Суббота, 08 08 2020
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

На конкурс апавяданняў «Звязды». Вiктар Варанец: Гарачы хлеб

Прызнаюся, прачытаўшы ў рукапiсе апавяданне Вiктара Варанца «Гарачы хлеб», я не паленаваўся пашукаць на прасторах iнтэрнэту «Мемуары» князя Юсупава, каб пераканацца, цi праўда ў таго быў, як ён лiчыў, самы адданы яму слуга Рыгор, якi меў беларускiя каранi i ў вынiку аказаўся вядомым злачынцам. А ўрэшце, што з таго, калi б, скажам, на самай справе слуга Рыгор быў, але нiякi не злачынца?! Мастацкi жанр дазваляе i не такiя вольнасцi ў абыходжаннi з гiстарычнымi фактамi. А пасля — як тут не згадаць Валянцiна Пiкуля, якога крытыка часта дакарала за гэтыя самыя вольнасцi, нават прыдумала тэрмiн «пiкулярызацыя гiсторыi», аднак папулярнасцi твораў пiсьменнiка ўсё гэта не замiнала.

Алесь Бадак

 

Iрына блукала па шматлiкiх пакоях вялiзнага палаца, нервова пазiраючы на гадзiннiкi, што стаялi на падлозе, столiках, вiселi на сценах. Ужо дзве гадзiны, як Фелiкс, яе каханы муж, павiнен быць дома. На вулiцы добра сцямнела, там-сям чулiся стрэлы, крыкi, рэзкiя каманды. Восенню 1917 года ў Петраградзе было неспакойна, i таму Iрына не знаходзiла сабе месца. Але вось заблямкаў званочак на ўваходзе, пачулiся крокi пакаёўкi, i праз хвiлiну ў пакой увайшоў высокi, хударлявы, з iканапiсным тварам вiзантыйскага пiсьма мужчына. Князь Фелiкс Фелiксавiч Юсупаў, граф Сумарокаў-Эльстан. Iрына Аляксандраўна, дачка вялiкага князя Аляксандра Мiхайлавiча i вялiкай княгiнi Ксенii Аляксандраўны, сястры Мiкалая II, са слязьмi на вачах кiнулася мужу на шыю.

— Фелiкс, ну як так можна, я ўся на нервах! Дзе ты быў?

Юсупаў пяшчотна пагладзiў жонку па валасах, узяў пад руку i пасадзiў у глыбокае крэсла. Сам сеў насупраць i доўга, цёпла глядзеў на сваю Iрыну.

— Iрына, — мякка загаварыў Фелiкс, — выслухай мяне ўважлiва i пастарайся зразумець. Часовы ўрад сёння-заўтра падзе. Гэта ўжо факт. Усе дзяржаўныя пасады зоймуць камiсары-яўрэi з рускiмi псеўданiмамi. У сталiцы поўны вэрхал. Iмператрыца Марыя Фёдараўна, Вялiкi князь Аляксандр Мiхайлавiч, Вялiкая княгiня Вольга Аляксандраўна з мужам тайна ад'ехалi ў Крым у суправаджэннi адданага атрада сапёраў. Сёння апоўначы туды ж адпраўляецца спецыяльны цягнiк з рэчамi iмператарскай сям'i. Я дамовiўся, i да цягнiка прычапiлi пасажырскi вагон. Гэта наш апошнi шанц пакiнуць сталiцу i застацца жывымi.

Княгiня прыпала галавой да пляча Юсупава i гучна зарыдала.

Фелiкс прыабняў жонку за плечы:

— Збярыся, Iрына. Не час на слёзы. Ты павiнна захаваць мужнасць i вытрымку.

— Я толькi слабая жанчына, — скрозь слёзы прамармытала Iрына. — Я не хачу быць мужнай i вытрыманай. Я хачу жыць як раней.

— Хутка гэта ўсё скончыцца, — пачаў супакойваць яе Фелiкс, — i мы абавязкова зажывём як раней. Толькi перавешаем гэтую чэрнь. Збiрайся!

Iрына з жахам зiрнула ў вочы мужа.

Князь Юсупаў накiраваўся ў свой кабiнет, дзе яго даўно чакаў слуга Рыгор. Пры з'яўленнi гаспадара ён ускочыў з крэсла i нiзка пакланiўся.

— Сядайце, Рыгор, — указаў рукой на крэсла Юсупаў. — Хачу даручыць вам адну надзвычай важную справу. Вы, Рыгор, самы адданы чалавек нашай сям'i, i гэты сакрэт я магу даверыць толькi вам.

— Я слухаю, пане! — зноў ускочыў слуга.

— Не скачыце, калi ласка! — зморшчыўся Юсупаў. — Сёння вы сядзеце ў цягнiк i даедзеце да Вiльнi. Там у купэ зойдзе чалавек i запытае: «Вы Павел Бурэ?» Вы адкажаце: «Павел Бурэ — гэта гадзiннiк». Гэты чалавек даставiць вас у Швейцарыю, дзе i будзеце чакаць майго прыезду. I ведайце: ваша адданасць будзе добра ўзнагароджана ў Швейцарыi.

— А як доўга мне трэба будзе чакаць пана? — запытаўся слуга.

— Думаю, тры-чатыры тыднi. Жыць будзеце ў гатэлi, сакваяж памясцiце там жа ў сейф. Пражыванне, харчаванне аплачана. Вось новы пашпарт i грошы на дробныя выдаткi.

Юсупаў працягнуў тоўсты партманет мужчыну. Рыгор яшчэ раз зiрнуў адданымi вачыма на князя, цяжка ўздыхнуў, узяў кашалёк i дакументы.

«Дзякуй богу, хоць у гэтым чалавеку я магу быць упэўнены», — падумалася Юсупаву.

Князь пра ўсё паклапацiўся. Ён выкупiў для Рыгора цэлае купэ, i слуга ехаў, як важны вяльможа, адзiн. Мужчына ў задуменнасцi гартаў свае новыя дакументы на iмя Веласа Яна Iванавiча. Паклаўшы пашпарт на стол, ён падняўся, зачынiў дзверы купэ i выцягнуў з-пад лавы сакваяж. Замок на iм быў зачынены. Рыгор усмiхнуўся, дастаў з кiшэнi невялiчкую звязку ключоў, адмычак, выбраў патрэбную i пачаў паволi корпацца ў замку. Праз хвiлiну пачуўся лёгкi шчаўчок — i сакваяж адкрыўся. Рыгор высыпаў усё змесцiва на суседнюю канапу i мiжволi прысвiснуў: смарагды, сапфiры, дыяменты, рубiны ў срэбры i золаце, каштоўныя брошкi, дыядэмы, калье зiхацелi i пералiвалiся, гiпнатызуючы сваёй прыгажосцю. Гэта былi не проста каштоўнасцi, а сапраўдныя шэдэўры ювелiрнага мастацтва. Ён акуратна склаў скарбы назад у сакваяж, зачынiў i паставiў на месца. А сам задаволена адкiнуўся на спiнку канапы.

Так, час быў патрачаны недарэмна. Чатыры гады таму дваццацiтрохгадовы ўраджэнец невялiчкага правiнцыяльнага гарадка Гродна, што месцiцца ў самым дальнiм куточку Паўночна-Заходняга краю Расiйскай iмперыi, Рыгор Панасавiч Салавей прыехаў у Санкт-Пецярбург i вырашыў уладкавацца на працу. Беларусаў ахвотна наймала сталiчная арыстакратыя ў слугi, пакаёўкi, аканомы, бо тыя былi заўсёды сумленныя, рахманыя i адданыя сваiм гаспадарам. Рыгорка праз аднаго з землякоў досыць хутка ўладкаваўся слугой да Фелiкса Юсупава. Увiшны, нястомны, з умелымi рукамi, Салавей спадабаўся маладым гаспадарам i ўжо праз год стаў самай даверанай асобай з усёй прыслугi ў Фелiкса Фелiксавiча.

— У iм я ўпэўнены як ў сабе! — не раз гаварыў Юсупаў знаёмым. Грышка, калi чуў такiя словы, толькi апускаў долу вочы i сцiпла ўсмiхаўся. Зразумела, князь i не здагадваўся, што ў сваiм родным Гродне Рыгор Салавей быў вядомай асобай. Нягледзячы на малады ўзрост, ён у крымiнальным асяроддзi лiчыўся самым умелым «мядзведнiкам», для якога не iснавала ў свеце сейфаў, што нельга было б узламаць. Адна з праведзеных аперацый прымусiла хлопца з'ехаць на пэўны час з Гродна. I тут добрай схованкай ад палiцыi стаў дом Юсупавых. Каб не страцiць квалiфiкацыю, Рыгор час ад часу «зазiраў» у чужыя скарбонкi, але яго асноўнай мэтай быў сейф Юсупава. I бачыш, як распарадзiўся лёс: скарбы самi прыйшлi ў Рыгоравы рукi.

На станцыi Дзвiнск Салавей з сакваяжам у руках выйшаў з вагона i пакрочыў да бiлетных кас. Вiльня нiяк не ўваходзiла ў планы хлопца. Яму трэба трапiць у Маладзечна, а там з дапамогай добрых знаёмых перабрацца праз нямецкую лiнiю акупацыi ў роднае Гродна...

Мiкiта Балько сядзеў у невялiкай чытальнай зале абласной бiблiятэкi зусiм адзiн, калi не лiчыць немаладую супрацоўнiцу. Зрэшты, так было i ўчора, i пазаўчора. 1991 год быў не самым спрыяльным годам для навуковай дзейнасцi. Сябры па юрыдычным факультэце вольны час трацiлi з большай ахвотай на паездкi ў суседнюю Польшчу, каб зарабiць колькі долараў на якое адзенне цi абутак. Жыць на стыпендыю было немагчыма. Якая тут бiблiятэка? Балько ж любiў вучыцца, галеча яго не палохала, а сялянская жылка ўсё даводзiць да лагiчнага канца спадабалася загадчыку кафедры крымiнальнага права i крымiналiстыкi. Ён i прапанаваў студэнту заняцца навукай.

— Разумееце, Мiкiта, гiсторыя развiцця грамадства падказвае, што часы ператрусаў абавязкова заканчваюцца, i грамадству абавязкова спатрэбiцца навуковая элiта. За гэты неспакойны час вы можаце закончыць унiверсiтэт, паступiць у аспiрантуру i абаранiць дысертацыю. Задаткi для гэтага ў вас ёсць, працалюбства прысутнiчае, чаму б не паспрабаваць?

Навуковы кiраўнiк даў Мiкiту заданне сабраць матэрыял па гiсторыi крымiнальных спраў у Гродне першай паловы дваццатага стагоддзя. I зараз хлопец перагортваў старонкi гарадзенскай газеты Grodner Express за 1936 год, з цяжкасцю перакладаючы з польскай мовы крымiнальныя навiны. Неўзабаве яму на вочы трапiў невялiчкi артыкул «Tajemnicza mierж we wiasnym domu». Мiкiта пачаў уважлiва чытаць.

«28 жнiўня ў сваiм доме на вулiцы Грандзiцкай, 29 было знойдзена прыслугай цела вядомага мецэната, прамыслоўца i грамадскага дзеяча нашага горада Яна Веласа. Цела памерлага без слядоў гвалту ляжала каля стала ў рабочым кабiнеце. Па словах прыслугi, нiчога з кватэры не знiкла. Аднак палiцыя, як стала вядома нашаму карэспандэнту, не знайшла ў доме славутай калекцыi каштоўнасцяў Веласа. Таксама застаецца загадкай, адкуль узяўся ў сейфе пашпарт 1913 года з фотаздымкам забiтага, выпiсаны на iмя Салаўя Рыгора Панасавiча, i якiм чынам у кiшэнi Веласа аказалася дыядэма з надпiсам «Каханай Iрыне ад мужа. Фелiкс Юсупаў». Палiцыя лiчыць, што Ян Велас памёр ад сардэчнага прыступу. Гэтую версiю пацвердзiлi i патолагаанатамы. Следства працягваецца».

Мiкiта адсунуў газету i на хвiлiну задумаўся. Нешта вельмi знаёмае прамiльгнула ў гэтым артыкуле. Але што? Балько зноў схiлiўся над газетай, прабягаючы вачыма па выцвiлых ад часу радках. «Так, Ян Велас, вулiца Грандзiцкая, 29, сейф, пашпарт, Рыгор Салавей... Стоп!»

Мiкiта ажно падскочыў у крэсле. Рыгор Салавей! Гэтае прозвiшча ён сустракаў зусiм нядаўна. I нават рабiў нейкiя выпiскi. 1913 год, Гродна... Так, iнфармацыя была ў «Гродзенскiм веснiку». Здаецца, пра абрабаванне нейкага купца. Мiкiта хуценька сабраўся i пабег дахаты. Ён дастаў з палiцы тоўсты сшытак, сеў на ложак i пачаў гартаць. Ага, вось гэты запiс. «7 студзеня 1913 года было азмрочана ў Гродне двума прыкрымi здарэннямi. Уначы невядомыя абрабавалі дом купца Iосiфа Iндурскага па вулiцы Палiцэйскай, 5. У адсутнасць сям'i пацярпелага зладзеi ўзламалi сейф з вельмi складаным замком i выкралi, па iнфармацыi самога Iндурскага, амаль дзевяць тысяч рублёў, падрыхтаваных для куплi новага памяшкання пад краму. А ўжо ранiцай паступiла iнфармацыя ў пажарную каманду горада, што на вулiцы Грандзiцкай, 29 гарыць прыватны дом. Калi пажарныя прыбылi на месца пажару, iх сустрэла толькi папялiшча, а сярод вуголля i попелу ляжалi абгарэлыя косцi невядомага. Палiцыя лiчыць, што гэта, магчыма, рэшткi гаспадара дома Рыгора Салаўя. Цiкавая iнфармацыя: па звестках палiцыi, Рыгор Салавей быў вядомы ў крымiнальным асяроддзi як вельмi таленавiты спецыялiст па ўзломе сейфаў».

Усё гэта вельмi зацiкавiла Мiкiту. Ён узяў чысты аркуш паперы, аловак i пачаў маляваць кругi, разважаючы ўслых.

— Вось гэта Ян Велас, якi жыў на вулiцы Грандзiцкай, 29. А гэта Рыгор Салавей, якi таксама жыў на Грандзiцкай, 29. Ян i Рыгор — адна i тая ж асоба? А чаму не? Жылi яны ў адным i тым жа месцы, толькi з рознiцай у дваццаць гадоў. Калi дапусцiць, што Салавей iнсцэнiруе сваю смерць i знiкае з горада пасля абрабавання Iндурскага, а праз пэўны час вяртаецца ў Гродна, будуе дом на месцы спаленага i становiцца прамыслоўцам. Грошы Iндурскага, скрадзеныя ў кагосьцi каштоўнасцi — нядрэнны стартавы капiтал для бiзнесу. Адседзеўся недзе, пакуль шукала палiцыя, а тут грамадзянская вайна, акупацыя горада немцамi, потым палякамi. Каму да яго справа? Ды i вярнуўся не Рыгор Салавей, а Ян Велас, багаты чалавек, мецэнат. Ён жа вопытны злодзей i мог спакойна прыстасавацца да любой улады. I пашпарт на iмя Салаўя таму доказ. А што са скарбамi? Хутчэй за ўсё, схаваны дзесьцi ў доме. Каму яшчэ iх даверыць прафесiйны злодзей?»

Было далёка за поўнач. Мiкiта адзiн сядзеў у iнтэрнацкай чыталцы, спрабуючы прывесцi думкi да парадку. Ён знайшоў сёння дом Веласа. Будынак з нумарам 29 па вулiцы Грандзiцкай i сёння мае той жа нумар 29, толькi вулiца цяпер Горкага. I зараз там месцiцца магазiн «Гарачы хлеб». Хлопец абышоў магазiн з розных бакоў, пабываў унутры, нават накiдаў невялiчкi план гэтага дома. Дык дзе мог схаваць скарбы Велас?

«Пад дахам? Не, дах рамантуецца часцей за ўсё, таму схованка зусiм не надзейная. У адным з пакояў? Магчыма, але апошнiм часам у доме рабiлi поўную перапланiроўку жылых памяшканняў: нейкiя сцены разбуралi, новыя ставiлi, каб было зручна для пакупнiкоў. Каб што знайшлi, дык паўсюль бы напiсалi. Таму наўрад цi. Застаецца падвал. Калi там нешта i рабiлi, дык, мяркую, чыста касметычна: навошта хлебнаму магазiну падвал? Вось дзе i можа быць схованка. Але як трапiць у гэты падвал? Не пойдзеш жа да загадчыка магазiна з просьбай пусцiць там пашвэндацца. Хаця чаму, гэта нядрэнная iдэя!..»

Ранiцай наступнага дня Мiкiта цiхенька пастукаў у дзверы са сцiплай шыльдачкай «Дырэктар».

— Уваходзьце! — пачуўся жаночы голас.

Балько пераступiў парог i апынуўся ў зусiм маленькiм пакойчыку, дзе мясцiлiся толькi стол, крэсла з дырэктарам i яшчэ адно вольнае крэсла.

— Слухаю вас, — прыветна ўсмiхнулася дырэктарка.

— Добры дзень! — прывiтаўся Мiкiта. — Я Мiкiта Балько, студэнт Гродзенскага ўнiверсiтэта i хацеў бы ўладкавацца да вас на падпрацоўку грузчыкам цi якiм падсобным рабочым, калi ёсць такая магчымасць.

Жанчына ад такой просьбы ажно засвяцiлася.

— Сядайце, калi ласка, — яна паказала рукой на крэсла. — Вы не паверыце, а я з ранiцы ламаю галаву, дзе мне знайсцi грузчыка хоць бы на месяц. Зарплата ў нас, разумееце, не вельмi, таму працуюць у асноўным выпiвохi. А трымаюцца яны, як правiла, да першых грошай. А тут вы!..

Назаўтра пасля заняткаў Мiкiта прыступiў да працы. Ён сумленна цягаў латкi з хлебам, перасоўваў па зале мяхi з мукой i бясконца адбiваўся ад настойлiвых прапаноў новых калег адзначыць першы рабочы дзень. Калi магазiн зачынiлi i расчараваныя паводзiнамi хлопца прадаўшчыцы пайшлi дахаты, Мiкiта нарэшце заняўся пошукамi. Яшчэ днём ён пераканаўся, што падвал не зачыняецца, а дзверы ў яго проста завязаны дротам. Хлопец выцягнуў з сумкi прыпасены лiхтарык, турыстычную сякерку i спусцiўся ў падвал. На здзiўленне, там уключалася электрычнасць, i перад шукальнiкам адкрылася прасторнае, хоць i нiзкае памяшканне. Тут валялiся паламаныя крэслы, стаялi бляшанкi з фарбай цi ад фарбы, нейкiя скрынi, латкi.

Мiкiта пачаў педантычна ачышчаць падлогу ў падвале, прастукваючы маснiцы. I яго ўпартасць неўзабаве была ўзнагароджана. Адна з дошак глуха загула. Балько хуценька ўзяў сякерку i пачаў выломваць дошку. Са скрыпам яна выскачыла з пазоў, адкрыўшы нейкую пустату. Мiкiта адарваў яшчэ некалькi дошак i ўбачыў круглае вечка люка з вялiкiм стальным кольцам пасярэдзiне. Ён паспрабаваў падняць накрыўку, але тая нават не зварухнулася. «Патрэбны лом», — падумаў хлопец. У магазiне лома, на жаль, не было. Балько акуратна закрыў дошкамi дзiрку ў падлозе i рушыў у iнтэрнат. Там за рубель пазычыў лом у вахцёра i ў прыўзнятым настроi пабег назад...

Мiкiта ўжо выразна ўяўляў, як ён знойдзе пад люкам велiзарныя каштоўнасцi, верне iх чалавецтву, і ў яго пачнуцца бясконцыя iнтэрв'ю, вiдэаздымкi, прэс-канферэнцыi. Лунаючы ў сваiх летуценнях, Мiкiта пачаў пераходзiць вулiцу Астроўскага i не заўважыў, што злева на поўнай хуткасцi на чырвонае святло ляцiць старэнькi «Масквiч». Вiск тармазоў, глухi ўдар — i бясформенным камяком адкiнутае цела хлопца стукнулася аб слуп. А п'яны кiроўца аўтамабiля, пляснуўшыся лбом аб руль, тут жа захроп цяжкiм хмяльным сном.

Мiкiта ў бальнiцы так i не апрытомнеў. А праз суткi быў пахаваны ў роднай вёсцы. Аднакурснiкi, выкладчыкi, прадаўцы «Гарачага хлеба» пэўны час абмяркоўвалi гэтае страшнае здарэнне i лом, якi нёс кудысьцi Мiкiта. Але час робiць сваю справу, i ўсё радзей у гутарках згадваўся Мiкiта Балько i яго заўчасная смерць. Жыццё iшло наперад...

Гiстарычная даведка. Рашэннем гарадзенскiх улад 6 кастрычнiка 2006 года дом на вулiцы Горкага, 29, помнiк архiтэктуры канструктывiзму, быў поўнасцю разбураны. На яго месцы пакуль нiчога не пабудавалi.

 

Віктар Варанец

Крыніца: Звязда

Прочитано 75 раз