Среда, 22 09 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

«Я – ад плуга ратай…»: Міхась Васілёк на Пухавіччыне

  • Среда, 01 сентября 2021 11:54

Збіраючы розныя факты пра повязь беларускіх (і не толькі беларускіх) пісьменнікаў з Пухавіцкім краем, аддаючы ў выдавецтва чарговую кнігу на тэму пухавіцкага літаратурнага краязнаўства (а такіх выданняў за апошнія дзесяцігоддзі было ўжо некалькі – «Літаратурная карта Пухавіччыны», «І марам волю дам», «Краязнаўчы рэсурс у вывучэнні беларускай літаратуры», «Пухавіччына. Літаратурнае гняздо Беларусі»), думаю, што вось, праца завершана. І што наўрад ці нешта новае знайду. Хіба што час у тэме «Пухавіцкае літаратурнае краязнаўства» дадасць новыя імёны, новыя з’явы, новыя факты… Але, відавочна, памыляюся…

Зняў з паліцы тоненькую кніжачку народнага паэта Беларусі Ніла Гілевіча «Запісы з дзённікаў розных гадоў» (Мінск, 2006 год). Меркаваў, што нешта знайду ў ёй пра повязь пісьменніка з іншымі нацыянальнымі літаратурамі. А на старонцы, якая датавана 1960-м годам, адкрываю запіс ад 5 верасня… «Памёр Міхась Васілёк, мілы і дарагі Міхась Восіпавіч… Не шмат разоў даводзілася мне сустракацца з ім, але і тыя сустрэчы, што былі, зблізілі нас, зрабілі добрымі сябрамі. Помню наша выступленне ў адным з калгасаў Пухавіцкага раёну, помню багатую вячэру ў сялянскай хаце і нашы цудоўныя беларускія песні, якія мы спявалі ледзь не да раніцы. А пасля спалі ўпокат на падлозе – Міхась Восіпавіч, Макаль, Вольскі, Калеснік Іван і я. Просты, сціплы і шчыры, Васілёк нічым не выдаваў сваіх пераваг над намі, моладдзю, трымаўся, як з равеснікамі, і так добра было з ім, цікава, ніхто не адчуваў сябе няёмка, скована…»

Міхась Васілёк (Міхась Восіпавіч Касцевіч) нарадзіўся 14 лістапада 1905 года ў вёсцы Баброўня Гродзенскага раёна. За ўдзел у рэвалюцыйным руху Заходняй Беларусі ўлады Польшчы не раз арыштоўвалі яго і саджалі ў турму. У 1939 годзе паэт быў мабілізаваны ў польскае войска. Трапіў у нямецкі палон, адкуль у 1941 годзе ўцёк на радзіму. У час Вялікай Айчыннай вайны быў сакратаром Скідальскага падпольнага антыфашысцкага камітэта. Выступаў у партызанскім друку. Друкаваўся з 1926 года ў заходнебеларускіх выданнях. Аўтар зборнікаў вершаў «Шум баравы» (1929, канфіскаваны польскімі ўладамі), «З сялянскіх ніў» (1937), «Выбраныя творы» (1955).

«Мой браток, не пытай:/ Я – ад плуга ратай,/ Не магу я пяяць аб прадвесні,/ Покі ў сэрцы зіма,/ Навокал мяне цьма ‒ / Я пяяць буду сумныя песні. / Не паэт я – о, не!../ То стварыла мяне/ Маіх браццяў пакута-нядоля./ Я ўсяго – Васілёк,/ мяне лёс незнарок/ Тут пасеяў між роднага поля…» («Не пытай»).

З запісаў Ніла Гілевіча: «Гэта быў надзвычай просты чалавек, за доўгія гады ў літаратуры ён ні трохі не страціў сваёй сялянскай, вясковай непасрэднасці, шчырасці, чалавечнасці, якая вабіла да яго з першага знаёмства. Помню, як ён мітусіўся ў той вечар каля гаспадыні, памагаючы ёй накрываць на стол. У той вечар ён палюбіў мяне за беларускія песні. Гэта быў самы сапраўдны беларус, сапраўдны беларускі інтэлігент – і душой, і выглядам, і характарам. Літаратурны лёс яго быў не зайдросны. Спачатку – гібенне ў Заходняй Беларусі, ва ўмовах пілсудчыны. Затым – нямецкі палон. Пасля вайны – па сутнасці ў апале, ніхто ніколі не гаварыў пра творчасць Васілька – ні на з’ездах, ні на пленумах, ні ў друку. Лёс быў да яго несправядлівы. Ён жыў усе пасляваенныя гады ў Гродне, ціха і непрыкметна, гэтак жа ціха і непрыкметна памёр, ‒ там, у Гродне, далёка ад сваіх верных сяброў-паплечнікаў, далёка ад шумнай літаратурнай сталіцы.

Бывай, дарагі і незабыўны Міхась Восіпавіч, бывай, наш мілы і сціплы беларускі Васілёк!».

Міхась Васілёк памёр 3 верасня 1960 года. Відавочна, што сустрэча ў калгасе ў Пухавіцкім раёне адбывалася недзе ў 1955-1959 гг. Наўрад ужо ці знойдзецца хто з удзячных слухачоў тых, Васількоўскіх, выступленняў у адной з пухавіцкіх вёсак. І што тады чытаў паэт з доляй заходнебеларускага песняра волі, што сваёй душою, сваім сэрцам ён спрабаваў данесці да простых сялян, да людзей, якія вельмі блізкімі былі і заставаліся для яго праз усё жыццё?.. Мо вось гэтыя радкі:

Тых, хто шчасця дзён пазбыты,

Чые слёзы ціха льюцца,

Хто нядоляю спавіты,

Векам дні каму здаюцца…

 

Ласкай сэрца тых сагрэю,

Раздзялю іх гора злое –

Бо па іх душой хварэю,

Ім жыццё аддам сваё я.

 

…А мо і нешта іншае…

Міхась Васілёк, несумненна, застанецца ў гісторыі беларускай культуры, у беларускай паэзіі. А мне яшчэ і прыемна, што гэты заходнебеларускі паэт ціха, спакойна спрычыніўся і да майго роднага Пухавіцкага края.

Алесь Карлюкевіч

 

Прочитано 78 раз