Понедельник, 24 01 2022
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Новая кніга для дзяцей ад Сяргея Чыгрына

  • Воскресенье, 27 июня 2021 23:19

Чыгрын, С. М. Слонік і гармонік: вершы для дзяцей. – Гомель: Барк, 2021. – 64 с. 

Сяргей Чыгрын мае большую вядомасць як гістарычны і краязнаўчы пісьменнік. Хаця вельмі настойліва і актыўна працуе і ў галіне літаратуразнаўства, у прыватнасці, гісторыі беларускай літаратуры. Займаецца драматургіяй, мастацкім перакладам. Піша для дзяцей. Праўда, творы, адрасаваныя юнаму чытачу, у большай ступені знаёмыя па публікацыях у літаратурна-мастацкай дзіцячай перыёдыцы. А зараз вось у гомельскім выдавецтве «Барк» пабачыла свет невялікім накладам кніжачка вершаў Сяргея Чыгрына «Слонік і гармонік». 

Знаёмства з большасцю з 60 вершаў, якія склалі кнігу, пераконвае, што дыялог з чытачом вядзе ад імя лірычнага героя, ад імя хлопчыка, які спяшаецца падзяліцца з усім светам сваімі адкрыццямі з навакольнага, звычайнага жыцця. Здараецца, і ад імя дзяўчынкі. У творах прысутнічае пэўная драматургія, дзеянне бярэ на сябе асноўную ролю. Так, часам за пэўнай вершаванай карцінкай прысутнічае сам аўтар. Але ўсё ж пераважаюць творы, у якіх сюжэт складваеццца ад імя галоўнага героя. 

Падышоў да бабулі

І гаворыць Іван:

«Ты расказвала казку

Пра чароўны дыван.

Калі вытчаш, бабуля, 

Мне дыван-самалёт,

То цябе без білета 

Я вазьму ў палёт».  

Альбо звернемся да верша «Памочніца». «Дома я памочніца, / Працаваць мне хочацца./ Мама з татам на рабоце – / Я шчырую ў агародзе»

І, скажам так, класічная выхаваўчая канцоўка твора: «Мама з татам вельмі рады – / Будзе стол у нас багаты». Мо камусьці гэта падасца лішнім. Але ж хіба адмянялі педагогіку, выхаваўчы эфект у дзіцячай літаратуры?!. Часам нашы пісьменнікі ледзьве ці навыперадкі ірвуцца паказаць «новае мысленне» дзіцяці, які, маўляў, з дзіцячага садочка апантаны ідэямі навучання сучасным тэхналогіям, напрыклад, спіць і бачыць сябе выключна ля камп’ютара, амаль што «сеньёрам», «джуніёрам» ці «мідлам» (так у IT-тэхналогіях маркіруюць узровень некаторых спецыялістаў). Канешне ж, нічога дрэннага ў развіцці малечы і ў стасунках з новымі тэхналогіямі, навацыямі няма. І, відавочна, у хуткім часе праекты Парка Высокіх Тэхналогій кшталту «інфарматыка без разеткі» прыйдуць у кожны дзіцячы садок краіны. Але ж і не адмяняць з-за гэтага традыцыі працоўнага выхавання, традыцыі ўрокаў дабрыні, справядлівасці, павагі да старэйшых. 

Сяргей Чыгрын жыве адным жыццём з самымі юнымі, ён імкнецца не проста ўзнавіць свой дзіцячы вопыт, а стараецца спалучыць вечнае, тое, што перадалі бацькі і дзяды, тое, што спрадвеку, нягледзячы на навацыі жыцця, рухала чалавечымі ўчынкамі, – з сучасным дзіцячым вопытам, з паводзінамі хлопчыкаў і дзяўчынак. І галоўным у гэтым спалучэнні з’яўляюцца не карцінкі, не характарыстыкі знешняга характару, а сутнаснае вымярэнне тых самых учынкаў і паводзін. Сто гадоў таму, магчыма, і не ведалі дзеці пра індыйскіх ці афрыканскіх сланоў. Альбо адкрывалі такое веданне шмат пазней, чым у тры-пяць гадоў. І верш «Слонік і гармонік» наўрад ці нарадзіўся б у слонімскіх паэтаў Гальяша Леўчыка ці Анатоля Іверса, якія працавалі ў літаратуры многія дзесяцігоддзі назад. А ў Сяргея Чыгрына ёсць такі твор, які даў назву кнізе: 

Слонік з Афрыкі у Слонім

Завітаў купіць гармонік. 

 

Ўсе здзіўляюцца, глядзяць:

Ці ўмее слон іграць?..

 

Заліваецца гармонік – 

Гэта вальс іграе слонік!

Затое жабкі, мядзведзі, буслы, краты, казляняты і іншыя жывёлы, птушкі – перад вачыма былі і ўчора, і сёння застаюцца ў полі зроку. І, чытаючы творы з кнігі Сяргея Чыгрына пра гэтых сімпатычных насельнікаў Беларусі, дзіву даешся, як у кароткім творы паэт умее выбудаваць шырокую панараму казачнай драматургіі. І пры гэтым зусім не ўскладняе сюжэт, а коратка выкладае мастацкую ідэю, робіць гэта захапляльна, якраз з разлікам, што ці самі юныя чытачы будуць чытаць яго «Слоніка і гармоніка» як адну з першых кніг у сваім жыцці. Альбо – бацькі будуць чытаць тым немаўлятам, якія толькі свет адкрываюць. Як і ў выпадку з вершам ці нават вершаванай казкай – «Крот-пілот»:

З агарода ціхі крот

Пералез у самалёт.

Загудзеў матор як трэба,

Каб крата падняць у неба.

І крычыць з кабіны крот:

«Самы лепшы я пілот!

Хопіць мне ў зямлі сядзець,

Трэба зверху паглядзець…»

Крот не лепшы быў пілот: 

Зачапіўся ён за плот – 

І не сеў на агарод,

Бо разбіўся самалёт.

… І крыху пра сумнае. Кніга Сяргея Чыгрына, адрасаваная дзецям, пабачыла свет тыражом 99 асобнікаў. Адрасавана чытачам дашкольнага і малодшага школьнага ўзросту. Нізкі паклон і выдавецтву, і аўтару за зборнік «Слонік і гармонік». І падказка якому з дзяржаўных выдавецтваў, якія актыўна шукаюць дзіцячых пісьменнікаў, часам за год выдаюць па некалькі кніг аднаго ці некалькіх нават аўтараў. Сяргей Чыгрын – сціплы літаратар, які хаця і жыве ў багатым на гісторыю, у сучасным па сваім развіцці Слоніме, усё ж не вельмі моцна грукаецца ў дзяржаўныя кніжныя выдавецтвы. Не штурхаецца плячыма ў іх прыёмных пакоях. Ён проста працуе. Дык чаму б і «Слонік і гармонік» не заўважыць з разлікам на перавыданне, з разлікам на тое, каб кнігу ўбачылі па ўсёй краіне? Мо такая ўвага паспрыяла б і большым зацікаўленням таленавітага аўтара дзіцячай літаратурай?..

Раман Сэрвач

 

Прочитано 391 раз
Другие материалы в этой категории: « Дабрыня супраць злых чараў Марфалогія Кветкі »