Версия для печати

Ад народных казак і Шарафа Рашыдава: пераклады з узбекскай у Беларусі

  • Воскресенье, 01 июля 2018 13:43

Беларуска-ўзбекскія літаратурныя стасункі маюць сваю гісторыю. Магчыма, не такую даўнюю, як гісторыя стасункаў беларускага прыгожага пісьменства з мастацкімі літаратурамі суседніх, блізкіх краін. І ўсё ж біяграфія творчых зносін дастаткова багатая. Звернемся хаця б да яе найболей істотных абсягаў. У прыватнасці, да тэмы выдання кніг узбекскіх аўтараў, узбекскага фальклору на беларускай і іншых мовах у Мінску.

Вядома бібліяграфія з 26 кніг, якія прадстаўляюць узбекскае мастацкае слова ў Беларусі. Першае з выданняў – зборнік “Узбекскія народныя казкі”. Зборнік з 240 старонак выйшаў ў Дзяржвыдаце БССР у 1959 годзе. У хуткім часе, лічыце, можна будзе святкаваць юбілей. Перакладчык – І. Сакалоўскі. Выданне аздоблена ілюстрацыямі В. Варанецкага. У 1962 годзе выйшла кніга ўзбекскай паэзіі – “Спявае Узбекістан”. Складальнік – Міртэмір. Памер зборніка – 183 старонкі. Міртэмір – узбекскі паэт. Сапраўдныя імя, прозвішча – Міртэмір Умарбекавіч Турсунаў. Нарадзіўся ў 1910 годзе ў вёсцы Ікан (зараз – гэта тэрыторыя Паўднёва-Казахстанскай вобласці, Казахстан). Працаваў сакратаром старшыні ЦВК Узбекістана Юлдаша Ахунбабаева. Быў рэпрэсіраваны. У хуткім часе вызвалены. Працаваў у розных кніжных выдавецтвах, у Саюзе пісьменнікаў Узбекскай ССР. Першы вершаваны зборнік выдаў у 1928 годзе – “У абдымках праменняў”. Пераклаў на узбекскую мову “Віцязя ў тыгравай скуры” Ш. Руставелі, паэтычныя творы А. Пушкіна, М. Лермантава, Абая, Р. Тагора і іншых паэтаў розных народаў. Народны паэт Узбекістана.

А яшчэ праз чатыры гады пасля казак – у 1963  годзе – пабачыў свет раман Шарафа Рашыдава “Мацней за буру”. Перакладчыкі – Павел Кавалёў і Аляксей Кулакоўскі. У  той час Шараф Рашыдаў быў не проста пісьменнікам, а ўзначальваў ЦК Кампартыі Узбекістана – і дзіўным было б тое, калі б беларускія перакладчыкі пачалі з некага іншага. Хаця справядлівасці дзеля можна заўважыць, што Ш. Рашыдаў – з кагорты прафесійных журналістаў і пісьменнікаў. Нараджэннем з 1917 года, ён яшчэ ў перадваенныя гады ўзначальваў рэдакцыю абласной партыйнай газеты. Калі фашысцкая Германія напала на СССР, паспеў паваяваць пад Масквою. Быў цяжка паранены. Быў двойчы ўзнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі. І пасля Вялікай Айчыннай вайны, дарэчы, не вельмі працяглы час узначальваў Саюз пісьменнікаў Узбекскай ССР. Так што, кар’ера і творчая праца нейкім чынам спалучаліся ў асобе аднаго чалавека, якога мы ўсё ж болей ведаем як савецкага партыйнага і дзяржаўнага дзеяча. Увага Аляксея Кулакоўскага да ўзбекскай літаратуры праявілася і ў рэалізацыі іншых клопатаў. У 1966 годзе пісьменнік уклаў зборнік прозы “Узбекскія апавяданні”. Даволі ёмісты том выйшаў накладам 3400 экзэмпляраў. У тым жа годзе пабачыў свет і зборнік паэзіі “Сонца ў арыках”. Абедзве кнігі выйшлі ў выдавецтве “Беларусь”. Прадмову да кожнай з іх напісаў Л. Каюмаў. У тым жа 1966 годзе выдадзены і зборнік узбекскіх народных казак – “Дзве сястры”. Перакладчык – ужо вядомы нам І. Сакалоўскі. Ілюстрацыі належаць В. Варанецкаму. Фактычна – паўтор, перавыданне зборніка 1959 года. Пэўна, выданні 1966 года былі прымеркаваны да пэўнай падзеі – магчыма, да Дэкады ўзбекскай літаратуры ў Беларусі ці да Дзён узбекскай літаратуры ў Беларусі. Дарэчы, праз год пабачыла свет кніга вершаў Зульфіі “Лірыка” (з уступным словам Эдзі Агняцвет). Сярод перакладчыкаў – Рыгор Барадулін, Вера Вярба, Эдзі Агняцвет і іншыя беларускія паэты. Між іншым, у Зульфіі будзе і яшчэ адна беларуская кніга – “Такое сэрца ў мяне”. Яна выйдзе ў 1985 годзе. Перакладчыкі – Анатоль Грачанікаў і Эдзі Агняцвет. Дарэчы, невыпадковая назва ў рэцэнзіі М. Іоські на гэтую перакладную кнігу – “Ніці дружбы працягваюцца праз гады” (“Літаратура і мастацтва”, 20 снежня 1985 года). З біяграфіі Эдзі Агняцвет: “Падчас Вялікай Айчыннай вайны жыла і працавала ў эвакуацыі ва Узбекістане…”. Між іншым, як перакладчыца беларуская паэтэса спрычынілася і да збірання кнігі ўзбекскай паэзіі “Сонца ў арыках”, якая выйшла, як мы ўжо згадвалі, у 1966 годзе. У  зборніку былі надрукаваны яе пераўвасабленні на беларускую вершаў Уйгуна, Зульфіі, Мірмухсіна, Г. Гуляма, Шэйхзадэ, Міртэміра, І. Мусліма. Узбекская паэзія ў перакладах Э. Агняцвет і пазней часта друкуецца на старонках беларускі перыядычных выданняў (вершы К. Мухамадзі і Ю. Хамдама – у “Вясёлцы” у 1967 годзе, І. Мусліма – у “Піянеры Беларусі”; Н. Нарзулаева – у “Вячэрнім Мінску” і “Звяздзе” у 1972 годзе, у тым жа годзе – верш Зульфіі “Сэрца засталося ў вас” у “Літаратуры і мастацтве”; былі розныя публікацыі і ў наступныя гады). У 1942, 1944 і 1946 гадах у Ташкенце на рускай мове былі выдадзены тры кнігі Эдзі Агняцвет – “Другу на фронт”, “Михасек”, “Простые песни”. Адна кніга вершаў беларускай паэтэсы пабачыла свет і на ўзбекскай мове – у 1966 годзе. Многія творы нашай зямлячкі друкаваліся ва ўзбекскай перыёдыцы ў перакладах Зульфіі, М. Бабаева, Н. Арыфжанава. А што да Зульфіі, то яна зрабіла вельмі шмат для прадстаўлення творчасці народнага песняра Беларусі Янкі Купалы ва Узбекістане. Пераклала яго знакаміты верш “А хто там ідзе?” (упершыню надрукаваны ў часопісе “Гулістан” – у першым нумары за 1981 год). Пераклала вершы М. Танка “Ля помніка Янку Купалу”, Э. Агняцвет “Я не помню свету без Купалы”. Надрукавала артыкул пра народнага песняра Беларусі ў газеце “Літаратура і мастацтва Узбекістана” 25 чэрвеня 1982 года.

Наступны ўсплеск увагі да ўзбекскай літаратуры з боку беларускіх выдаўцоў праявіўся ўжо ў 1970-ыя гады. І, відавочна, ён быў болей натуральным, не звязаным з пэўнымі абавязкамі. Як сведчанне – выданне рамана Р. Файзі “Яго вялікасць чалавек”. Перакладчык – ізноў жа Аляксей Кулакоўскі. Кніга выйшла ў “Мастацкай літаратуры” у 1978 годзе. Некалькі слоў пра Рахмата Файзі. Пісьменнік нарадзіўся ў 1918 годзе. У Ташкенце. Працаваў журналістам. Быў некаторы час галоўным рэдактарам адной з рэспубліканскіх газет. Пасля працаваў на Ташкенцкай кінастудыі. Народны пісьменнік Узбекістана. Раман “Яго вялікасць чалавек” – зусім невыпадковы твор у літаратурнай і жыццёвай біяграфіі Рахмата Файзі. Твор напісаны на дакументальнай аснове. У самым пачатку Вялікай Айчыннай вайны сям’я каваля Шаахмеда Шамахмудава і яго жонкі Бахры Акрамавай прыняла на выхаванне 15 маленькіх дзяцей, бацькі якіх згубіліся ў эвакуацыі. Былі ў сям’і і татарка, і малдаванін, і яўрэй, і рускі,  і двухгадовы хлопчык невядомай нацыянальнасці. Малечы далі імя “Нагмат”, што азначае “дар”. Была прынята ў сям’ ю і беларуска – Рая Мальцава. У 1982 годзе ў Ташкенце ў гонар сям’і, якая выратавала 15 дзяцей, паставілі помнік. І кніга Р. Файзі, і фільм, зняты па кнізе,  “Ты не сірата” – таксама помнікі дружбе народаў, чалавечай чуласці, чалавечай дабрыні, без якіх свет не можа існаваць. І зразумела, чаму выбар перакладчыка, франтавога пісьменніка Аляксея Кулакоўскага выпаў менавіта на гэты мастацкі твор.

Яшчэ чатыры ўзбекскія кнігі выйшлі на беларускай мове ў 1970-ыя гг. Аповесць Х. Назіра “Вогненная рака ў пясках”, адрасаваную дзецям, пераклала Л. Цяляк (Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1977). У гэтым жа годзе выйшаў і раман Я. Шукурава “Кроў на камені” ў перакладзе У. Шахаўца. Раман У. Умарбекава “Зялёная зорка” пераклаў М. Татур (Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1976).

А перакладчыкамі аповесці Х. Тухтабаева “Чарадзейная шапка” (Мінск, “Мастацкая літаратура”, 1976) выступілі З. Петрушэня і Л. Цяляк. Пра Худайберды Тухтабаева ў 1960-1970-ыя гады і пазней добра ведалі мільёны юных чытачоў Савецкага Саюза. Пісьменнік нарадзіўся ў 1932 годзе. Яго аповесць “Чарадзейная шапка”, якая ў 1970-м годзе была прызнана лепшай дзіцячай кнігай на ўсёй прасторы Савецкага Саюза, адразу пачала перакладацца на самыя розныя мовы – і на рускую, французскую, украінскую… Прыйшла на роднай мове “Чарадзейная шапка” і да юнага беларускага чытача.

Цікавым эпізодам у развіцці беларуска-ўзбекскіх літаратурных, кніжных стасункаў з’яўляецца і такі факт. Адна з самых папулярных казак ва Узбекістане – гэта твор “Кемлівыя браты”. У 1980-ыя гады выдавецтва “Юнацтва” мела практыку выдання кніг не толькі на беларускай і рускай мовах, але і на мовах іншых краін свету. У 1983 годзе “Кемлівыя браты” выходзяць на англійскай мове. З ілюстрацыямі добра вядомага графіка і жывапісца Валянціна Губарава. Перакладчык – У. Мэй. Праз год казка пабачыла свет у перакладзе на іспанскую мову. У 1988 годзе  “Кемлівыя браты” друкуюцца ў “Юнацтве” – цяпер ужо на арабскай мове. Наклад выдання – 30 тысяч экзэмпляраў. Так што, беларусы дапамагалі выбудоўваць мост узбекскай народнай культуры з усім светам.

І ў 1980-ыя гады быў своеасаблівы новы віток увагі да ўзбекскага мастацкага слова. З. Петрушэня і Л. Цяляк працягваюць прапагандаваць творчасць узбекскага дзіцячага пісьменніка Худайберды Тухтабаева. У 1983 годзе “Юнацтва” выдае ў іх перакладзе яго раман “Канец Жоўтага Дзіва”. Мы ўжо згадвалі і паэтычную кнігу Зульфіі 1985 года. У “Бібліятэцы прыгод і фантастыкі” (звышпапулярная серыя мінскага “Юнацтва” на працягу многіх гадоў!) накладам у 12 тысяч экзэмпляраў выдаецца аповесць Л. Махмудава “Пагорак з цюльпанамі”. Перакладчыкі – ізноў дуэт: З. Петрушэня і Л. Цяляк. Прадмову да кнігі напісаў вядомы рускі празаік, шматгадовы галоўны рэдактар часопіса “Дружба народов” Сяргей Баруздзін. А ілюстрацыі выканаў Мікола Рыжы.

Мне некаторы час давялося жыць у Ташкенце. І, канешне ж, увагу прыцягвалі кнігарні. Патрапіўшы тады на выданне Л. Махмудава “Прыгоды гультаёў” з прывабнай вокладкай, я адразу ўзгадаў гэтага пісьменніка па знаёмстве ў дзяцінстве з яго кнігай у сваёй вясковай бібліятэцы – “Беркут”, выдадзеную маскоўскай “Детской литературой”. Трымаючы ў памяці гэтыя кнігі некалі надзвычай папулярнага сярод дзіцячага чытача пісьменніка, думаю пра тое, што і цяпер беларускія перакладчыкі маглі б звярнуць на яго творчасць асаблівую ўвагу. Будзем спадзявацца, што так яно і здарыцца. А мо якраз з увагі да перакладаў лепшых узораў дзіцячых нацыянальных літаратур і адродзіцца папулярная некалі серыя “Бібліятэка прыгод і фантастыкі”?.. Няхай сабе не ў “Юнацтве”, якога ўжо не існуе, а – у “Мастацкай літаратуры”.

У 1986 годзе выйшла і кніга вершаў П. Муміна “Яблык на ўсіх”, пераклады для якой ажыццявіла Вольга Іпатава. Невялікі зборнічак у 48 старонак пабачыў свет накладам у 8 000 экзэмпляраў. Ілюстрацыі належаць кніжнаму графіку В. Стасевічу. У значнай ступені такі віток новай актыўнасці вакол узбекскай літаратуры якраз і справакавала празаік, паэтэса, перакладчыца Вольга Іпатава (нарадзілася ў 1945 годзе). У 1975 – 1978 гг. яна жыла ў Маскве, вучылася ў аспірантуры Літаратурнага інстытута імя М. Горкага, дзе ў тыя гады вучыліся і прасдтаўнікі іншых народаў Савецкага Саюза. Шмат Вольга Міхайлаўна выступала ва ўсесаюзным друку. З таго часу – і яе відавочныя зацікаўленні нацыянальнымі літаратурамі народаў Савецкага Саюза. У 1985 годзе ў мінскім выдавецтве “Юнацтва” ў серыі “Бібліятэка дзіцячай літаратуры народаў СССР” выйшаў “узбекскі” том “Вясёлка над арыкам”. Пазней, ужо ў гісторыі суверэннай Беларусі, за гэтую кніжную серыю Валянцін Лукша, Уладзімір Карызна, Уладзімір Анісковіч будуць адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Рэспублікі Беларусь. Укладальнікі “Вясёлкі над арыкам” – С. Барноеў, В. Іпатава. У 1990 годзе ў Мастацкай літаратуры” выйшла кніга ўзбекскіх аповесцяў – “Другі перавал”. Сярод аўтараў – Нуралі Кабул, Мурад Мухамад-Дост, Эркін Агзамаў, Ульмас Умарбекаў. Два з чатырох твораў пераклала Вольга Іпатава. Астатнія – М. Філіповіч і У. Яцко. Тут варта нагадаць, што Вольга Іпатава шмат зрабіла і для прапаганды ўзбекскай літаратуры на рускай мове. У Маскве пабачыла свет кніга фантастычных апавяданняў Х. Шайхава “У гэты незвычайны дзень” у перакладзе В. Іпатавай і В. Нечыпарэнкі. У часопісе “Литературное обозрение» Вольга Міхайлаўна надрукавала гутарку з узбекскай паэтэсай Зульфіёй. У 1985 годзе і ў самой Вольгі Іпатавай выйшла кніга ў Ташкенце на ўзбекскай мове – “Дваццаць хвілін з Немезідай”.

Нельга не нагадаць, што на пачатку 1980-х гг. пабачыў ў перакладзе на беларускую мову і раман Н. Сафарава “Дні праклёну і дні надзеі”. Перакладчык – Алесь Жук.

Можна смела гаварыць, што і надалей развіццё прысутнасці ўзбекскай літаратуры ў Беларусі магло б быць шматкратна пашырана. Гэтаму спрыялі і выдавецкія зацікаўленні, і ўмацаванне стасункаў паміж пісьменніцкімі супольнасцямі, і асабістыя кантакты літаратараў Беларусі і Узбекістана. Канешне ж, разам з тым, стрымлівала і тое, што ў беларускім перакладчыцкім асяроддзі не было знаўцаў узбекскай мовы. І перакладалі па традыцыі ці з рускай, ці з рускамоўных падрадкоўнікаў. У 1993 годзе “Мастацкая літаратура” выдала кнігу выбранай паэзіі вялікага Алішэра Наваі “Лірыка”, якую цалкам пераўвасобіў на беларускую Васіль Жуковіч. Відавочна, што ён працаваў з веданнем справы, меў многія кансультацыі і ўяўляў адрозненні, адметнасці ўсходняй паэзіі, мастацкага свету Узбекістана. Ведаю, што зараз над новым выданнем кнігі паэзіі Алішэра Наваі працуе Казімір Камейша. І для яго ўсходняя паэзія – не “тэра інкогніта”. Некалькі гадоў таму пабачыў свет ёмісты том вершаў туркменскага класіка Махтумкулі на беларускай мове. Асноўную частку перакладаў ажыццявіў менавіта Казімір Камейша.

У 2013 годзе “Беларуская Энцыклапедыя імя Петруся Броўкі” выдала зборнік узбекскіх народных казак на рускай мове – “Дочка-умница”. Укладальнік – Сяргей Молчан. А Выдавецкі дом “Звязда” падараваў чытачу калектыўную кнігу «Благословенный миг», дзе разам прадстаўлены беларускія і ўзбекскія пісьменнікі са сваімі творамі ў перакладах на рускую мову. У  кнізе змешчаны творы 16 узбекскіх літаратараў.

Алесь Карлюкевіч

 

Прочитано 10038 раз