Версия для печати

Новае прачытанне Змітрака Бядулі

  • Четверг, 06 мая 2021 09:58

Якім запомніўся Змітрок Бядуля па кароткіх звестках з падручнікаў і хрэстаматый? Калі арыентавацца толькі на школьную праграму, вобраз пісьменніка падаецца няпоўным. У яго шмат твораў на рэлігійную тэму, з якіх відаць, што літаратар добра ведаў Біблію, а хрысціянскае светаадчуванне было для яго натуральным. Так, піша пра нараджэнне Хрыста — і не ў рэчышчы высмейвання,  а з пачуццём замілавання і захаплення, глыбокага перажывання рэлігійнага таемства. 

Малюнак Дар'і Дзягель «Партрэт Песняра» з конкурсу.

Малюнак Дар'і Дзягель «Партрэт Песняра» з конкурсу.

Жыццярадасны і цікаўны

— Пісьменнік, будучы іўдзеем па нараджэнні, трапіў у беларускую народную стыхію і спалучыў дзве плыні… Зведаў уплыў галоўных ідэй хрысціянства, чаго не ўспрыняла большасць яўрэйскага насельніцтва. Мне ён бачыцца падобным на яўрэйскага прарока — бо пабачыў Хрыста як Сына Божага, а не проста чалавека, якога не прынялі. Гэтую выснову зрабіла, прачытаўшы многія творы Змітрака Бядулі, — падзялілася развагамі загадчык філіяла Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры «Беларуская хатка» Таццяна Лабада.

У свой час Змітрака Бядулю выключылі з яўрэйскага ешыботу. Ён верыў у Бога, але не ў такога, што паўстае са Старога Запавету, — цікаўны, дапытлівы юнак прытрымліваўся прагрэсіўных поглядаў, якія супярэчылі ешыбоцкім канонам, быў вальнадумцам. А нагодай для выключэння стала тое, што ён намаляваў свінню — відаць, гарэзлівасць лучылася з яго натуры, не прымала ніякіх штучных абмежаванняў. Ва ўспамінах Заір Азгур згадваў, як Бядуля падчас прагулкі па ваколіцах Мінска распавядаў пра любоўныя прыгоды… То-бок, нягледзячы на свой невясёлы псеўданім, гэта быў дасціпны, рамантычна-ўзнёслы малады чалавек, які не бедаваў, а радаваўся жыццю і радаваў тых, хто быў побач з ім.

У адзіным экзэмпляры

На выстаўцы, якая мае назву «На струнах душы» і прымеркавана да 135-годдзя Змітрака Бядулі, большасць матэрыялаў прадстаўлена Беларускім дзяржаўным архівам-музеем літаратуры і мастацтва: фотаздымкі і рукапісныя кнігі, зробленыя пісьменнікам, пісьмы да розных асоб, ліставанне з «Нашай Нівай». Дзяржаўны музей гісторыі беларускай літаратуры падзяліўся для часовай экспазіцыі пісьмамі Бядулі да родных, фотаздымкамі, часопісамі; з Літаратурнага музея Максіма Багдановіча экспануецца перапіска з Адамам Багдановічам і іншыя дакументы. Ёсць матэрыялы і з Нацыянальнай бібліятэкі Беларусі (аўтографы твораў «Мурашка-палашка» і «Сярэбраная табакерка» апошняга прыжыццёвага выдання).

Асаблівую цікавасць уяўляюць рукапісныя кнігі, зробленыя са звычайных вучнёўскіх сшыткаў. Гэта два аб’ёмныя тамы: проза і паэзія. Змітрок Бядуля выразаў свае публікацыі з газет з 1917 да 1923 года, рабіў кампаноўку, разбіваў па рубрыках, уклейваў выразкі, на якіх часта можна ўбачыць зробленыя ім пазнакі. Усе старонкі зверху пранумараваны пісьменнікам. Адметна, што ў такім выглядзе, як скампанаваў Змітрок Бядуля, яго кнігі не выдаваліся, хоць аўтар, здавалася б, аблегчыў рэдактару і выдаўцу задачу. Справа ў тым, што сярод вершаў ёсць такія, якія ў савецкі час не маглі быць выдадзены, напрыклад, «Псальмы» — у творы не выкрываецца хрысціянскі светапогляд, а, наадварот, відаць прыхільнасць аўтара да згаданай тэматыкі.

З эпісталярнай спадчыны пісьменніка асабліва кранаюць лісты да Паўлюка Труса. Яны былі сябрамі. Калі Бядуля даведаўся пра смерць Труса, пакутаваў не толькі душэўна — у адным з лістоў ёсць звесткі, што здароўе яго зусім разладзілася.

У экспазіцыі прадстаўлена і шмат фотаздымкаў Змітрака Бядулі, асабліва групавых.

Выданне, дзе сярод іншых — творы Змітрака Бядулі.

Выданне, дзе сярод іншых — творы Змітрака Бядулі.

Душа, якая жыла ў гуках

Назва выстаўкі «На струнах душы» невыпадковая.

— Азнаёміўшыся з многімі творамі, мы заўважылі: амаль у кожным ёсць музычны інструмент са струнамі: скрыпка, ліра. Немагчыма было абмінуць гэтую асаблівасць, — распавядае Таццяна Лабада, якая распрацавала навуковую канцэпцыю выстаўкі. —Музычнасць яго сімвалічная. На адным з выступленняў сын пісьменніка казаў, што і сам Бядуля быў надзвычай музыкальны, з пачуццём граў на скрыпцы, дый у яго мастацкім бачанні прысутнічае своеасаблівае музычнае хараство.

Вершы, што перацякаюць у прозу

Храналагічна паказаць станаўленне пісьменніка не ўяўлялася магчымым найперш таму, што далёка не ўсё з яго спадчыны захавалася. А паказваць толькі той перыяд, калі Бядуля жыў у доме Рэдзькі (цяпер —музей «Беларуская хатка»), немэтазгодна, бо вобраз пісьменніка не будзе выглядаць завершаным. Было вырашана разбіць матэрыялы на тры тэматычныя блокі: Бядуля-паэт, Бядуля-празаік і драматург і Бядуля-публіцыст, перакладчык, крытык.

— Але ёсць і такія моманты, калі адна яго іпастась пераходзіць у іншую, напрыклад, паэзія і мініяцюры Змітрака Бядулі пераплятаюцца так моцна, што творы нельга аднесці да прозы ці да верша. Іх вызначалі як белы верш.

Для выстаўкі абіралі кнігі ранейшага перыяду, найбольш знакавыя. Ёсць і малюнкі, сярод якіх прыцягвае ўвагу графічны, некалькі эскізаў.

Што датычыцца асабістых рэчаў пісьменніка, то на Беларусі іх выявіць  пакуль не ўдалося. Калі ў 1941-м сям’я Плаўнікаў з’язджала ў эвакуацыю, усё самае патрэбнае ўзялі з сабой, астатняе згубілася ў пажарах вайны. У музеі  Казахстана захоўваецца ордэн Працоўнага Чырвонага Сцяга, узнагарода пісьменніка 1939 года. Папка аўтографаў Змітрака Бядулі знаходзіцца ў архіве Вільнюса. Менавіта адтуль у БДАМЛМ трапілі копіі дакументаў Бядулі.

— Пры стварэнні выстаўкі мы стараліся паказаць, якім разнастайным і шматгранным быў пісьменнік. Так, на розных яго рукапісах — розны почырк. Дзе мудрагелісты, дзе з петлямі. Але паўсюль прыгожы і чытэльны, — распавядала Таццяна Лабада. — Асаблівасць выстаўкі ў тым, што яна інтэрактыўная. Размешчаныя на сімвалічных струнах рукапісы вершаў (муляжы) можна зняць, узяць у рукі, паглядзець, пачытаць…

Сярод твораў, да якіх можна дакрануцца ў літаральным сэнсе,  ёсць вершы, што не друкаваліся ў «Нашай Ніве»: у свой час пісьменнік, як і Максім Багдановіч, адправіў у рэдакцыю стос вершаў, а іх, відаць, палічылі недасканалымі і не надрукавалі — перавагу аддавалі карэспандэнцкім допісам і імпрэсіям Змітрака Бядулі. Некаторыя з вершаў друкаваліся ў іншых газетах: «Гоман» і «Вольная Беларусь». Праўда, у пазнейшыя зборнікі яны так і не ўвайшлі…

Малюнак Дар'і Бондар «На Каляды да сына» з конкурсу.

Малюнак Дар'і Бондар «На Каляды да сына» з конкурсу.

Дзве музы

Мастацкае ўвасабленне выстаўкі дапамаглі вырашыць дзве музы Змітрака Бядулі: усходняя (яўрэйская), прадстаўленая ў выглядзе чорнавалосай прыгажуні, і айчынная, муза нашага краю. Дзяўчаты ў нацыянальных беларускіх строях, з музычнымі інструментамі. Сам пісьменнік казаў, што яго выгадавала гэтая зямля, ускармілі тутэйшыя земляробы, Іерусалімам сваім называў гэтыя лясы і даліны, што далі яму цялесную і духоўную моц… Менавіта тая муза, якая ўзрасціла пісьменніка на беларускай глебе і найбольш адпавядала яго светапогляду, яго мастакоўскай прыродзе, дазволіла раскрыцца напоўніцу.

Пакліканне і наканаванне

У Змітрака Бядулі шмат філасофскіх, прыгожых, па-мастацку вытанчаных імпрэсій, яны чытаюцца як песня, кранаюць да глыбіні душы. Загадка Бядулі бачыцца ў тым, як здолеў ён захаваць сваю ідэнтычнасць, хрысціянскія перакананні ў 1920—1930-х гадах, калі ўсё рэлігійнае бэсцілася…

— Як яму ўвогуле ўдалося не знікнуць пад коламі рэпрэсіўнай машыны, калі многія паплечнікі былі арыштаваны і расстраляны? — разважала Таццяна Лабада. — Відаць, такім было яму боскае наканаванне: рэалізаваць на гэтай зямлі свой магутны талент…

Цікавая ў Бядулі і публіцыстыка. Так, ён уздымае пытанне: чаму ў нас няма рамана — і пачынае тлумачыць… Пералічвае прозвішчы аўтараў малых апавяданняў і запытвае: чаму не ішлі далей? Сам жа і дыскутуе з сабою: мо няма грунту? Ёсць і грунт, і багаты матэрыял: і князі, і старадаўняя культура… Існуе і сялянскі быт. І вось тут пісьменнік раіць угледзецца, піша, што гэта вельмі цікавая, дабрадатная глеба. У Бядулі была спроба пачатку рамана «Салавей»…

Цікавілі літаратара і іншыя пытанні: чаму ў нас няма тэатра? Пісаў пра батлейку, драму, інтэрмедыю — то-бок знаходзіўся ў гушчы літаратурнага жыцця краіны. Няма такога літаратурнага жанру, дзе б ні паспрабаваў сябе. Адзіная яго п’еса — для дзяцей, ставілася ў дзіцячым аматарскім тэатры.

Намаляваць слова

Сёлета быў абвешчаны мастацкі конкурс сярод школьнікаў «Змітрок Бядуля — мастак слова». Толькі нядаўна скончылі збіраць заяўкі.

— Не чакала такога шырокага водгуку. Сярод больш чым ста работ многа вартых, цікавых, — дзялілася ўражаннямі загадчык музея. — Дзеці звяртаюцца не толькі да школьных праграмных твораў, чытаюць і іншыя. Работы выкананы ў розных тэхніках: графіка, акрыл, гуаш. Малююць і самога пісьменніка, і «Беларускую хатку», дзе ён жыў, фантазіруюць на тэму яго сям’і, сюжэтаў твораў. Гэта спроба прачытання Бядулі, далучэнне да яго творчасці. Настаўнікі, якія прывозілі карціны, з захапленнем распавядалі, як дзеці выбіралі той ці іншы твор і малявалі.

У журы працавалі мастакі Аксана Аракчэева, Юлія Шаціла і намеснік дырэктара па навуковай рабоце Дзяржаўнага музея гісторыі беларускай літаратуры Настасся Кальцова. Юных творцаў падзялілі на тры ўзроставыя групы, каб ахапіць ад самых малодшых да 11-га класа. Работы прывозілі не толькі з Мінска, але і з іншых гарадоў Беларусі.

Узнагароджанне адбудзецца сёння ў музеі «Беларуская хатка» перад адкрыццём выстаўкі.

Даведка «ЛіМа»:

Нагадаем, што менавіта Змітрок Бядуля прытуліў Максіма Багдановіча, калі ўвосень 1916 года невылечна хворы паэт вярнуўся на радзіму. У доме Рэдзькі, дзе Змітрок Бядуля жыў са сваімі сёстрамі, зняў пакойчык і Максім Багдановіч. Пасля, калі стала вядома аб смерці Максіма, на Беларусь вярнуўся Язэп Лёсік. Ён і пасяліўся на некаторы час у былым пакоі Максіма. Пасля ў пакойчыку жыла Людвіка Сівіцкая (Зоська Верас) з маці. Далей да 1919 года звесткі губляюцца. А ў 1919-м Зоська Верас была ў Мінску праездам з Вільні і даведалася, што Бядуля жыў ужо ў клубе «Беларуская хатка» — там, дзе была арганізавана сталоўка.

Незадоўга перад гэтым пісьменнік сустрэўся з будучай жонкай Марыяй. Працаваў ён тады ў казармах і пісаў Антону Луцкевічу, што быў ваеннаабавязаным. Там ён здаваў ці прымаў салдацкую бялізну. Калі прынёс штосьці чарговы раз, яму загадалі акуратна скласці. Бядуля не змог справіцца, тады Марыя ўзялася яму дапамагчы — так і пазнаёміліся…

Памёр пісьменнік ва Уральску 3 лістапада 1941 года, калі ехаў з сям’ёй у эвакуацыю. Летась перапахаваны
ў Мінску на Усходніх могілках.

Яна Будовіч

Крыніца: Літаратура і мастацтва

Прочитано 2619 раз