Вторник, 11 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Прэмія Чынгіза Айтматава прысуджана беларусу

  • Пятница, 11 декабря 2020 08:40

«Бываюць асобныя выпадкі, асобныя лёсы людзей, якія робяцца здабыткам многіх, бо цана таго ўрока настолькі высокая, так шмат змяшчае ў сабе тая гісторыя, што тое, што было перажыта адным чалавекам, як бы распаўсюджваецца на ўсіх, хто жыў ў той час, і нават на тых, хто прыйдзе ўслед, пазней».Так напісаў вялікі кыргызскі пісьменнік Чынгіз Айтматаў у кнізе «І вякуе дзень даўжэй за век». І гэтыя словы цалкам можна аднесці да яго самога. Напісанае ім дасюль уплывае на нас, дае адказы на важныя пытанні. А ў 2012 годзе па ініцыятыве парламента Кыргызскай Рэспублікі была заснаваная прэмія імя Чынгіза Айтматава для грамадзян дзяржаў СНД. Яна прысуджаецца раз на год за дасягненні ў галіне літаратуры, выдатныя арыгінальныя творы і шматгранную літаратурную дзейнасць.

Калі мне давялося быць у Доме-музеі Чынгіза Айтматава ў Кыргызстане, каля Бішкека, заўважаўся не толькі нацыянальны кантэкст, але і мультыкультурная прысутнасць, — экспанаты сведчылі пра сяброўства Айтматава з калегамі з іншых краін, глыбокую пашану да пісьменніка з боку сусветнай супольнасці... А ў шафе, сярод розных выданняў, на пачэсным месцы знаходзілася кніга «Буранны паўстанак» у перакладзе на беларускую мову. У 2018-м, калі святкавалі 90-годдзе кыргызскага класіка, у Беларусі быў праведзены конкурс эсэ «Мой Чынгіз Айтматаў», перакладзены на беларускую мову апошні раман пісьменніка «Калі падаюць горы (Вечная нявеста)».

І вось навіна: сёлета прэмію Чынгіза Айтматава атрымаў вядомы беларускі пісьменнік, літаратуразнавец, доктар філалагічных навук, прафесар, акадэмік Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Уладзімір Гніламёдаў. Ён вядомы не толькі як даследчык. Пад яго кіраўніцтвам і пры ягоным удзеле здзейсніліся такія значныя праекты, як «Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя» ў 4 тамах, 6 кнігах, «Гісторыя беларускай літаратуры ХІ—ХІХ стагоддзяў» у 2 тамах, «Анталогія даўняй беларускай літаратуры: ХІ — першая палова XVІІІ стагоддзя» ў 2 тамах, вялася распрацоўка Збору твораў Якуба Коласа ў 20 тамах, Збору твораў Максіма Танка ў 13 тамах, Збору твораў Вінцэнта Дуніна-Марцінкевіча ў 2 тамах, Збору твораў Івана Шамякіна ў 23 тамах. Ён аўтар 13 манаграфій і больш чым 350 артыкулаў, прысвечаных беларускай літаратуры, а ўсяго мае на рахунку больш за тысячу навуковых прац. Але ў апошні час Уладзімір Васілевіч пачаў пісаць прозу. Раманы «Валошкі на мяжы», «Уліс з Прускі», «Расія», «Вяртанне», «Вайна», «Пасля вайны» — гэта расповед пра лёсы беларусаў з адной вёскі, якіх раскідвае па свеце, але яны ўсё адно прывязаныя да радзімы. Як выказваецца сам пісьменнік, «магчыма, пайшоў гэтым шляхам, бо літаратуразнаўства не давала ўсіх магчымасцяў асэнсаваць свой час, усё ХХ стагоддзе, сучаснікаў, гістарычныя асобы, змену пакаленняў, якія дае белетрыстыка». Але сумяшчэнне жанраў не выглядае парадаксальна, як заўважыў крытык Алесь Марціновіч: «Гніламёдаў-празаік, пішучы свае раманы, шмат у чым адштурхоўваўся і ад Гніламёдава-даследчыка». У прозе захоўваецца тая грунтоўнасць, абапіранне на факты, што і ў навуковых працах.

Кандыдатуру Уладзіміра Гніламёдава прадставіла да ўзнагароджання Камісія па культуры, інфармацыі, турызме і спорце МПА СНД з фармуліроўкай «за дасягненні ў галіне літаратуразнаўства і шматгранную літаратурную дзейнасць». Сярод лаўрэатаў прэміі Чынгіза Айтматава — казахскі народны паэт, пісьменнік Алжас Сулейменаў, галоўны рэдактар расійскай «Литературной газеты» Юрый Палякоў, дырэктар Інстытута старажытных рукапісаў Матэнадарана імя Месропа Маштоца Грач'я Тамразян, народны пісьменнік Азербайджана, рэжысёр і сцэнарыст Анар Рзаеў. Атрымліваў прэмію рэжысёр Андрэй Канчалоўскі за экранізацыю рамана Айтматава «Першы настаўнік». У мінулым годзе ўзнагарода прысуджана народнаму паэту Таджыкістана, драматургу, кінасцэнарысту Мухамаду Гаібу.

— Я быў знаёмы з Чынгізам Айтматавым. Сустракаўся з ім у Алма-Аце, у Бішкеку, — расказаў Уладзімір Васілевіч «Звяздзе». — У Алма-Аце святкавалі юбілей казахскага асветніка, паэта Абая Кунанбаева, памятаю, што Чынгіз Айтматаў тады меў званне пасла. А ў Бішкек я ездзіў на канферэнцыю па фальклоры. З самага пачатку было зразумела пра Айтматава — надзвычай цікавы чалавек. Запомнілася, як яго вельмі паважалі і ў Кыргызстане, і ў Казахстане, называлі «вялікі светач Усходу». Калі ўспомніць яго творы, там сярод герояў — і казахі, і кіргізы. Я звярнуў увагу, як яны ўзаемадзейнічаюць, спраўджваючы прынцып добрасуседства. Айтматаў як пісьменнік выйшаў на новы светапогляд, пачаў пісаць пра тыя выклікі, якія неба пасылае чалавецтву. Пра тое, што забываюць нацыянальнае, захапляюцца рэчамі, якія разбураюць асобу. Не заўсёды крытыка, асабліва «цэнтральная», у савецкія часы, добразычліва ставілася да Айтматава. Чапляліся да яго евангельскіх матываў — а іх у яго творчасці вельмі шмат. Знаходзілі ў яго дробязныя памылкі... Але вартасць створанага правяраецца часам.

Людміла Рублеўская

«Звязда» віншуе Уладзіміра Гніламёдава з узнагародай і жадае яму здароўя і творчага плёну

 

Крыніца: Звязда

Прочитано 1375 раз