Версия для печати

Да адзінай гуманітарнай прасторы

  • Вторник, 24 августа 2021 12:24

У праграме мерапрыемстваў XXVIII Дня беларускага пісьменства ў Капылі знакавым абяцае быць міжнародны круглы стол «Пісьменнік і адзіная гуманітарная прастора». Праўда, у фармаце анлайн ён збярэ прадстаўнікоў самых розных краін яшчэ 3 верасня, напярэдадні свята прыгожага пісьменства. Пра тое, якім мяркуецца быць анлайн-круглы стол, і гаварылі на прэс-канферэнцыі ў Доме прэсы арганізатары і патэнцыйныя ўдзельнікі актуальнай дыскусійнай пляцоўкі.


Намеснік міністра інфармацыі Рэспублікі Беларусь Ігар БУЗОЎСКІ акрэсліў вартасці той размовы, якая павінна выходзіць за рамкі выключна літаратурна-мастацкіх праблем. Ён заўважыў, што літаратура тады нечага вартая, калі закранае інтарэсы ўсяго грамадства, калі мастацкае слова спрыяе ўсталяванню галоўных прыярытэтаў сацыяльнага, гуманістычнага развіцця. І ў такім разе відавочна, што ўдзельнічаць у будучай вераснёўскай дыскусіі павінны і палітолагі, аналітыкі, сацыёлагі, гісторыкі — аўтары знакавых кніг, да якіх ёсць зацікаўленасць грамадства, шырокага кола чытачоў.

Пра міжнародныя стасункі Саюза пісьменнікаў Беларусі досыць падрабязна распавёў старшыня праўлення творчай арганізацыі Мікалай ЧАРГІНЕЦ. Дарэчы, у прафесійнай пісьменніцкай супольнасці нашай краіны заключаны пагадненні з 39 нацыянальнымі пісьменніцкімі арганізацыямі свету. А творы беларускіх пісьменнікаў у апошнія гады перакладзены болей як на 20 моў свету. Вядомы ў Беларусі і за яе межамі палітолаг, публіцыст Сяргей МУСІЕНКА назваў канкрэтных удзельнікаў мяркуемай размовы 3 верасня. Адметна, што сярод іх — савецкі і ўкраінскі гісторык, археолаг, акадэмік НАН Украіны Пётр Талочка, намеснік дырэктара маскоўскага выдавецтва «Молодая гвардия» Раман Касыгін, расійскі журналіст і пісьменнік, аўтар кнігі «Фідэль Кастра» ў папулярнай серыі «Жыццё знакамітых людзей» Максім Макарычаў, іншыя вядомыя медыйныя асобы.

Сярод удзельнікаў прэс-канферэнцыі — дацэнт кафедры палітычнай тэорыі МДІМЗ Міністэрства замежных спраў Расійскай Федэрацыі, кандыдат палітычных навук Кірыл КОКТЫШ. Ён часты госць у Беларусі, уважліва сочыць і за палітыка-эканамічнай сітуацыяй у свеце, у прыватнасці, у цэнтральнаазіяцкім рэгіёне, краінах Азіі. Кірыл Яўгенавіч гаварыў пра тое, што падзеі літаральна апошніх дзён пацвердзілі страту ранейшых каштоўнасцяў, якія нам усім навязвалі краіны-дыктатары, той палітычны свет, які лічыць свае правілы суіснавання адзіна правільнымі.

Удзел у прэс-канферэнцыі прынялі таксама старшыня камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, культуры і навуцы доктар гістарычных навук Ігар МАРЗАЛЮК, дырэктар выдавецтва «Мастацкая літаратура» Алесь БАДАК, журналіст газеты «СБ. Беларусь сегодня» Андрэй МУКАВОЗЧЫК.

Несумненна, размова за круглым сталом у фармаце анлайн, якая адбудзецца 3 верасня, пакажа і нашы, беларускія, прыярытэты сацыяльнага, гуманістычнага развіцця, і дазволіць пачуць здаровыя меркаванні многіх аўтарытэтных асоб у галіне літаратуры, культуры, палітычнай публіцыстыкі.

Мікола Берлеж

Крыніца: Звязда

Прочитано 4416 раз