Воскресенье, 17 10 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Край слаўнага жыцця — капыльская зямля

  • Понедельник, 23 августа 2021 08:41

Радзімазнаўства. Адрасы пісьменства. Сумесны праект Мінаблвыканкама і «Звязды».

Чарговае падарожжа «Звязды» ў старажытны Капыль, які ўпершыню згадваецца ў пісьмовых крыніцах 1006 года. Гэты рэгіён адрозніваецца ўнікальнай прыродай, самабытнай культурай, народнымі і баявымі традыцыямі, працавітымі людзьмі. Адзінаццаць ураджэнцаў Капыльскага раёна ўдастоены звання Героя Савецкага Саюза, дванаццаць — Героя Сацыялістычнай працы, а галоўны канструктар Мінскага аўтамабільнага завода Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі — звання Герой Беларусі. Капыльшчына — радзіма больш як пяцідзесяці пісьменнікаў. Сярод іх — Цішка Гартны, Кузьма Чорны, Анатоль Астрэйка, Адам Русак, Алесь Адамовіч, Сцяпан Александровіч і іншыя. Тут нарадзіліся заслужаныя дзеячы навукі Рэспублікі Беларусь Мікалай Андрэевіч Манак, доктар фізіка-матэматычных навук Аляксей Пятровіч Шкадарэвіч, доктар гістарычных навук, прафесар Аляксандр Аляксандравіч Каваленя, доктар сельскагаспадарчых навук Іван Канстанцінавіч Копцік.


У раёне працуе восем самадзейных калектываў, якім прысуджана званне «Народны».

Капыльшчына — радзіма фестывалю гульні і гумару «Капыльскія пацехі», свята па ткацтве «Млечны шлях ад рук бабулі».

Каляднаму абраду «Цары» вёскі Семежава, які ўнесены ў Спіс нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны
ЮНЕСКА, прысуджана спецыяльная прэмія Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У раёне гарманічна развіваюцца прамысловасць, сельская гаспадарка, сацыяльная сфера, ідзе актыўнае добраўпарадкаванне да Дня беларускага пісьменства, якое адбудзецца ў першыя выхадныя верасня.


«Не называйце музей маім імем. Гэта музей беларускай машыне МАЗ». Так казаў галоўны канструктар Міхаіл Высоцкі

Галоўнага канструктара Мінскага аўтамабільнага завода, Героя Беларусі са шчырасцю і цеплынёй згадваюць яго землякі. Гэта чалавек ад зямлі, які ніколі не забываў бацькоўскі дом, часта бываў на малой радзіме і шмат для яе зрабіў. «Гэта той чалавек, пра каго мы ўвесь час гаворым і шкадуем, што яго больш няма з намі. Шчыры, спагадлівы, ён дапамагаў усёй культуры, прадпрыемствам, калі да яго звярталіся, тым, хто меў патрэбу ў падтрымцы. Міхаіл Сцяпанавіч аформіў дакументы на бацькоўскі дом і зямлю і ўсё падарыў музею», — кажуць жыхары Семежава.


У дзяцінстве Міхаіл Сцяпанавіч удзельнічаў у абрадзе «Калядныя цары», унесеным ЮНЕСКА ў Спіс сусветнай нематэрыяльнай гісторыка-культурнай спадчыны. І пазней таксама ніколі яго не прапускаў, прыязджаў на кожнае свята. Мог, як дзіця, качацца ў снезе, гуляць у снежкі. А пакуль дойдзе да дому, не абміне ніводнай лаўкі, дзе сядзелі суседкі, жанчыны, бабулькі. Абавязкова пацікавіцца, як здароўе, як справы, і заўсёды нечым пачастуе. Дзеці і цяпер называюць яго «наш дзед Міша».

— У Семежаве ёсць філіял, дакладней, экспазіцыя, вынесеная за межы нашага Капыльскага раённага краязнаўчага музея, — кажа дырэктар установы Валянціна Шуракова. — Менавіта ў гэтай вёсцы нарадзіўся Міхаіл Сцяпанавіч, тут захаваўся бацькоўскі дом, дзе ён вырас. Дом не перацярпеў зменаў, адзінае — прыбралі гаспадарчыя пабудовы, пра што шкадую, іх варта было б пакінуць, зрабіць у іх дадатковую экспазіцыю.

Пры жыцці ён прасіў не называць музей імем Высоцкага. Маўляў, гэта музей беларускай машыне МАЗ, якая моцна паўплывала на імідж Беларусі на міжнароднай арэне.

— Калі стваралі экспазіцыю абстаноўкі роднага дома Міхаіла Сцяпанавіча, я прапанавала павесіць дыван-маляванку, — згадвае Валянціна Леанідаўна. — Але Міхаіл Сцяпанавіч быў супраць, казаў: «Мы жылі вельмі бедна, а маляваныя дываны былі дарагімі. Тут павінна быць толькі посцілка на сцяне, якую мама ткала сваімі рукамі». Кожная дэталь абстаноўкі ў доме была ім выверана. Мы хацелі прывезці драўляны ложак. Але ён выказаў нязгоду. Маўляў, у хаце быў адзін ложак і лаўкі каля сцяны. На ложку спала мама з нованароджаным як самы галоўны чалавек у сям’і. Астатнія клаліся на лаўках. Каля дзвярэй ён прасіў паставіць кубак. Калі хлопчык прыбягаў вечарам, адчыняў хату, менавіта тут стаяў кубак з малаком, якое ён выпіваў з лустай хлеба, і ішоў на сенавал. Там Міхаіл займаўся, марыў, нешта вынаходзіў, жыў у нейкіх мроях... Мы імкнуліся кожны куточак зрабіць, як было пры жыцці Міхаіла Сцяпанавіча, без надуманага.

Музей увайшоў у праграму турыстычнага маршруту. Сюды прыводзяць на экскурсіі дзяцей. Магчыма, у будучыні сярод іх з’явіцца другі Міхаіл Сцяпанавіч Высоцкі.

Спачатку Міхаіл Высоцкі марыў кіраваць цягнікамі — у Цімкавічах праходзіць чыгунка, па якой ідуць саставы. Затым вырашыў звязаць жыццё з тэхнікай: побач з бацькоўскім домам ішоў Екацярынінскі тракт, па якім каціла тэхніка, за якой назіраў хлопец. Ён вырашыў паехаць працаваць у Мінск, дзе на той час будаваўся аўтамабільны завод. Да новабудоўлі яму паказалі дарогу, ён нават не думаў, што яна стане для яго роднай на ўсё жыццё. Калі рабочыя перавозілі пярэднюю вось ад машыны, на другі канец саджалі Міхаіла для супрацьвагі. Такім чынам ён зразумеў, якая цяжкая гэта работа. І ў яго з’явілася думка стварыць канвеер.

Міхаіл Высоцкі зрабіў адзіную індывідуальную машыну-трансформер па заказе гурта «Ласкавы май».


Калядныя «цары». Мужчыны ў белым і з факеламі...

У вёсцы Семежава, што на Капыльшчыне, існуе адзіны ў Беларусі ўнікальны абрад «Калядныя цары». Лічыцца, што ён узнік у XVІІІ стагоддзі, калі непадалёку ад вёскі стаялі раскватараваныя часці царскай расійскай арміі. Падчас святкавання Новага года па юліянскім календары салдаты і афіцэры хадзілі па дварах, ладзілі вясёлыя прадстаўленні, спявалі песні. У знак падзякі гаспадары адорвалі іх пачастункамі.


Пасля сыходу войска традыцыю перанялі мясцовыя хлопцы. Яны надзявалі касцюмы, якія нагадваюць ваенную форму, і хадзілі па хатах. Але шэраг спецыялістаў выказвае думку, што семежаўскі абрад з’явіўся задоўга да атрада расійскай арміі.

Абрад праводзіўся да 1960-х. Пасля 40-гадовага перапынку быў адроджаны ў 1996-м.

У кастрычніку 2009 года абрад «Калядныя цары» рашэннем Міжурадавага камітэта ЮНЕСКА па ахове нематэрыяльнай культурнай спадчыны быў уключаны ў Спіс нематэрыяльнай культурнай спадчыны. Было прызнана, што свята мае патрэбу ў абароне па прычыне перасялення актыўнага насельніцтва ў гарады і страты да яго цікавасці моладзі.


«Хросны бацька» Янкі Купалы. Як Леў Клейнбарт дапамог будучаму класіку ўвайсці ў літаратурнае жыццё

У Капылі будзе ўвекавечана памяць Льва Клейнбарта, рускага савецкага крытыка, публіцыста, пісьменніка, літаратуразнаўца. Яго пяру належыць больш за дваццаць кніг.

Нарадзіўся ён у мястэчку Капыль 15 кастрычніка 1875 года.

У гістарычнай частцы горада захавалася сядзіба, дзе жыла сям’я Клейнбартаў. Будынак выкупіў прыватнік, які вядзе тут рэканструкцыю. На будынку з’явіцца мемарыяльная дошка ў памяць пра Льва Максімавіча Клейнбарта.

У гэтага будынка багатая гісторыя. Тут быў раённы выканаўчы камітэт, дзіцячая музычная школа, Дзяржаўная аўтаінспекцыя, затым — дом, перададзены музею.

Сядзіба канца XІX стагоддзя. Пра гэта сведчыць здымак, які ёсць у фондах Капыльскага краязнаўчага музея, дзе брат Льва Клейнбарта — Марк Максімавіч стаіць у ваенным шынялі на фоне будынка.

— Леў Максімавіч Клейнбарт, можна сказаць, стаў літаратурным «хросным бацькам» вядомага рускага паэта Сяргея Ясеніна. Менавіта Клейнбарт выдаў першую кнігу Ясеніна «Радуница», якая выйшла ў 1916 годзе. У 1910 годзе Клейнбарт пазнаёміўся з Янкам Купалам, які прынёс яму свае вершы. У выніку быў выдадзены зборнік вершаў будучага песняра Беларусі «Шляхам жыцця», — распавяла дырэктар Капыльскага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова. — Леў Максімавіч — аўтар кнігі «Молодая Белоруссия», 1928 года выдання. Менавіта яна дала магчымасць рускім пісьменнікам пазнаёміцца з беларускай літаратурай 1905–1928 гадоў, яе аўтарамі, суполкамі, цячэннямі, якія ў ёй існавалі. У фондах нашага музея захоўваюцца два яе арыгінальныя экзэмпляры. За дапамогу ў яе стварэнні Леў Клейнбарт дзякаваў Цішку Гартнаму, які стаў для яго акном у беларушчыну.

Дарэчы, дзякуючы Льву Клейнбарту пра Капыль ведаў і сам Уладзімір Ленін. Аднойчы ён зайшоў у кабінет Клейнбарта і ўбачыў на стале пісьмо са штэмпелем «Капыль». Уладзіміра Ільіча зацікавіла, што гэта за мястэчка, дзе яно знаходзіцца. І Леў Максімавіч расказваў пра сваю малую радзіму, жыццё землякоў, пра падзеі, якія тут адбываюцца.

Доўгі час ніхто не ведаў, які лёс напаткаў сядзібу Клейнбартаў. Але дапамог выпадак. Аднойчы, у 1980-я гады мінулага стагоддзя, у музей зайшла жанчына, якая прадставілася турысткай, сказала, што прыехала паглядзець Капыль, шукае дом яе сваякоў, паказала фотаздымак. Мы пайшлі з ёй па горадзе і знайшлі сядзібу, планіроўка, фасад якой адпавядалі той, што была на фота. Тады яна расказала, што з’яўляецца стрыечнай унучкай Льва Клейнбарта, яе завуць Наталля Мікалаеўна Самохіна. Яна прафесар, жыла ў Ленінградзе.

Затым Наталля Мікалаеўна прыслала для музея бандэроль з Масквы з каштоўным матэрыялам — фотаздымкамі і кнігамі. Самохіна запрашала Валянціну Шуракову да сябе. Але Валянціна Леанідаўна не змагла паехаць — знаходзілася ў камандзіроўцы ў Кіеве, дзе сустракалася з жонкай Марка — Кларай Львоўнай Перэльман. У 90-я гады мінулага стагоддзя яна з’ехала ў Амерыку і забрала з сабой рукапісы Льва Максімавіча. Частка з іх захоўваецца ў музеях Мінска і Санкт-Пецярбурга, а таксама ў Капыльскім музеі, чым вельмі ганарацца землякі таленавітага чалавека.

Леў Максімавіч памёр 30 лістапада 1950 года ў Ленінградзе.


Алея ў гонар пісьменнікаў-землякоў

Алея пісьменнікаў-землякоў з’явіцца ў Капылі ў скверы, што каля Цэнтра культуры, да Дня беларускага пісьменства. На сямнаццаці інтэрактыўных лаўках будуць устаноўлены вялікія літары ў адпаведнасці з прозвішчамі творцаў, напрыклад, «А» — Алесь Адамовіч, Адам Русак, «Ч» — Кузьма Чорны і гэтак далей. На кожнай літары змесцяць QR-код, які можна будзе адсканаваць з дапамогай мабільнага тэлефона і атрымаць інфармацыю аб жыцці і творчасці літаратараў, паэтаў. А фасады жылых будынкаў упрыгожаць муралы з выявай пісьменнікаў.

Помнік Цішку Гартнаму на тэрыторыі сярэдняй школы № 2. Фота Кастуся Дробава.

Помнік Цішку Гартнаму на тэрыторыі сярэдняй школы № 2. Фота Кастуся Дробава.

Побач з краязнаўчым музеем усталююць помнік Цішку Гартнаму ў выкананні скульптара Паўла Вайніцкага. Скульптуру пісьменніка, якая стаяла раней у цэнтры горада, перанеслі на тэрыторыю школы № 2, што носіць імя Цішкі Гартнага.


Сінонімы патрыятызму. Дакрануцца да спадчыны

У Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў унесена 29 матэрыяльных аб’ектаў і два нематэрыяльныя аб’екты гістарычнай і культурнай спадчыны Капыльскага раёна, у тым ліку сядзібы Наркевічаў-Ёдкаў і Вайніловічаў. Шмат людзей прыязджае сюды, і кожны хоча ўбачыць нешта сваё. Кагосьці цікавяць пісьменнікі, іншых — яўрэйская або ваенная гісторыя, знакамітыя сядзібы.

Дырэкітар музея Валянціна Шуракова. Фота Кастуся Дробава

Дырэкітар музея Валянціна Шуракова. Фота Кастуся Дробава

— Прэзідэнт Беларусі Аляксандр Лукашэнка неаднойчы казаў, што трэба развіваць уязны турызм. Нашы суайчыннікі бываюць, дапусцім, у Венецыі і не маюць разумення, што ў Беларусі ёсць сапраўдныя перліны — Мірскі замак, Палац Радзівілаў. Яны едуць глядзець замкі ў Еўропу, не пабываўшы ні разу ў Нясвіжы, — кажа дырэктар Капыльскага раённага краязнаўчага музея Валянціна Шуракова. — А краязнаўчая тэма — сінонім патрыятызму. Патрыятызм будуецца на гістарычнай спадчыне сваіх продкаў, краіны. Часам сутыкаешся з тым, што наша моладзь атаясамлівае Вялікую Айчынную і Другую сусветную войны. Для іх гэта адно і тое ж. Некаторыя лічаць, што войны гэтыя пачаліся ў адзін дзень. Такіх недахопаў у патрыятычным выхаванні хапае. Таму ў нас з’явілася ідэя аб’яднаць гістарычныя каштоўнасці раёна ў адну агульную тэму, напрыклад, свет пісьменнікаў або спаленыя вёскі, Халакост, і стварыць турыстычныя маршруты. Мы адсочвалі ўсё, што можна было не на пальцах паказаць, а дакрануцца да спадчыны рэальна. У выніку вымалявалася шаснаццаць турыстычных маршрутаў. Нельга сказаць, што гэтая работа завершана і больш няма чаго паказваць. Наперадзе — новыя маршруты. Сёння карыстаецца вялікім попытам кулінарны маршрут. Здавалася б, гэта не гістарычная каштоўнасць. Хаця разумееш, што ў нас ёсць семежаўская кухня, па якой выдадзены зборнік. Ёсць аграсядзібы са сваімі кулінарнымі асаблівасцямі. Так што можна адкрываць і кулінарны маршрут. Разумеем, што пакуль няма маршруту па лясгасе — гэта экасцяжынкі, флора і фаўна нашых лясоў.

Інфармацыя па ўсіх распрацаваных маршрутах друкавалася ў раённай газеце «Слава працы». На карце абазначаліся найбольш цікавыя месцы, якія карыстаюцца актыўным попытам у наведвальнікаў. Кожны маршрут ілюстраваўся хаця б адным фотаздымкам, каб людзі маглі бачыць, што ім прапаноўваецца. Кожны пункт суправаджаўся апісаннем, што тут можна ўбачыць, указвалася адлегласць да яго. Напрыклад, у вёсцы Пясочнае знаходзіцца магіла паэта-песенніка Адама Русака, яго дом, куды ён прыязджаў і ствараў вершы, яго любімая лаўка, мемарыяльная дошка на школе, дзе вучыўся, сельскі Дом культуры, які спансіраваў і ўсталяваў памятны камень у гонар земляка. Атрымаўся цэласны, насычаны маршрут.

— Настаўнікі кожны маршрут выразалі з раёнкі, падшылі. І зрабілі віртуальнае падарожжа для школьнікаў. Затым з’явілася ідэя выпусціць брашуры. Мы падрыхтавалі такую інфармацыю, але план не ажыццявілі ў тым выглядзе, у якім было задумана. Справа ў тым, што да Дня беларускага пісьменства, які пройдзе ў раёне, з’явіцца ўнушальная па аб’ёме кніга «Капыльшчына». У яе ўвайшло і апісанне турыстычных маршрутаў. Калі б была асобная брашура, яна атрымалася б маляўнічай і яркай, — кажа Валянціна Леанідаўна.

Дадам, што маршруты карыстаюцца попытам, кожны з капылян, гасцей раёна можа знайсці тут тое, што найбольш цікавіць, хвалюе. Напрыклад, «Капыль: гісторыя яўрэйскага насельніцтва». Капыль — радзіма класіка яўрэйскай літаратуры Мендэля Мойхера Сфорыма, які лічыцца заснавальнікам свецкай літаратуры на ідыш і іўрыце. Кожны год з Ізраіля прыязджаюць аўтобусы пісьменнікаў, выкладчыкаў, рассаджваюцца ў старой частцы забудовы горада проста на траву і праводзяць семінары.

У Капылі стараюцца развіваць турызм у святле дзяржаўных патрабаванняў. І спадзяюцца, што з кожным годам гэтая галіна будзе ўдасканальвацца, з’явяцца новыя ідэі і маршруты.


Скіп’еўскі лес, Бушылаўская крынічка, рака Мажа. Гэтыя мясціны натхнялі Кузьму Чорнага на творчасць

У Капыльскім раёне шануюць памяць класіка беларускай літаратуры Кузьмы Чорнага (Мікалая Раманоўскага), які нарадзіўся ў вёсцы Боркі. А ў літаратурным музеі яго імя, што ў мястэчку Цімкавічы, сабрана багатая калекцыя матэрыялаў з яго жыцця і творчасці.

Фота Яўгена Пясецкага

Фота Яўгена Пясецкага

— Скіп’ёўскі лес. Любімы лес Мікалая Раманоўскага. Дарэчы, у апошнія гадзіны свайго жыцця Кузьма Чорны пісаў пра свой лес. Аповесць «Скіп’ёўскі лес» так і засталася незавершаная, — расказала дырэктар музея Людміла Ніжэвіч. — Сюды маленькі Коля часта хадзіў са сваім дзедам Міхалам Парыбкам-Чорным, які расказваў і паказваў яму, як хвоі гамоняць, як паўзе жучок, як травінка да травінкі хіліцца. Адсюль у хлопчыка з дзяцінства любоў да прыроды, апісанне якой яму вельмі ўдавалася пазней у творах. Паводле ўспамінаў знакамітага паэта Міколы Хведаровіча, які таксама вучыўся ў Цімкавічах, разам з Мікалаем у цёплы вясновы дзень спускаліся яны ўздоўж Радзівілаўскага парку да рачулкі Мажы, садзіліся ў човен і плылі рыбачыць. Лавілася рыба ці не, а вялася размова, як цяжка жывецца простаму чалавеку.

Па дарозе ў Скіп’ёўскую царкву хлопчык з маці прыпыняліся каля Бушылаўскай крынічкі, каб адпачыць, напіцца вады. І гэтае месца для Мікалая Раманоўскага стала блізкае і дарагое. Дарэчы, і цяпер цімкаўляне бяруць тут ваду.

Кірмашовая плошча са званіцай, капліцай. Калісьці Мікалай любіў прыходзіць на рынак, што тут месціўся, размаўляў з землякамі, якія потым пазнавалі сябе ў яго творах.

— Кузьма Чорны рос і гадаваўся сярод простых людзей фізічнай працы, для якіх кавалак хлеба і палатняная кашуля, адна на год, лічыліся вялікім шчасцем. З гэтымі людзьмі ён быў звязаны ўсім сваім жыццём і творчасцю. На вуліцы Капыльскай захавалася хата, якая таксама звязаная з жыццём будучага пісьменніка. Мікола добра вучыўся, і настаўнік рыхтаваў яго да паступлення ў Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Маці, збіраючы сына ў дарогу, паклала ў дзежачку агуркі, хлеб і кавалачак сала, якое пазычыла ў сваіх суседзяў Касікоўскіх, — кажа Людміла Ніжэвіч.

У музеі зроблены экспазіцыйны комплекс вясковай хаты. У Борках, дзе нарадзіўся будучы пісьменнік, не было школы. А маці вельмі хацела, каб сын вучыўся. Калі Колю споўнілася восем гадоў, сям’я пераехала ў мястэчка Цімкавічы, і хлопчык пайшоў у двухкласнае вучылішча. Цімкавічы — былое ткацкае мястэчка. Многія не ведаюць, але раней ткачамі былі толькі мужчыны. І дзяды Кузьмы Чорнага былі ткачамі, і бацька. Выдатна ткала і маці. На стале ў музеі ляжыць абрус, вытканы яе рукамі.

Бадай, што ў кожным этнаграфічным музеі ёсць такі экспанат, як кросны. Аднак адрозненне музея Кузьмы Чорнага ў тым, што тут любы ахвотны можа паспрабаваць саткаць свой радок і такім чынам пакінуць памяць аб сабе.

У залах музея можна ўбачыць асабістыя рэчы Кузьмы Чорнага, фотаздымкі з сямейнага альбома, яго рукапісы і кнігі на розных мовах свету, прачытаць радкі з дзённіка, а таксама пачуць яго голас, зафіксаваны на магнітнай стужцы.

У музеі сабраны таксама сведчанні багатай творчай спадчыны Кузьмы Чорнага. Артыкул, упершыню падпісаны псеўданімам К. Чорны — «На граніцы» 1923 года, першыя «маладнякоўскія» зборнікі, фотаздымкі з аб’яднання «Узвышша». Тут жа можна прачытаць артыкулы і рэцэнзіі літаратурных крытыкаў на яго творы. Таксама раскрываецца Кузьма Чорны як перакладчык. Менавіта ён перакладаў літаратурныя творы з рускай і польскай моў на беларускую для тэатра. Кузьма Чорны любіў тэатр, удзельнічаў у драматычным гуртку. Напісаная ім п’еса «Бацькаўшчына» з поспехам ішла ў тэатры імя Янкі Купалы і атрымала шмат добрых водгукаў і рэцэнзій. Станоўча адзначылі п’есу і ў Маскве падчас гастроляў тэатра.


Людзям на пацеху. Агародны рэлакс і на грышчы ў Агаты

Капыльшчына здаўна славіцца мясцовымі гумарыстычнымі ды гульнёвымі традыцыямі. У 1993 годзе тут быў арганізаны першы ў вобласці тэатр гульні і гумару «Капыльскія пацехі», які ў 1998 годзе стаў ініцыятарам правядзення адпаведнага абласнога фестывалю.

Ларыса Галубовіч, рэжысёр народнага тэатра гульні і гумару «Капыльскія пацехі».Фота Кастуся Дробава

Ларыса Галубовіч, рэжысёр народнага тэатра гульні і гумару «Капыльскія пацехі».Фота Кастуся Дробава

— Удзельнікі «Капыльскіх пацех» розных узростаў і прафесій — работнікі культуры, камунальнай службы, пенсіянеры, — распавяла рэжысёр тэатра Ларыса Галубовіч. — Гэта таленавітыя, натхнёныя людзі, якім уласціва пачуццё гумару. Яны ўмеюць не толькі добра працаваць, але і ад душы весяліцца. Удзельнікі тэатра ведаюць шмат анекдотаў, валодаюць майстэрствам работы з аўдыторыяй. Гэта, вядома, прыходзіла не адразу, вопыт работы з гледачамі набываўся ў працэсе шматлікіх выступленняў.

Калектыў выступаў у Аўцюках на XX Усебеларускім фестывалі гумару з цэласнай праграмай «Агародны рэлакс» . Тэма агарода, дач, зямельных участаў блізкая для кожнага беларуса. Таму самадзейных акцёраў гледачы падтрымлівалі вельмі актыўна.

— І не трэба забываць аб тым, што ў нашых праграмах прысутнічае гульня, бо яна як нішто іншае актывізуе гледача, уцягвае яго ў стылізаванае дзейства, што адбываецца на сцэне, — лічыць Ларыса Пятроўна.

У Аўцюках «Капыльскія пацехі» ўзялі першае месца за музычную пародыю, другое — за гумарыстычную мініяцюру, трэцяе — за прыпеўкі.

«Капыльскія пацехі» — жаданыя госці і на сцэне раённага цэнтра культуры. У кастрычніку паставілі спектакль «Амаль дэтэктыўная гісторыя» па матывах камедыі «Дачніцы» Уладзіміра Карасёва. Спектакль паказвае Санкт-Пецярбургскі тэатр «Камедыянты». Пастаноўку Ларыса Галубовіч перавяла на беларускую мову, увяла элементы гумару, найбольш блізкія нашым суайчыннікам. Гэта была не зусім гумарыстычная праграма, як звычайна. Хутчэй — тэатральная пастаноўка камедыі, якую калектыў іншым разам практыкуе, паколькі не хоча зацыклівацца на адным жанры.

Першага красавіка штогод «Капыльскія пацехі» даюць прэм’ерны гумарыстычны канцэрт, з 1998-га іх адбылося больш за дваццаць. Гэта заўсёды новы спектакль, новая пастаноўка, якія працягваюцца каля дзвюх гадзін. І за гэты час гледачы не стамляюцца, бурна апладзіруюць самадзейным артыстам.

— А ў рэпертуары тэатра выкарыстоўваюцца для пастаноўкі творы беларускіх аўтараў? — пацікавілася ў Ларысы Галубовіч.

— Так, у нас ёсць работа па матывах «Паўлінкі» Янкі Купалы. Упершыню гэтую гульнёва-забаўляльную праграму паказалі на Дні беларускага пісьменства ў Нясвіжы. У праграме «На грышчы ў Агаты» выкарысталі байкі Кандрата Крапівы. Ставілі «Смак яблыка» Анатоля Дзялендзіка, «Сказ пра Капыль» паводле твораў капыльскіх паэтаў.

Наперадзе ў калектыву шмат творчых задумак і планаў. І яны павінны ажыццявіцца, каб радаваць і весяліць землякоў у такі няпросты час.

Матэрыялы падрыхтавала Таццяна Лазоўская

Крыніца: Звязда

Прочитано 2491 раз