Вторник, 21 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Загіпнатызаваны пралетарскай культурай..: літаратуразнаўца Аляксандр Лейтэс нарадзіўся ў Брэсце  

  • Вторник, 02 февраля 2021 15:01

Шукаючы землякоў у свеце, сутыкнуўся з прозвішчам Лейтэс. Так, украінскі і расійскі літаратуразнаўца Аляксандр Міхайлавіч Лейтэс нарадзіўся 3(15) снежня 1899 года ў Брэст-Літоўску. Ведаючы, што літаратурнае краязнаўства Берасцейшчыны распрацавана на досыць высокім узроўні, звяртаюся да кнігі «Літаратурная Берасцейшчына» В.Я. Ляшук і Г. М. Снітко, некалі выдадзенай у РВУ «Літаратура і мастацтва» немалым тыражом. Спярша праглядаю імянны паказальнік. Лебедзеў, Лейка, Лёсік, Леслоў… Лейтэса няма.

На ўсялякі выпадак зазіраю і ў раздзел, які ў гэтай увогуле ўнікальнай і наўздзіў фактаграфічна насычанай літаратурна-краязнаўчай манаграфіі прысвечаны наўмысна ўкраінскім пісьменнікам. Так і называецца – «Украінамоўныя пісьменнікі». Згадваюцца паэт Дзмітрый Фалькоўскі, паэт і празаік Аляксандр Гаўрылюк, паэт Уладзімір Кітаеўскі, якія жылі на Берасцейшчыне напрыканцы 19 – у першай палове 20 стагоддзя. Праўда, усе яны звязаны з рэгіёнам на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў. Пра Лейтэса ж у стасунках з Брэстам, Берасцейшчынай вядома зусім мала. Калі не сказаць, што амаль зусім нічога не вядома. Адно толькі ясна, што літаратуразнаўца нарадзіўся ў Брэсце…

Ды ўсё ж, што гэта за асоба, якім быў яго шлях у прыгожым пісьменстве суседніх народаў, суседніх краін у няпростым дваццатым стагоддзі?

У 1922 годзе наш зямляк заканчвае Харкаўскі інстытут народнай асветы. Самы час, калі пачынае разгортвацца новае, пралетарскае літаратурнае жыццё. У Беларусі ствараецца літаратурнае аб’яднанне «Маладняк». Ва Украіне – «Гарт». Заснаваны ў Харкаве ў 1923 годзе Саюз пралетарскіх пісьменнікаў Украіны «Гарт» аб’яднаў многіх яркіх творцаў, якія ўжо на самым пачатку сваіх літаратурных, мастацкіх вышукаў засведчылі сябе як асобы таленавітыя. Гэта – В. Блакітны, А. Даўжэнка, П. Тычына, М. Хвілёвы, К. Гардзіенка, І. Мікіценка, В. Палішчук… Імёны многіх з іх увайшлі ў «залаты фонд» украінскай нацыянальнай літаратуры. Працавала выдавецтва з такой жа назвай – «Гарт». У 1924 годзе ў Харкаве выйшаў і альманах «Гарт», дзе быў змешчаны і спіс усіх «гартаўцаў» на той час.

Ужо зараз шкадую, што ў свой час не праявіў большую зацікаўленасць… І вось у сувязі з чым. Праглядаючы тры выдадзеныя тамы з задуманага і спланаванага да выдання пяцітомніка «Украінская літаратурная энцыклапедыя», бачу, што аўтарам многіх артыкулаў з гісторыі ўкраінскай літаратуры 1920-х з’яўляецца Сцяпан Андрэевіч Крыжаноўскі. У 1990 годзе ў нас было з ім кароткае ліставанне. Тады мяне цікавілі стасункі аўтарытэтнага вучонага і перакладчыка з беларускай літаратурай. Доктар філалагічных навук , адзін з аўтараў «Гісторыі ўкраінскай літаратуры» ў 8 тамах, пачынаў, між іншым, як паэт яшчэ ў 1920-ыя гады. Быў членам украінскай літаратурнай арганізацыі «Маладняк» (так, «Маладняк»!), якая, дарэчы, таксама ўзнікла ў Харкаве. І працавала ў 1926-1932 гады. Значыць, быў знаёмы Сцяпан Андрэевіч і з нашым земляком… Але зараз ужо не запытаешся…

Аляксандр Міхайлавіч Лейтэс ужо да сярэдзіны 1920-х гадоў фарміруецца як актыўны крытык. У другой палове 1920-х – на пачатку 1930-х выходзяць у свет яго грунтоўныя артыкулы – «Шляхі да раману», «Наш літаратурны ўрбанізм», «Шаўчэнка і сучаснасць» , «Максім Рыльскі», «Паўло Тычына». Разам з М. Яшакам Лейтэс падрыхтаваў і выдаў біябібліяграфічны даведнік «Дзесяць год украінскай літаратуры» у 2-х тамах (1928). Другі том гэтай працы быў перавыдадзены яшчэ і ў 1930 годзе. Даведнік у 1928 годзе адзначаюць прэміяй імя Івана Франка . У 1924 годзе ў Харкаве на рускай мове выходзіць кніга А. Лейтэса «Кастрычнік і заходняя літаратура». Відавочна, жаданне да параўнанняў, імкненне разглядаць нацыянальную літаратуру ў кантэксце сусветных мастацкіх працэсаў спрыяла адукацыі маладога даследчыка, выводзіла яго на болей шырокія шляхі… Пісаў, праўда, часам А. Лейтэс і такое: сацыялістычную культуру ва Украіне лепей будаваць, абапіраючыся на ўкраінскую літаратурную мову, «не загіпнатызаваную мёртвай культурай мінулага». І далей задаваўся пытаннем: «Што можа нашкодзіць яснасці развіцця пралетарскай літаратуры ў Расіі – яе своеасабліваму росквіту?» Адказ быў да неверагоднага просты: «Гэтаму перашкаджаюць вялікія традыцыі старой рускай літаратуры. Пралетарскі паэт, які стварае ўчарашняй мовай паноў і буржуазнай культуры, несвядома (і псіхалагічна непазбежна) заражаецца мовай гэтай культуры, эмацыянальнымі нагрувашчваннямі, якія пакінула старая культура ў рускай мове». Цікавыя высновы маладога крытыка… Такі быў час…

У 1925 годзе пабачыла свет кніга А. Лейтэса «Рэнесанс украінскай літаратуры». Ізноў жа – у Харкаве. А ў 1934 годзе – новая кніга: «Літаратура двух светаў». Цяпер ужо – у Маскве. Аляксандр Міхайлавіч шмат піша пра творчасць У. Маякоўскага, С. Ясеніна, М. Горкага, М.Алігер, іншых рускіх пісьменнікаў. Відаць, у 1930-ыя гады наш зямляк і пераязджае ў Маскву… Сведчыць на тое і згадка, што знайшлася ва ўспамінах Лідзіі Чукоўскай: дачка Карнея Чукоўскага расказвае, як у эвакуацыі сустрэлася з жонкай маскоўскага літаратара Флорай Лейтэс.

У 1955 годзе ў Маскве пабачыла свет кніга Аляксандра Міхайлавіча «Мастацкі пераклад як з’ява роднай літаратуры». Літаратуразнаўца звяртаецца ў пасляваенныя гады да творчасці Дж. Байрана, С.Цвейга, П.Ж, Беранжэ, О.Генры, Л. Фейхтвангера, А. Барбюса і іншых замежных пісьменнікаў. У 1973 годзе «Новый мир» друкуе ўспаміны А. Лейтэса пра Велеміра Хлебнікава. Памёр Аляксандр Міхайлавіч 3 мая 1976 года ў Маскве.

Як высветлілася, у Расійскім дзяржаўным архіве-музеі літаратуры і мастацтва ў Маскве ёсць асобны фонд Аляксандра Лейтэса, які змяшчае болей 300 рукапісаў. Сярод іх – і рукапісы згаданых успамінаў пра Хлебнікава. А таксама – згадкі пра Йогансена. Дарэчы, вельмі цікавая, каларытная асоба – Міхайла (Майк) Гервасіевіч Йогансен. Паэт, перакладчык, журналіст, крытык. Ствараў «Гарт», іншыя літаратурныя арганізацыі. Быў праціўнікам якіх бы бы там ні было эстэтычных рэгламентацый. Эксперыментаваў са словам, мастацкімі ідэямі так, што ў традыцый швы трашчалі. Эвалюцыянаваў ад авантурных сюжэтаў да так званай «хімернай прозы». Касмізм, урбанізм, рамантыка «астравоў і хваляў» – усё гэта Міхайла Йогансен, сябра і паплечнік нашага земляка.

Расійскі архіў, відавочна, шмат чаго цікавага «хавае» з біяграфіі Аляксандра Міхайлавіча Лейтэса. Засталося толькі дабрацца туды. Мо знойдуцца ў фондзе Лейтэса і берасцейскія слядочкі..?

 

Кастусь Ладуцька

Прочитано 4750 раз