Пятница, 18 06 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Віртуальнае падарожжа па Беларускім і Украінскім Палессі

У выдавецтве «Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі» пабачыў свет унікальны фотаальбом «Вандроўкі па Палессі: фотаздымкі 1923 – 1939 гадоў са збору Музея Беларускага Палесся ў Пінску». Уклала выданне, зрабіла грунтоўны ўступны артыкул, падрыхтавала іншыя тэксты да альбома і здзейсніла каментары дасведчаны даследчык мастацтва, культуры Беларусі Вольга Аляксандраўна Лабачэўская. Кніга выйшла ў вядомай, адзначанай многімі праектамі, серыі «Энцыклапедыя рарытэтаў».

Вось што зазначае пра вытокі праекта Вольга Лабачэўская: «… Працуючы ў 1990-я гг. над кнігай аб Дзмітрыі Георгіеўскім – стваральніку і захавальніку Палескага музея ў міжваенны час, мне пашчасціла трымаць у руках скрынку з крохкімі шклянымі негатывамі, большасць з якіх была зроблена маім героем у 1920 – 1930-х гг. Толькі некалькі дзясяткаў з іх мелі фотаадбіткі, якія ў 1982 годзе па заказе музея зрабіў пінскі фатограф Уладзімір Бершадскі. Манаграфія «Захавальнік Палескага музея Дзмітрый Георгіеўскі» пабачыла свет у 2001. Праца над ёй дазволіла адкрыць раней невядомыя старонкі даваеннага культурнага жыцця Пінска і асэнсаваць вялікае значэнне ў стварэнні Палескага музея патрыётаў Палесся і асабліва яго шматгадовага захавальніка, краязнаўца, навукоўца, настаўніка Д. Георгіеўскага». І далей: «У 2019 г. ў сувязі з перспектывай святкавання 95-годдзя заснавання Музея Беларускага Палесся ў Пінску пачаліся пошукі магчымасцей сканавання каштоўных негатываў стогадовай даўніны. Дзякуючы ініцыятыве і руплівасці намесніка дырэктара музея па навуковай рабоцне Ларысе Кулагінай негатывы Д. Георгіеўскага былі перададзены на адлічбоўку ў Беларускі дзяржаўны архіў кінафотафонадакументаў. Пры зацікаўленасці і садзейнічанні загадчыка аддзела архіва Генадзя Дубатоўкі было адсканіравана 212 шкляных негатываў. Лічбавыя копіі былі перададзены на сталае захаванне ў архіў. Для выстаўкі «Палескі край у міжваенны час вачыма супрацоўніка музея Дзмітрыя Георгіеўскага», якая адбылася ў кастрычніку таго ж года ў Музеі Беларускага Палесся, зрабілі каля 30 буйнафарматных адбіткаў з адсканіраваных негатываў…»

Так пачынаўся праект, які сёння набыў такое шырокае кніжнае выяўленне, вартае ўвагі самага шырокага кола чытачоў і гледачоў.

Гартаючы старонку за старонкай альбом «Вандроўкі па Палессі», мы знаёмімся з побытам нашых прашчураў, дзівімся іх руплівасці і гаспадарлівасці, адкрываем іх здольнасці як выключна адметных гаспадароў. Пачынаем разумець, наколькі шматгранным і багатым у самых розных праявах было жыццё палешукоў. І, канешне ж, мы падарожнічаем па розных канкрэтных адрасах… Пінск, Гарадзішча, Пагост-Загародскі, Заполле, Казляковічы, Лугі, Вішавічы, Астравічы, Заазер’е, Пінкавічы, Лагішын, Дубае… Сама гісторыя дыхае са старонак унікальнага выдання. Вось бы сучасным фотажурналістам праехаць па гэтых мясцінах – і пашукаць тыя самыя ракурсы, узнавіць тое, што адбылося за дзесяцігоддзі пасля ранейшых здымак!.. Упэўнены, што дадаліся б новыя адкрыцці, насыціліся гледачы і чытачы новымі ўяўленнямі. Вандруюць жа многія фотамастакі (сярод іх – і «звяздоўскі» майстар Анатоль Кляшчук па Беларусі, шукаюць злучанасць часін) па краіне.

Альбом, падрыхтаваны Вольгай Лабачэўскай, яе грунтоўныя даследчыцкія тэксты нагадваюць пра многіх фотамайстроў, якія імкнуліся дакладна, выразна адлюстроўваць час. І пералік гэтых таленавітых мастакоў, галоўнай зброяй якіх быў аб’ектыў фотаапарата, пераконвае ў тым, што «Энцыклапедыя рарытэтаў» папоўніцца і іншымі фатаграфічнымі краязнаўчымі выданнямі.

 

Кастусь Лешніца

Прочитано 946 раз