Літаратар, чыё імя на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў добра вядома айчыннаму чытачу, пачынаў з публікацый у газеце «Чырвоная змена». Віктар Анатольевіч Шніп – знакавае, характэрнае імя, характэрная асоба для сучаснай беларускай літаратуры. Паэт, празаік, перакладчык, ён здолеў знайсці той рытм жыцця, якім кіруецца і сучасны беларускі чытач.
Адзнакаў яго творчасці звышдастаткова. Віктар Шніп уганараваны медалём Францыска Скарыны, адзначаны спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь у галіне культуры і мастацтва, а яшчэ ў савецкі перыяд гісторыі – Усесаюзнай літаратурнай прэміяй імя Уладзіміра Маякоўскага.
Пісьменнік працаваў галоўным рэдактарам газеты «Літаратура і мастацтва». Зараз – галоўны рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура». Менавіта дзякуючы арганізацыйнаму таленту Віктара Анатольевіча, яго руплівасці як выдаўцы, заснаваны многія кніжныя серыі, укладзены і прыйшлі да чытачы самыя розныя калектыўныя зборнікі, літаратурныя альманахі. Выдавецтва «Мастацкая літаратура» па ранейшаму застаецца тым выдавецтвам, дзе выдаць сваю кнігу кожнаму беларускаму пісьменніку ўяўляецца прэстыжным і важкім.
У апошнія гады на старонках часопісаў, асобнымі кнігамі да чытача прыйшла «дзённікавая проза» Віктар Шніпа. Лаканічнае, асэнсаванае ўгляданне пісьменніка ў жыццё падаецца цікавым чытачу розных асяроддзяў, розных сацыяльных груп.
Віншуючы Віктара Анатольевіча Шніпа з юбілеем, застаецца пажадаць творчага гарэння, новых мастацкіх адкрыццяў і, зразумела, моцнага здароўя! Са святам, Паэт!..
Мікола Берлеж