаў знаным коласазнаўцам Міхасём Іосіфавічам Мушынскім, актыўна распрацавана навукоўцамі і актуалізавалася ў сувязі з падрыхтоўкай да выдання персанальнай энцыклапедыі «Якуб Колас».

Звесткі пра бацькоў і братоў, родных і блізкіх Марыі Дзмітрыеўны Міцкевіч (у дзявоцтве Каменскай), жонкі Якуба Коласа збіраліся паступова.

Марыя Дзмітрыеўна была самай малодшай у сям’і Дзмітрыя і Марыі Каменскіх. У яе было пяцёра братоў — Васіль, Іван, Мікалай, Міхаіл, Аляксандр — і сястра Вольга.

Дзмітрый Аляксандравіч Каменскі (1843?–1912) паходзіў з сям’і расійскага святара, вучыўся на багаслоўскім курсе Яраслаўскай духоўнай семінарыі, які не скончыў, а быў накіраваны пасля падзей 1863–1864 гадоў з Яраслаўля ў Віленскі край для ўмацавання праваслаўя. Служыў настаўнікам народных вучылішч, нядзельных школак і псаломшчыкам у розных мястэчках і прыходах Віленскай і Гродзенскай губерній: Кукуцішках Свянцянскага павета, Мыто Лідскага павета, Алькеніках Трокскага павета, Ашмянах, Харобравічах Слонімскага павета. Памёр у Гродзенскай губерні.

Цешча Якуба Коласа Марыя Цімафееўна Каменская (дзявочае прозвішча невядомае, 1850–1928, Мінск) нарадзілася ў першым шлюбе віленскай памешчыцы лютэранскага веравызнання Генрыеты Карлаўны фон Гогенлоэ (1825–1910). Другі муж Г. К. фон Гогенлоэ Васіль Іванавіч Цімафееў па–бацькоўску ставіўся да падчаркі, дапамог ёй уладкавацца ў Вільні на працу прадаўцом у краму, калі яна разышлася з мужам, аматарам чаркі. Вялікі дом маці і айчыма Марыі Цімафееўны ў Мейшаголе (засценак Уцеха), што непадалёку ад Вільні, заўсёды быў адкрыты для яе і ўнукаў. Усе дзеці Марыі Цімафееўны атрымалі адукацыю, выраслі дружнымі, працавітымі, падтрымлівалі добрыя адносіны са сваякамі.

Марыя Цімафееўна з лета 1917 года, курскага перыяду, жыла ў сям’і Якуба Коласа, дапамагала выхоўваць унукаў — сыноў дачкі Марыі. Пахавана на Вайсковых могілках у Мінску.

Старэйшы брат Марыі Міцкевіч Васіль Дзмітрыевіч Каменскі (1872–1939, Вільня), як і яго тры браты Іван, Мікалай, Міхаіл, скончыў курс Ашмянскага павятовага вучылішча. З 1895 года працаваў рэгістратарам у Віленскім гарадскім паліцэйскім упраўленні, з 1900 года служыў паліцэйскім наглядчыкам у Свянцянскім павеце. Потым у Вільні — памочнікам прыстава ў розных гарадскіх участках, у 1914–1915 гадах даслужыўся да прыстава, меў чын надворнага саветніка. Быў жанаты, дзяцей у сям’і не было.

У чэрвені 1913 года Васіль Дзмітрыевіч на аўтамабілі сустракаў на Віленскім чыгуначным вакзале сястру Марыю з мужам Канстанцінам Міцкевічам, якія адразу пасля вянчання ў Пінску паехалі ў вясельнае падарожжа да маці і родных маладой. Падарункам строгага брата Марыі быў самавар. Падчас Першай сусветнай вайны летам 1915 года Якуб Колас з жонкай і малым сынам–першынцам Данілам неафіцыйна знаходзіўся ў Вільні (у доме жонкі ў Павільнюсе), чаму спрыяў яго швагер–прыстаў. Пазней Васіль Дзмітрыевіч, як і іншыя віленскія родзічы Марыі Дзмітрыеўны, быў у бежанцах, у 1922 годзе ён вярнуўся ў Вільню, дзе і пражыў да канца жыцця.

Мікалай Дзмітрыевіч Каменскі (1876–1947, Мікалаеў, Украіна) жыў з сям’ёй у Мікалаеве ва Украіне, працаваў рабочым на буйным суднабудаўнічым заводзе, меў званне Героя Працы (званне надавалася ў 1927–1938 гадах тым, хто меў працоўны стаж не меней за 35 гадоў). Сям’я была вялікая: жонка Сцепаніда Мікітаўна, сыны Павел (Пава), Аляксандр (Шурка), Мікалай, прыёмны сын Барыс, дочкі Ганна (Нюся) і Марыя, унукі і ўнучкі. Жылі яны сціпла. Пасля смерці Марыі Цімафееўны Каменскай Марыя Дзмітрыеўна адправіла ўсе яе рэчы сям’і роднага брата Мікалая ва Украіну. У 1935 годзе ў Мікалаеве гасцяваў сярэдні сын Коласа, а ў 1938 годзе мікалаеўскія родзічы прыязджалі да мінчан. У пасляваенныя гады Мікалай Дзмітрыевіч і яго сямейнікі перапісваліся з Якубам Коласам. У іх лістах гучыць падзяка за падарункі ўнукам і грашовую дапамогу. Швагер Якуба Коласа памёр у 1947 годзе, а праз два тыдні памёр і яго сын Павел ад хваробы страўніка, на якую ён захварэў ад голаду ў нямецкім палоне.

Лёс адзінай сястры жонкі Якуба Коласа Вольгі Дзмітрыеўны Каменскай застаецца нявысветленым. Вядома толькі, што яна настаўнічала на пачатку ХХ стагоддзя, памерла ў маладым узросце да вяселля сястры Марыі ў чэрвені 1913 года.

Швагры паэта Іван і Аляксандр Каменскія прадстаўлены на старонках «Маладосці» асобнымі артыкуламі (гл. 2014, № 11, с. 111–113; 2016, № 11, с.115–119).

Сем’і Якуба Коласа і Міхаіла Дзмітрыевіча Каменскага (1879–1961), брата жонкі паэта, сябравалі і мелі цесныя зносіны. Падмаскоўная Клязьма, дзе жылі Каменскія гэтай лініі, была прытулкам сям’і Міцкевічаў у ваенныя 1941 і 1943–1944 гады. І ў даваенны час, і пасля смерці Марыі Дзмітрыеўны гэтыя роднасныя сувязі не перарываліся.

Міхаіл Дзмітрыевіч пражыў доўгае жыццё, быў жыццялюбам і аптымістам па натуры, майстрам на ўсе рукі і з вялікай павагай і любоўю адносіўся да малодшай сястры і яе сям’і, шанаваў Канстанціна Міхайлавіча.

Міхаіл быў чацвёртым сынам у бацькоў, нарадзіўся 12.11.1879 (24.11. па н. ст.) у мястэчку Алькенікі Трокскага павета Віленскай губерні (цяпер Валькінінкай, Літоўская Рэспубліка). Ён быў ахрышчаны ў Свята–Мікалаеўскай царкве ў Алькеніках, дзе абавязкі псаломшчыка выконваў яго бацька, хроснымі былі родзічы па лініі маці — мейшагольскі валасны пісар В. І. Цімафееў і яго дачка Кацярына Васільеўна Кукін [4].

Пасля заканчэння двухкласнага Ашмянскага павятовага вучылішча Міхаіл скончыў Віленскія чыгуначныя курсы пры Палескай чыгунцы. Спачатку свой лёс Міхаіл Дзмітрыевіч звязаў з чыгункай, з 1896 па 1927 гады з перапынкамі працаваў на Палескай і Паўночнай чыгунках на розных пасадах: ад тэлеграфіста да начальніка станцыі, рэвізора–інструктара і памочніка начальніка аддзела здарэнняў Паўночнай чыгункі. З 1917 года прымаў актыўны ўдзел у арганізацыі чыгуначных прафсаюзаў, дзе выбіраўся на розныя пасады. У 1922–1923 гадах выконваў абавязкі старшыні Клязьмінскага пасялковага Савета. У 1924 годзе арганізаваў у горадзе Пушкіна Маскоўскай вобласці першы дзяржаўны склад лесапільных матэрыялаў для рамонту і будаўніцтва жылога фонду.

Са стратай у 1928 годзе працаздольнасці для работы на чыгунцы Міхаіл Дзмітрыевіч перайшоў у прамкааперацыю і кааперацыю інвалідаў, атрымаў спецыялізацыю па абразіўнай і драбільна–памольнай вытворчасцях, пасля стажыроўкі ў Ленінградзе працаваў майстрам–керамікам на заводзе «Мінерал» у Маскоўскай вобласці. Міхаіл Каменскі — аўтар некалькіх прамысловых вынаходніцтваў як у даваенны, так і ў пасляваенны час; у 1944 годзе пабудаваў у Клязьме млын для патрэб мясцовых заводаў, калгасаў, сельскіх падсобных гаспадарак і насельніцтва.

Арганізатарскія здольнасці, дэвіз «Не сумаваць» дапамагалі сям’і Міхаіла Дзмітрыевіча перажываць ліхалецце. Міхаіл Каменскі быў узнагароджаны Ганаровымі граматамі, значком выдатніка кааперацыі, медалём «За доблесную працу ў гады Вялікай Айчыннай вайны 1941–1945 гадоў»; яго працоўны стаж складаў 62 гады.

Памёр Міхаіл Дзмітрыевіч 4.08.1961 года ў Клязьме, пахаваны на могілках сяла Чаркізава (ст. Тарасаўская, адзін чыгуначны прыпынак ад Клязьмы ў бок Масквы).

У 1907 годзе Міхаіл Дзмітрыевіч пабраўся шлюбам з Марыяй Канстанцінаўнай (дзяв. Белацелава; 1887–1972), якая паходзіла з мяшчанскай сям’і з Троіца–Сергіева Пасада Маскоўскай губерні; скончыла жаночыя курсы.

Праз год у сям’і нарадзіліся хлопчыкі–двайняты Валянцін і Барыс. Валянцін памёр у трохмесячным узросце, Барыс у чатыры годзікі атруціўся воўчымі ягадамі і таксама памёр. Пасля нарадзіліся тры дачкі — Вольга, Ніна, Вера. Марыя Дзмітрыеўна і Канстанцін Міхайлавіч любілі пляменніц як сваіх дачок — можа, і таму, што самі гадавалі трох сыноў.

У завяршэнне біяграфічных дадзеных прывяду кароткія звесткі пра пляменніц жонкі Якуба Коласа. Вольга Міхайлаўна Каменская (1911, Мыцішчы — 1999, Клязьма) працавала ў аддзеле землеўпарадкавання, галоўным бухгалтарам Міністэрства сельскай гаспадаркі СССР. Была замужам, напрыканцы 1930–х гадоў яе мужа Юліўса Пятровіча Брэдзіса рэпрэсіравалі. Да вайны Вольга перапісвалася з Якубам Коласам па справе вызвалення дзядзькі Сашы — Аляксандра Каменскага — з ГУЛАГу. Якуб Колас падчас прыездаў у Маскву, бывала, спыняўся ў маскоўскай кватэры жончынай пляменніцы. Захавалася кніга з дарчым надпісам паэта: «Милой, хорошей, принципиальной Оле, племяннице, на добрую память от дяди Я. Коласа. Москва. 19.VI.1940 г.» [3, с. 355].

Ніна Міхайлаўна Аўдзеева (дзяв. Каменская; 1921, Клязьма — 1999, Масква) выкладала англійскую мову ў розных ВНУ, у тым ліку ў Маскоўскім фізіка–тэхнічным інстытуце. Муж Міхаіл Андрэевіч Аўдзееў (1921–2004) — ваенны інжынер, сыны Андрэй 1948 г. нар. (памятае, як Якуб Колас падарыў яму цюбецейку) і Мікалай 1956 г. нар.

Вера Міхайлаўна Канавалава (дзяв. Каменская; 1924, Клязьма — 2014, Клязьма) падчас вайны служыла ў в/ч у горадзе Алатыр у Чувашыі, пасля скончыла літаратурны факультэт Маскоўскага педагагічнага інстытута, працавала ў ваеннай рэдакцыі Генеральнага штаба, у 1975−1986 гадах —загадчыцай секцыямі гатэля «Масква» ў Маскве.

Гарадскі пасёлак Клязьма і аднайменная чыгуначная станцыя знаходзяцца за 27 кіламетраў ад Масквы па Яраслаўскай лініі. Непадалёку ад чыгуначнага прыпынку ў 1918 годзе Каменскія набылі ўчастак з пяціпакаёвым домам, дзе пражывалі стала. На ўчастку раслі рэшты лесу — бярозы, сосны, ліпы, да якіх падсадзілі кедры, кусты бэзу, каля дома разбілі кветнікі, быў і невялікі агарод. Міцкевічы не раз прыязджалі гасцяваць у Клязьму, яны пачувалі сябе тут утульна, як дома, не так, як у шумнай каменнай сталіцы. Напрыклад, на пачатку студзеня 1923 года Марыя Дзмітрыеўна з васьмігадовым Данікам гасцявала ў Клязьме, а Канстанцін Міхайлавіч застаўся з пяцігадовым Юркам у Мінску і падрабязна апісваў у лісце да жонкі жыццё–быццё падчас навагодніх свят, сустрэчы са знаёмымі, творчую працу. У сям’і Каменскіх захаваліся лісты Якуба Коласа (усе лісты надрукаваны ў Зборы твораў 2007–2012 гадоў), якія дапаўняюць вобраз песняра. У лістах да швагра і яго сям’і Якуб Колас распавядаў пра хатнія і сямейныя справы, прыродныя з’явы, апісваў сваё падарожжа на курорт Цхалтуба, звяртаўся з рознымі просьбамі, напрыклад, дапамагчы набыць ровар для сына Юркі, а ў 1942 годзе прытуліць на начлег віцэ–прэзідэнта АН БССР С. М. Ліпатава.

Падчас Другой сусветнай вайны непрацяглая паштовая сувязь з сынам Юркам была наладжана менавіта праз сям’ю клязьменскіх Каменскіх. Як толькі Юрка напісаў з фронту дзядзьку, Міхаіл Дзмітрыевіч 15 верасня 1941 года адправіў Міцкевічам у Ташкент тэлеграму з паведамленнем адрасу вайсковай пошты іх сярэдняга сына.

Адной з сумных тэм перапіскі паміж шваграмі была справа вызвалення «дзядзькі» Сашы з ГУЛАГу. Родныя не пакідалі гэтай справы нават падчас вайны, не ведаючы, што Аляксандра Дзмітрыевіча ўжо няма ў жывых. З ліста Міхаіла Каменскага да Якуба Коласа ў Ташкент ад 18 лістапада 1942 года: «Дорогой Костя! Привет! Сижу вдвоём с М.[арией] К.[онстантиновной] за чашкой чая. Разговорились о “дяде” Саше, о других и очень грустно как-то стало. Хотелось бы с тобой поделиться кой о чём, о маленьких семейных радостях и несправедливостях. Мыслями и чувствами я переношусь к тебе в Ташкент в твою семью. Как бы вижу и ощущаю вас всех» [1].

Прыязджалі і клязьменцы ў госці да Міцкевічаў. Міхаіл Дзмітрыевіч са старэйшай дачкой Вольгай у 1932 годзе — на 50–годдзе паэта, у 1937 годзе — пляменніца Ніна на летнія канікулы ў Вусце (Пухавіччына).

Клязьма стала домам Якубу Коласу, Марыі Дзмітрыеўне, Данілу і Міхасю з 5 ліпеня па 7 жніўня 1941 года.

Вера, малодшая з дачок Каменскага, распавядала, як у спякотны ліпеньскі дзень яна абірала парэчкі з куста і ўбачыла: па пыльнай дарозе ідуць з няхітрымі пажыткамі стомленыя Міцкевічы. Замест таго, каб пабегчы насустрач і дапамагчы, як ужо ўяўлялася ёй дарослай, Вера кінулася ў дом да бацькоў са словамі: «Мінскія ідуць!»

На пачатку вайны Міцкевічы затрымаліся ў Клязьме на месяц. Дапамагалі гаспадарам нарыхтоўваць дровы на зіму, касіць і сушыць траву, перарабляць склеп у бомбасховішча. Марыя Дзмітрыеўна клапацілася, перажывала за ўсіх, чакала вестачкі ад сына–франтавіка.

Пасля 22 ліпеня, пачатку бамбёжак Масквы, у Клязьму з Масквы на сваёй машыне «Шэўрале» прыехалі Янка Купала і Уладзіслава Францаўна, з імі быў шафёр Ілля Яртымік. Машыну схавалі на ўчастку Каменскіх. Янка Купала спаў у машыне і падчас бамбёжак у сховішча не хадзіў, а заставаўся ў доме.

Кожны дзень Якуб Колас і Янка Купала хадзілі на чыгуначную станцыю слухаць радыё, купляць газеты, наглядаць зарава пажараў над Масквой, заходзілі і ў шапік па спіртное. Даніла Канстанцінавіч Міцкевіч, які часта суправаджаў Янку Купалу ў Клязьме, так прыгадваў: «Мы разам снедалі, абедалі, вячэралі. Часта і за снеданнем сябры выпівалі па чарцы–другой, на што гаспадыня, жонка дзядзькі Мішы Марыя Канстанцінаўна глядзела са страшным здзіўленнем і жахам. Як гэта можна піць гарэлку з самай раніцы?! Дзядзька Міша, яго жонка і тры дачкі не пілі нават у святы, і яе такое вельмі здзіўляла» [5].

У клязьменскі перыяд 1941 года Якубам Коласам былі напісаны вершы «Душою і сэрцам мы з вамі, героі...», «Фашысцкім бандытам», «На абарону», «Байцам–камсамольцам», «Голас ветру», «Смерць разбойнікам», «Развітанне».

Адступаючы ад тэмы, прыгадаю пачутае ў 2011 годзе з вуснаў клязьменскай цёткі Веры пра Янку Купалу, яго апошнія дні жыцця. Яна згадвала, што 28 чэрвеня ці днём раней Іван Дамінікавіч тэлефанаваў у Клязьму (з ім гаварыла яе сястра Вольга) і сказаў, што збіраецца на наступны ці праз дзень наведаць Клязьму. Настрой у Купалы быў добры. Калі Вера Міхайлаўна ў 1970–1980–я гады працавала ў гасцініцы «Масква», ужо не засталося нікога з персаналу 1942 года. Яна пацвердзіла, што парэнчы ў старым корпусе гасцініцы былі вельмі нізкія, а Купала яшчэ годам раней пры хадзьбе прыпадаў на адну нагу, ды і чарку любіў. Вера Міхайлаўна схілялася ў сваіх разважаннях да няшчаснага выпадку гібелі паэта. Тое ж адзначаў і старэйшы сын Коласа. Дадам толькі, што яшчэ далёка не ўсе дакументы адшуканы і вывучаны. Напрыклад, у дзённіку ўкраінскага паэта Івана Няходы ёсць цікавы запіс ад 29 чэрвеня 1942 года, зроблены ў гасцініцы «Масква»...

Пасля ташкенцкай эвакуацыі сям’я Якуба Коласа ў лістападзе 1943 года вярнулася ў Клязьму, каб быць бліжэй да Бацькаўшчыны, роднай Беларусі, вызваленне якой ад фашысцкага ярма ўжо пачалося.

Міхаіл Дзмітрыевіч падрыхтаваўся да прыезду родных, у доме было цёпла, назапасілі дастаткова бульбы, капусты, морквы, буракоў. Колас пісаў у лістах да сяброў, што ў Клязьме яму жывецца лепш, чым у Ташкенце. У Клязьме паэт плённа працаваў, пісаў вершы, артыкулы, паэму «Адплата» (раздзелы XIII–XXII), вёў дзённік «Гаворыць Клязьма» (01.02.–16.10.1944), пісаў лісты да С. Гарадзецкага, Э. Агняцвет, С. Сомавай, Г. Гарэцкага і інш. З Клязьмы Якуб Колас ездзіў па справах у Маскву, у камандзіроўку ў вызваленыя Гомель, Навабеліцу, Мазыр, Калінкавічы.

За паўтара кіламетра ад Клязьмы на ст. Тарасаўка знаходзілася дача вядомага расійскага пісьменніка Аляксея Сілавіча Новікава–Прыбоя, з якім Якуб Колас сябраваў з 1930–х гадоў. Пісьменнікі сустракаліся як у 1941 годзе (і Янка Купала), так і ў 1943–1944 гадах у Клязьме і на дачы. У канцы красавіка 1944 года А. С. Новікаў–Прыбой памёр, сям’я Коласа была на яго пахаванні ў Маскве.

Як прыгадвала пляменніца В. М. Канавалава, нярэдка Канстанцін Міхайлавіч працаваў дапазна, у 2–3 гадзіны ночы прасіў распальваць самавар і гатаваць чай. У Клязьму да Міцкевічаў нярэдка заязджалі знаёмыя. Марыя Дзмітрыеўна завіхалася па гаспадарцы, пасля Ташкента здароўе яе пагоршылася, яна часта хварэла, прасіла каго з пляменніц з’ездзіць па прадукты. Яе душэўныя перажыванні, хутчэй дарэмныя, былі звязаны з паэтэсай і перакладчыцай Святланай Сомавай. У той жа час гаспадыня дому Марыя Канстанцінаўна Каменская не разумела ўкладу жыцця сям’і сястры мужа, таму і ўзнікалі нейкія непаразуменні. Як лічыў Колас, гэта таксама падрывала здароўе яго любай Марусі. На самой справе Марыя Канстанцінаўна была па характары прынцыповай, не хацела ўмешвацца ў жыццё іншай сям’і, нават не дазваляла сабе і сваім дзецям штосьці з’есці з прадуктовага пайка народнага паэта, але ж пражывалі ўсе ў адным доме і кожны, як кажуць, па сваім статуце. Марыя Дзмітрыеўна была хворая на анкалогію. У снежні 1944 года ёй паспяхова зрабілі складаную аперацыю. На жаль, з–за халадоў у бальніцах, дзе яе лячылі, дадалося цяжкае запаленне лёгкіх. Смерць жонкі 21 траўня 1945 года ў маскоўскай бальніцы была для Якуба Коласа велізарнай стратай, душэўнай ранай, выпрабаваннем апошніх адзінаццаці гадоў яго жыцця. З гадамі крыўды і згрызоты прайшлі, а інакш і не магло быць у адносінах паміж сваякамі.

Швагры Якуба Коласа Іван і Міхаіл Каменскія ўвесь час падтрымлівалі паэта і яго сыноў, перапісваліся, прыязджалі ў госці і запрашалі да сябе. Лісты Міхаіла Дзмітрыевіча заўсёды пачыналіся вітаннем «Дарагі Косця!», у якіх ён падрабязна пісаў пра сваю гаспадарку, вынаходніцтвы, дачок, аднойчы зарыфмаваў пажаданне, каб «наш Колас часцей падаваў свой голас» [6]. Канстанцін Міхайлавіч у адказах распавядаў пра сябе, сыноў, унукаў, надвор’е, жадаў клязьменцам здароўя, а няўрымсліваму швагру — не перапрацавацца. Вясной 1949 года М. Д. Каменскі разам з жонкай прыязджалі ў Мінск праведаць магілу Марыі Дзмітрыеўны і пабачыць надмагільны помнік.

Міхаіл Дзмітрыевіч шчыра падтрымліваў і зараджаў сваім аптымізмам народнага паэта. Якуб Колас пісаў клязьменскаму швагру (цытую на мове арыгінала): «Радуюсь, Мишенька, за тебя: ты никогда в жизни не унываешь. И характер у тебя хороший, и сердце у тебя доброе» [2]; «Дорогой Миша!... Ты всё такой же неутомимый, ищущий, неуспокаивающийся. Это очень хорошо» [3, с. 72].

Клязьменскі дом Каменскіх, прытулак ваенных гадоў сям’і Якуба Коласа, захаваўся і сёння існуе ў перабудаваным выглядзе. У ім жывуць нашчадкі — унукі і праўнукі — «чулага, сардэчнага, гасціннага» Міхаіла Дзмітрыевіча Каменскага.

 

Подпісы пад фотаздымкамі:

 

  1. Каменскія: унізе сядзіць Аляксандр, за ім — маці Марыя Цімафееўна, справа — сястра Марыя, паміж імі Нюся (дачка Мікалая); стаяць Іван (злева) і Васіль. Вільня, 1909. З фондаў Дзяржаўнага літаратурна–мемарыяльнага музея Якуба Коласа.
  2. Злева направа: К. В. Гораў, сяброўка сясцёр Каменскіх, Янка Купала, Ніна і Вера Каменскія. Клязьма, 1941, ліпень. З фондаў Дзяржаўнага літаратурнага музея Янкі Купалы.
  3. Злева направа: М. Д. Каменскі, М. К. Жадовіч, Якуб Колас, С. В. Скандракоў, Д. К. Міцкевіч. Клязьма, 1944. Прыватны архіў нашчадкаў Якуба Коласа.
  4. Злева направа: Д. К. Міцкевіч (стаіць), І. Д. Каменскі, Якуб Колас, Н. І. Міцкевіч трымае на руках сына Сяргея, М. К. Каменская і М. Д. Каменскі. Мінск, каля дома паэта, 1949. З фондаў Дзяржаўнага літаратурна–мемарыяльнага музея Якуба Коласа.

 

Літаратура

  1. Дзяржаўны Літаратурна–мемарыяльны музей Якуба Коласа. — Асабісты архіў. — Воп. 102. — КП–12275/Аа–5137.
  2. Колас, Якуб. Збор твораў у 20 тт. / Якуб Колас. — Мінск: Белар. навука, 2007–2012. — Т. 19. Лісты 1943–1953. — 2012. — С. 573.
  3. Колас, Якуб. Збор твораў у 20 тт. / Якуб Колас. — Мінск: Белар. навука, 2007–2012. — Т. 20. Лісты 1954–1956 і недатаваныя. Аўтабіяграфіі. Дзённікі. Інскрыпты. — 2012.
  4. Літоўскі дзяржаўны гістарычны архіў (LVIA). — Фонд 605. — Воп. 20. — Адз. зах. 443. — Арк. 5 адв., 6.
  5. Міцкевіч, Д. Любіць і помніць: Успамінае сын Якуба Коласа / Д. Міцкевіч. — Мінск: Полымя, 2000. — С. 70–71.
  6. Прыватны архіў нашчадкаў Якуба Коласа. — Асабісты архіў Якуба Коласа. — Воп. 58. — № 70.

 

Вера Міцкевіч

Крыніца: «Маладосць» 

Прочитано 449 раз
Авторизуйтесь, чтобы получить возможность оставлять комментарии