Воскресенье, 17 10 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Да юбілею Таццяны Кабржыцкай

  • Воскресенье, 15 августа 2021 18:57

Жыцень, поля гаспадар
Дух багацця, дабрабыту
верны векавому спрыту:
вынес юбілейны дар ‒
лету шчодраму малітву.

Прытуляюся да сёлетняй юбіляркі Таццяны Кабржыцкай – як яе львоўскі пабрацім. Народжаная 15 жніўня 1941 года, дачка Вячаслава з 1946 года ўзбагачае Львоў. Там яна вучылася ва ўніверсітэце на філалагічным факультэце. У 1966-67 гадах была рэдактарам універсітэцкага выдання…

А я ў 1964-67 гадах быў курсантам факультэта журналістыкі Львоўскага вышэйшага ваенна-палітычнага вучылішча. За дапамогу ў творчым сталенні курсант і сёння ўдзячны львоўскім педагогам, літаратарам, вучоным. У верасні 1964 года я быў запрошаны ў Драгобыч на нараду маладых пісьменнікаў Львоўшчыны. Многа знаёмстваў займеў, і навінаў пра Івана Франка. Яго верш «Наш век галовы тлумныя клянуць…» ‒ адзін з першых маіх перакладаў украінскіх творцаў. А ў лістападзе 1966 года львавяне адзначалі 75-гадовы юбілей Максіма Багдановіча. Выступалі І. Дэнысюк, У. Маторны, К. Трафімовіч… Запрашалі мяне на сустрэчы Мікола Пятрэнка, Іван Крыпякевіч, сям’я Іларыёна Свянціцкага, сужэнцы Аксана Сенатовіч і Уладзімір Лучук. Паэта-пачаткоўца папрасілі сказаць слова ў Доме пісьменнікаў на вечарыне 26 студзеня 1967 года пад назвай «Панарама беларускай паэзіі ХХ стагоддзя». А вясной 1967 года я быў удзельнікам семінара творчай моладзі ў тым жа Драгобычы.

Запомнілася такая падзея: ці не ў 1966 годзе рэдактарка львоўскага радыё папрасіла мяне, беларуса, прачытаць перад мікрафонам вершы мінскага паэта Вячаслава Рагойшы. Для мяне, вершаплёта, гэта было незвычайным адкрыццём. Аказваецца, аспірант Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта з 1963 года ‒ навуковы актывіст быў каханкам Таццяны Кабржыцай. Той эфір зрадніў мяне з незвычайнымі творчымі асобамі. І 13 лістапада 1967 года я прызямліўся на планеце сужэнцаў. У Ракаве пад Мінскам трое сутак праходзіла класічнае нацыянальнае вяселле. Да бацькоў нявесты і жаніха далучыліся Ніл Гілевіч, Фёдар Янкоўскі, Алег Лойка, Язэп Семяжон, Валянцін Рабкевіч, Генадзь Шупенька, Уладзімір Караткевіч са сваёй будучай нявестай Валянцінай. Рэй вялі Міхась Ларчанка і Васіль Налецкі. Я быў у ролі паджанітніка (шафера).
Тая падзея занесена ў аналы гісторыі паводле трапнага азначэння Уладзіміра Караткевіча і Адама Мальдзіса як «Вяселле веку».

З Львова на армейскую службу я выязджаў з перасланым мне Рыгорам Барадуліным зборнікам вершаў «Кастры Купалля». Рэцэнзію на кніжачку напісаў Вячаслаў Рагойша, мой аднагодак, народжаны 5 чэрвеня 1942 года. Рады быў прачытаць, што за доўгую навуковую дзейнасць педагог БДУ пазней атрымаў званне доктара філалагічных навук, прафесара…

І прыгажуня «Вяселля веку» ўчэпіста ўзбагачала сваю творчую біяграфію. У 1967-71 гадах яна аспірантка, у 1971-80 гадах – навуковы супрацоўнік Інстытута педагогікі Міністэрства асветы БССР, з 1980 года – дацэнт БДУ, кандыдыт філалагічных навук. Але і сябра беларускага пісьменніцкага брацтва (ці не з 1990 года) шаноўная Таццяна не забывалася пра сваю альма-матэр. Памятаю, у сакавіку 1992 года Львоўскі ўніверсітэт праводзіў Дні Максіма Багдановіча. Разам з Уладзімірам Лучуком, Раманам Лубкіўскім – стваральнікамі асветных дзеяў у гонар Багдановіча, былі Таццяна Кабржыцкая, Вячаслаў Рагойша, а з імі два Сяргеі ‒ Законнікаў і я.

Продкі ў жніўні адзначалі такі прысвятак – Серпавіцу: дзень зазубрывання сярпоў. З-пад сярпа Таццянны Вячаславаўны творчы набытак немагчыма ўкласці хлця б у адзін магутны сноп. У 1976 годзе разам з Вячаславам Рагойшам была выдадзена кніга «Карані дружбы: беларуска-украінскія літаратурныя ўзаемасувязі пач. ХХ ст.»Потым выходзілі навуковыя даследаванні пра Сяргея Палуяна (1891‒ 1910). Вось трымаю ў руках выніковы том сумесных даследаванняў нашых сужэнцаў: «След, вечна жывы» . /Творы. Успаміны. Прысвячэнні. Даследаванні/. Мінск, «Кнігазбор» , 2018. Чытаю абавязковую пазнаку: «Укладанне, падрыхтоўка тэксту, аглядныя аналітычныя артыкулы, каментар Таццяны Кабржыцкай і Вячаслава Рагойшы» .
 Адчуў асаблівую радасць, што ў такім магуным выданні маімі любімымі творцамі змешчаны два маіх вершы: «Сяргей Палуян» , напісаны ў 1985 г., і «Адзінокі маладзік» , які закончаны быў у 2015 г. І вось які пяшчотны след застаўся на старонцы 114-га выпуска «Кнігарні пісьменніка» . Дарчы надпіс такі: «Нашаму сябру яшчэ з далёкіх 1960-х гг. Сяргею Панізьніку падпісваем гэтую кніжку ў слынным Ракаве, дзе на «Вяселлі веку»ты, дарагі Сяргейка, абяцаў «следаваць нашаму прыкладу» , і адначасова шкадуем, што сям» я Панізьнікаў на гэты раз не змагла наведаць нашы Пенаты.

Вячаслаў і Тетяна. Ракаў, Мінск – 27.07.2019 г.»

Шчымлівыя словы шчырапаважаных суседзяў на творчых мерыдыянах і паралелях! Вялікая падзяка за іх кавалеру Ордэна Францыска Скарыны і лэдзі Ордэна Княгіні Вольгі. Ох, як хацелася б пазначыць, што кавалерамі перакладчыцы з» яўляюцца Т. Шаўчэнка, М. Багдановіч, В. Быкаў, У. Караткевіч, Б.І. Антоныч, І. Франко, С. Пясецкі…

У грэчаскай мове слова «Таццяна» – гэта «Заснавальніца» .» Таццянін дзень»прадаўжаем у Тацццянін год. І да канца года з Вячаславаўнай і Пятровічам паспеем адзначыць і «Вяселле вякоў» . Пра Мянеска вядома, што ён персанаж міфалогіі, легендарны заснавальнік Менска. У 1067 г. горад згадваецца ў летапісе. Так што ёсць мгчымасць адзначыць яго 955-годдзе. Надзейна пазначана дата заснаванння Львова: 1256 год. Можна ўскрыліць яго 765-годдзе. Між названымі гарадамі праглядвае Ракаў з такой зафіксаванай датай нараджэння: 1465. Паставім побач тры пяцёркі: 555 і асмелімся юбілеіцца, спяваць і танцаваць, Дом творчасці « Іслач»прыпамінаць.

Будзень з вечарам самкнецца ‒ раніца наперадзе!

Сноп жыцця – устрапянецца ў пераможным верадзе.

Сяргей Панізьнік, кавалер Ордэна Трох Зорак Латвійскай Рэспублікі.

Таццяна Кабржыцкая з сынамі Максімам і Усеваладам каля помніка Максіму Багдановічу ў 1981 годзе. Гэта першы помнік на магіле беларускага генія, усталяваны ў 1924 г., які прастаяў у Ялце да 2003 года.

Каля Ракава ў Доме творчасці «Іслач» з 16 па 26 верасня 1987 г. праходзіў Міжнародны семінар перакладчыкаў беларускай літаратуры. Каля Таццяны Кабржыцкай Максім Танк (справа), Фларыян Няўважны з Польшчы (злева), Раман Іванычук (Герой Украіны), Вацлаў Жыдліцкі з Чэхіі, Вячаслаў Рагойша, Іван Шамякін.

Таццяна Кабржыцкая з мужам Вячаславам Рагойшам(справа) і Дзмітром Чараднічэнкам, украінскім творцам — удзельнікі секцыі мастацкага перакладу. Кіеў, 22.снежня 1986 года.

Таццяна Вячаславаўна з Вячаславам Пятровічам і сынамі Пятром і Максімам адзначаюць 30-годдзе шлюбу Адама Іосіфавіча Мальдзіса з Марыяй Каролеўнай. Сярод сямейнікаў і гасцей — Кісялёў Генадзь Васільевіч з жонкай Янінай Міхайлаўнай, Міцкевіч Даніла Канстанцінавіч з жонай Аляўцінай Цімафееўнай. Справа на здымку Панізьнік Людміла Мікалаеўна. У двары дома Мальдзісаў, 1 верасня 1984 года.

Сустрэча Новага 1990-га года ў Доме творчасці «Іслач». Прадстаўленне вядуць Вячаславаўна з Вячаславам і сынам Петраком. Каля Левановіча Леаніда Кірэевіча і яго жонкі Рагнеды мая жонка Людміла.

Стольнае места Рагойшы і Кабржыцкай. Вячаслаў з сынам Петраком, мамай Валянцінай Антонаўнай каля ганку сваёй сядзібы сустракаюць замежных гасцей, удзельнікаў Міжнароднага семінара перакладчыкаў, Норберта Рандава і Вацлава Жыдліцага. Верасень 1987 года.

Здымкі Сяргея Панізьніка

Львоўскай апякунцы Таццяне Кабржыцкай ‒
ва ўславу густога юбілею на прыберагу Іслачы

Лічыць лістапада лісткі*
не будзем мы сёння. Зарана.
Вунь кружыцца зь імі Таццяна,
страсаючы годаў вянкі.

І Львоў маладзее, і Ракаў,
былы Старавіленскі шлях…
Кабржыцкая! Я ж – небарака
на гэтых канадскіх палях,‒

не вычую я юбілейны
Твой выдых на скрут галавы…
Таццянушка! Лёс Твой  лілейны
ад сёння заву я на «вы»,

бо подзьвіг жыцця – неймаверны,
бо пераможны Твой шлях!

З паклонам –вясельнік Твой верны,
зычлівец на жытных палях!

*10 лістапада народны прысвятак Параскі, апякункі жанчын і рукадзелля.

За некалькі дзён і адзін год да вашага з Вячаславам Залатога вяселля,
«Вяселля Веку» 13.ХІ. 1967 года.

Сяргей Панізьнік

 

P. S. ВА ЎХВАЛЕННЕ ЛЭДЗІ Ў ЮБІЛЕЙНАЙ КАРЭЦЕ

Для Кабржыцкае Таццяны
Жнівень абабег паляны.
Стог знайшоў, звіў сноп духмяны,
палымяны і крамяны…
– Гэта, – вызнаў Галілей,–
апавіты ў запаветы
Львоўска-Менскі юбілей» !
Ён Мянеску даў заданне:
– Ад усіх ускрылкаў з Таняй
іскры зберажы спатканняў:
з Багдановіча « Вянком» ,
з Палуянавым радком
і з Шаўчэнкам-хадаком…
А Пятрэнка, з ім Ільніцкі,
Крыпякевіч і Свянціцкі
пчолак гналі плечуком:
неслі Тані мёду ком.
І нектарная шчака
чаравала Лучука.
Ёй Лубкіўскі – той: Раман,
не схаваўшы свой раман,
прэмію Франка злагодзіў,–
каб кудзеліла ў прыгодзе
шлюб свой з вучаным Рагойшам.
Менск за Львоў не стаў ёй горшым:
талерам звініць, не грошам.
***

Вячаславаўна – па мужу?
«З веча бацькі!» ‒ вызнаць мушу.
Злучнасці Дзржаваў – слава!
Полтва з Менкай і Дняпром
акружылі Шчасця Дом.
Заклік быў сябрам анклава:
– Напаўняць жыццё дабром!
***

Ў Ракаве аж гнецца лава?
Ёсць на Іслачы паром –
плыць праз юбілейны шторм.
Там ад лэдзі войкне гром:
– На каўчэгу – піць нагбом!
***

Мне ў паклоне – біць ілбом:
– Жыць сужэнцам з дзецьмі – жвава:
львоўска-мінскае ў іх права!
З выдавецкаю навалай
Будучыня – злева, справа:
след жывы – на касмадром!
–––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––
* Галілей – італьянскі астраном, філосаф, паэт.
* Мянеск – персанаж міфалогіі, легендарны заснавальнік Менска.
* У кнізе Т. Кабржыцкай «Шаўчэнкава дарога ў Беларусь»згадваецца, што ў 1829 г. Тарас, слуга пана Энгельгарда, прайшоў такі шлях: Лоеў, Рэчыца, Жлобін, Бабруйск, Ігумен, Менск, Радашкавічы, Краснае, Маладзечна, Пруды, Смаргонь.
Памяць пра Т. Шаўчэнку ўшанавана на Помніку Дарозе ля в. Мясата каля Маладзечна.
* У 2000 г. паэт, грамадскі дзеяч Раман Лубкіўскі перадаў у рукі Таццяны Кабржцкай і яе мужу Вячаславу Рагойшу ўзнагароду – «Міжнародная літаратурная прэмія імя Івана Франка» . Ордэнам Княгігі Вольгі дацэнт БДУ, пісьменніца і перакладчыца ўзнагароджана ад імя Прэзідэнта Украіны ў 2008 г.
* Рака Полтва – прыток Заходняга Буга. Да канца ХІХ ст. праходзіла праз цэнтр Львова.
* Рака Менка – правы прыток Пцічы, дзе ў ХІ ст. князь Усяслаў узвёў крэпасць.. Там узнік горад Менск.
* Іслач – рака ў Мінскай Гродзенсках абласцях, левы прыток Заходняй Бярэзіны.

ЭПІТАЛАМА

Я выслаўляю Гіменэя,
дабраслаўляю Славу, Таню,
сыноў іх: кожнага – Антэя:
нашчадкі – творчасці ўзор.
Узлётаў! Сховаў пад «Кнігарню
пісьменніка» – ў «Кнігазбор».
Там Караткевіч не ў аблудзе:
з Таццянай быў ён, ёсць і будзе!
Там не туманна Васілю:
шануюць Быкава зямлю!

***

Эпіталама збегла з храма,
па Старавіленскай з ёй – хор!
З Канады ж прэцца фонаграма:
«Вам з Гіменэем – ночкі здор.
Разбудзіць вас яго матор.
Любоў – дазор: ляцець да зор,
а ранкам новы браць разор.
Вам Гіменэй – кахання ўзор!
–––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––––-
* Эпіталама – вясельная песня ў грэкаў, рымлянаў; спявалі перад нявестаю і жаніхом.
* Гіменэй – бог-ахоўнік шлюбу.
* Антэй – у грэчаскай міфалогіі велікан, сын Пасейдона, які атрымаў магутную сілу ад мамы Геі, багіні зямлі.
* Таццяна Вячаславаўна пераклала на ўкраінскую мову апавяданні В. Быкава «У тумане» , «Аблава», раман «Мёртвым не баліць»/ 1990 /.

Сяргей Панізьнік

Прочитано 3218 раз