Вторник, 11 05 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Паглядзелі самыя цікавыя экспанаты юбілейнай экспазіцыі «40/40»

  • Суббота, 10 апреля 2021 15:10

Літаратурны музей Максіма Багдановіча 1 красавіка адзначыў 40-гадовы юбілей з дня стварэння і пачатку сваёй дзейнасці. Да гэтай даты прымеркавана і мастацка-дакументальная выстава «40/40», дзе прадстаўлены знакавыя прадметы з фонду Багдановіча за перыяд існавання з 1981 да 2021 год.

— Гэтая выстаўка — не толькі прадметы, але яшчэ і людзі, якія спрычыніліся да яе збору: родзічы Максіма Багдановіча, сябры нашага музея, навукоўцы і даследчыкі, якія вялікую частку жыцця прысвяцілі геніяльнаму паэту і спадчыне, з ім звязанай. Таму хацелася б усім, хто працаваў на працягу сарака гадоў у нашым музеі, хто перадаваў прадметы ў нашы фонды, хто ўдзельнічаў у нашых імпрэзах, шчыра падзякаваць. Мы будзем старацца і далей працаваць так, каб не было сорамна глядзець у будучыню, — зазначыў падчас адкрыцця выстаўкі загадчык Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхаіл Бараноўскі.

Асаблівай разынкай можна лічыць мастацкае ўвасабленне выставачнага праекта ў выглядзе каляндарных лісткоў. Так, напрыклад, першы (ён нават зарэгістраваны пад гэтым нумарам у кнізе паступленняў) экспанат — гэта кніга аўтарства Ніны Ватацы «Песня Максіма».

— Ніна Барысаўна была для музейных супрацоўнікаў, як і ўвогуле для ўсіх даследчыкаў біяграфіі, творчасці, жыцця Багдановіча, вялікім дарадцам. Яна з 1957 года пачала карпатлівую працу па зборы інфармацыі і выдала першыя кнігі з пералікам публікацый па Багдановічу. А ў кніжцы «Песня Максіма» пад адной вокладкай сабрана шэсць артыкулаў Ніны Барысаўны, — расказвае навуковы супрацоўнік навукова-асветніцкага аддзела Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Валянціна Кароткіна. — У кнізе ёсць дароўны надпіс: «Літаратурнаму музею Максіма Багдановіча», і  ля нас гэтая рэч вельмі важная. З яе вядуць адлік нашы фондавыя зборы.

А вось з даты 1 красавіка бярэ адлік гісторыя дзейнасці музея, калі з'явіўся загад за подпісам Міхаіла Пазнякова, што ён прыступіў да работы ў Літаратурным музеі Максіма Багдановіча ў якасці дырэктара.

Хоць выстаўка і задумвалася як прэзентацыя 40 прадметаў, але можна ўбачыць тут і 41-ы — альбом «Замалёўкі горада Яраслаўля», які належаў мастаку Барысу Аракчэеву. Артэфакт у фонды паступіў 4 лютага 2021 года. А значыць, гісторыя працягваецца, і наперадзе — новыя адкрыцці. На сёння агульны збор фонду Літаратурнага музея Максіма Багдановіча складае 20 777 прадметаў.

Адбіраць з такой колькасці 40 экспанатаў, вядома, было складана, аднак у выніку атрымаліся вельмі сімвалічныя і яркія акцэнты. Як прыклад, летась, у юбілейны год Уладзіміра Караткевіча, у фонды музея трапіла кніга Мікалая Грынчыка «Максім Багдановіч і народная паэзія» (1963) з аўтографам Уладзіміра Сямёнавіча. Можна знайсці на выстаўцы таксама і рэчы, якія перадалі ў музейную ўстанову родныя паэта. Такім з'яўляецца ручнік, які належаў родзічам Максіма Багдановіча па бацькоўскай лініі, перададзены Вольгай Дашкоўскай у 2012 годзе.

За кожным прадметам — гісторыя. Напрыклад, можна ўбачыць гэбель бацькі паэта Адама Ягоравіча, паступленне якога датуецца 1988 годам. Альбо побач шкатулка (з'явілася ў фондзе ў 1987 годзе), якая захоўвала ў свой час таямніцы сям'і, бо ў ёй зберагалі сямейныя дакументы. Яна належала цётцы Максіма Багдановіча Магдаліне Ягораўне, а пасля перайшла да яе дачкі Ганны Гапановіч, а ў музей трапіла ўжо ад яе дачкі, Кацярыны Сіліваноўскай.

Цікавыя падрабязнасці захоўваюць і аўтографы самога Максіма Багдановіча (варта ўдакладніць, што аўтографам у музеях лічыцца не толькі подпіс чалавека, але ўсё напісанае рукой аўтара). На выстаўцы прадстаўлены дзве такія рэчы: зборнік «Вянок» 1913 года з дароўным надпісам цётцы (з 1991 года ў фондах) і фотакартка, якую ў музей перадалі з Дзяржаўнага мемарыяльнага музея Янкі Купалы ў 1992 годзе, з нагоды святкавання 100-гадовага юбілею Багдановіча. Фотаздымак 1909 года, на ім паэт яшчэ гімназіст. Лічыцца, што яго Максім Багдановіч падарыў Сяргею Палуяну, з якім у яго было завочнае сяброўства. На фотаздымку нават пазначана дата «3 лютага, 1910 года» і адзін з вершаў «Я нядужы, бяскрылы паэт...»

Праўда, даследчыкам вядома яшчэ адна гісторыя з такім жа партрэтам і тым самым вершам. Па ўспамінах бацькі паэта, гэта было прысвячэнне паненцы Кіціцынай, з якой Максім пазнаёміўся падчас канікул у Крыме. Аднак той фотаздымак Адам Ягоравіч у свой час аддаў разам з архівам сына ў Акадэмію навук, і там яго след згубіўся.

Калі гаварыць пра жанчын, якія маюць дачыненне да жыцця класіка, то на выстаўцы, напрыклад, змешчаны нататнік Зоські Верас, датаваны 1908—1917 гадамі. Зоська Верас у свой час была як жывая крыніца памяці: да яе ездзілі літаратары, навукоўцы, журналісты, бо яна шмат ведала і магла расказаць пра Максіма Багдановіча, хоць і была шчодрай на крытыку ў адрас даследчыкаў і сваіх сучаснікаў. Дзякуючы ёй даследчыкі маюць досыць падрабязнае ўяўленне пра побыт паэта ў Мінску. У самім нататнічку ёсць малюнкі, вершы, пазнакі — сведкі часу і думак.

Можна сярод экспанатаў заўважыць і некалькі жывапісных работ, дзе карціна Сулкоўскага «Пакой у доме на вуліцы Малагеоргіеўскай» (там Багдановіч кватараваў зімой 1916—1917 года) альбо работа Агуновіча «Яраслаўль. Дом Максіма Багдановіча». Адна з цікавых рэчаў — кніга «Матэрыялы для вывучэння побыту і мовы рускага насельніцтва Паўночна-Заходняга краю», выдадзеная ў Пецярбургу пад рэдакцыяй этнографа Паўла Шэйна, з якім вёў перапіску Адам Ягоравіч Багдановіч, дасылаючы сабраныя ім казкі, абрады, прыпеўкі. Другі том выйшаў у Пецярбургу ў 1893 годзе, і ў музей яго перадаў унук Янкі Брыля ў 2019 годзе...

Дарэчы, у планах арганізатараў — зладзіць некалькі экскурсій, агульных альбо тэматычных, у межах выстаўкі. Таму спяшайцеся наведаць і сачыце за навінамі на сайце ўстановы, каб скласці для сябе вобраз свайго Максіма Багдановіча.

Алена Драпко

Фота Яна Хведчына

Крыніца: Звязда

Загаловак у газеце: Адшукаць вобраз свайго Багдановіча

Прочитано 534 раз