Класіку беларускай літаратуры Уладзіміру Караткевічу прысвечаны многія паэтычныя творы. У свой час была выдадзена кніга «Уладзімір Караткевіч: вядомы і невядомы». І адзін з яе раздзелаў выдаўцы склалі з вершаў-прысвячэнняў. Пры ўмове, што там былі сабраны далёка не ўсе творы, прысвячэнняў аказалася недзе каля 60 (!). У Леаніда Дранько-Майсюка нават дзве «караткевічаўскія» паэмы. У апошні час з’явіліся вершы-прысвячэнні Уладзіміру Карткевічу і ў іншых нацыянальных паэзіях: рускай (Юрый Шчарбакоў), чувашскай (Валеры Тургай), украінскай (Глеб Кудрашоў), чачэнскай (Адам Ахматукаеў), сербскай (Даяна Лазаравіч)… Толькі што Мікола Мятліцкі пераклаў яшчэ адзін чувашскі верш, прысвечаны беларускаму мастаку слова, – «Памяці У. С. Караткевіча» . Аўтар – народны паэт Чувашыі Юрый Семяндэр. Паэт з Чабаксар бываў у Беларусі, добра ведае беларускую літаратуру ранейшых дзесяцігоддзяў. Перакладаў беларускую паэзію на чувашскую мову. А зараз вось спрычыніўся да нашай беларускай старонкі і такім чынам…
Кастусь Ладуцька
Юры СЕМЯНДЭР, народны паэт Чувашыі
Памяці У. С. Караткевіча
Ў беларускай паэзіі
Многа слаўных сыноў:
І Купала, і Колас,
І Танк, і Гілевіч…
Вельмі кметна паміж
Самых зыркіх сцягоў
Развінуўся душой
Караткевіч.
Па-чувашску чытаем
Шамякіна мы,
Сталі блізкімі Мележ,
Алесь Адамовіч…
Ды як зорка між іх,
Як агонь-дынаміт –
Узрыўны і гарачы заўжды
Караткевіч.
Макаёнак Андрэй
Ў Чэбаксарах як свой,
Любы Дудараў нам,
Не чужы – Рамановіч…
Верым мы: будзе з намі
Твой кожны герой,
Майстар сонечных п’ес
Цімер1 наш Караткевіч.
Пераклад з чувашскай Міколы Мятліцкага
1 Цімер (чув.) – Уладзімір.