Суббота, 27 11 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Промні братэрства: Мікола Мятліцкі як перакладчык

  • Суббота, 15 мая 2021 01:12
  • Автор  Сугучча

Беларусь заўжды прыязна адкрывала дзверы для іншых літаратур. Улічваючы маладосць нашага беларускага прыгожага пісьменства, уражвае той факт, што, напрыклад, кітайскае мастацкае слова загучала па-беларуску яшчэ на старонках «Нашай нівы» ў пачатку XX стагоддзя. Росквіт перакладчыцкай работы прыходзіцца на 1930-ыя гады… Паяднанне пісьменнікаў Савецкай краіны ў адзіную творчую супольнасць, правядзенне ў Мінску ў 1936 годзе сур’ёзнага пленума Саюза савецкіх пісьменнікаў, прысвечанага паэзіі, святкаванне юбілеяў класікаў нацыянальных літаратур, паездкі беларускіх літаратараў па рэспубліках Савецкага Саюза, краінах Еўропы – усё разам гэта і спрыяла развіццю літаратурных стасункаў, падштурхоўвала да перакладчыцкіх намаганняў. А яшчэ многімі майстрамі слова кіравала жаданне пашыраць прастору беларускасці, уводзіць у нашу моўную стыхію іншаземныя багацці. Успомнім, як прачула і ўзнёсла ставіўся да паэзіі Тараса Шаўчэнкі Максім Багдановіч. А засваенне беларусамі глыбінных, сутнасных праяваў славянскай еднасці з «Слова пра паход Ігаравы»… Над гэтым рупіліся Янка Купала, Рыгор Барадулін, Яўген Крупенька… На перакладчыцкай ніве, пераўвасабляючы паэзію славянскімх народаў, надзвычай праявілі сябе Аркадзь Куляшоў, Ніл Гілевіч, Рыгор Барадулін. У бліжэйшыя да нас дзесяцігоддзі – Казімір Камейша, Віктар Гардзей, Міхась Пазнякоў.

Вось і лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Мікола Мятліцкі шмат сіл і старанняў у нашы дні аддае перакладчыцкай рабоце. Гэта відаць па многіх публікацыях у часопісе «Полымя», газеце «Літаратура і мастацтва», у альманаху «Далягляды». Першы пераклад Міколы Мятліцкага – верш легендарнага дагестанскага аварскага паэта Расула Гамзатава «Жаночая ноша» быў надрукаваны яшчэ ў 1973 годзе. Больш за чатыры дзесяцігоддзі аддадзена на тое, каб пазнаёміць беларускага чытача з паэзіяй самых розных творцаў Азербайджана, Балгарыі, Босніі і Герцагавіны, Венгрыі, В’етнама, Грузіі, Індыі, Іспаніі, Казахстана, Канады, Кітая, Кубы, Латвіі, Паўднёвай Асеціі, Польшчы, Сербіі, Славакіі, Таджыкістана, Туркменістана, Турцыі, Украіны, Чарнагорыі, Чылі, Расіі, асобных рэгіёнаў Расіі ‒ Дагестана, Кабардзіна-Балкарыі, Удмурціі, Чувашыі. Імёны асобных паэтаў добра вядомы і ў перакладах на рускую мову, якая шмат у чым служыць мастком да беларускага гучання.

Спрыяе такой актыўнасці ў знаёмстве з мастацкімі здабыткамі іншых краін і ўжо традыцыйны творчы праект Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Саюза пісьменнікаў Беларусі, часопіса «Нёман» і рэдакцыйна-выдавецкай установы «Літаратура і Мастацтва», – штогадовы  круглы стол беларускіх літаратараў і замежных пісьменнікаў, якім заўжды адкрываецца Дзень беларускага пісьменства. Праект, зарыентаваны на паразуменне розных культур і літаратур. У Шклоў, Барысаў, Смаргонь, Хойнікі, Ганцавічы, Быхаў, Заслаўль, Полацк, Іванава, Слонім, іншыя гарады наведаліся паэты, празаікі з Расіі – Вячаслаў Купрыянаў, Іван Галубнічы, Кацярына Палянская, Аляксандр Лівергант, Вячаслаў Ар-Сяргі, Роберт Мінулін, Рэнат Харыс, Вадзім Дулепаў, Юрый Лошчыц, Аляксандр Кажадуб, Валерый Казакоў, Літвы – Яронімас Лауцюс, Таджыкістана – Ато Хамдам, Казахстана – Валерый Міхайлаў, Любоў Шашкова, Чарнагорыі – Слабадан Вуканавіч, Польшчы – Войцех Пестка, Балгарыі  ‒ Майя Длгчава, Сербіі – Слабадан Гаурылавіч, Нівена Вітошавіч, Прэдраг Кіюк… Сустрэчы з імі, абмеркаванне самых надзённых праблем – тая аснова, што збліжае пісьменнікаў у агульным клопаце пра развіццё сусветнай культуры, мастацтва, сцвярджэнне ідэалаў дабра, сацыяльнай справядлівасці, умацаванне гуманістычнага светапогляду. Сустрэчы перарастаюць у сяброўства. Гэта відаць і па старонках літаратурна-мастацкіх выданняў «Полымя», «Маладосць», «Нёман», «Літаратура і мастацтва», па тым, якую ўвагу надае айчыннае кнігавыданне літаратурам іншых краін.

У зборніку перакладаў лаўрэата Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь Міколы Мятліцкага «Лучнасць», у яго кнігах перакладаў «Пад крыламі Дракона: Сто паэтаў Кітая», «Пялёсткі лотаса і хрызантэмы: Паэты Кітая XX стагоддзя» мне бачыцца цэлая праграма, разлічаная на будучыню і ў яго асабістай творчай працы.

Напрыклад, кнігу «Лучнасць» адкрывае падборка вершаў паэтаў народаў СССР, якія прысвечаны падзеям Вялікай Айчыннай вайны. Напісаныя ў далёкія ад нас гады, і зараз гэтыя творы ўражваюць глыбінным асэнсаваннем еднасці людзей розных нацыянальнасцяў, разуменнем таго, якая цана ў справядлівасці і спагады, чуласці і светласці. Вершы, якія ўславілі Вялікую Перамогу і адкрылі свету вялікі боль, яны яшчэ доўга будуць хваляваць Чалавека Сапраўднага. Упоравень з гэтымі імёнамі – і імя народнага паэта Беларусі Пімена Панчанкі, франтавіка і сумленнейшага літаратара. Раздзелы з перакладамі расійскіх, таджыкскіх, азербайджанскіх, славацкіх аўтараў, відавочна, у блізкім часе стануць асобнымі кнігамі. Не выклікае ніякіх сумненняў і тое, што энергічная ўвага Міколы Мятліцкага да шырокага паэтычнага Сусвету пераконвае і іншых беларускіх паэтаў у неабходнасці шырокага дыялогу з літаратурамі і народамі, краінамі, дзяржавамі, кантынентамі… А значыць можна смела гаварыць і пра вартасці і значнасць не толькі народнай, але і літаратурнай, культурнай дыпламатыі.

Асобная старонка ў перакладчыцкай працы Міколы Мятліцкага (дарэчы, за кнігу «Пад крыламі Дракона…» ён адзначаны Спецыяльнай прэміяй Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь)  ‒ увага да кітайскай паэзіі. Дзесяткі новых імёнаў класікаў кітайскай паэзіі дзякуючы намаганням шчырага рупліўца на ніве перакладчыцкай справы загучалі ў кантэксце беларускага мастацкага свету. Акрамя згаданых анталагічных выданняў кітайскай паэзіі Мікалай Міхайлавіч пераўвасобіў на беларускую мову і ёмісты том паэзіі геніяльнага кітайскага паэта XX стагоддзя Ай Ціна – «Гімн святлу». Шкада, што беларуская крытыка мала, зусім рэдка піша пра такі высокі перакладчыцкі плён…

Яшчэ адзін накірунак перакладчыцкай работы Міколы Мятліцкага – серыя кніг «Сябрына: паэзія народаў Расіі». У адным шэрагу – кнігі чувашскіх паэтаў Мішы Сеспеля, Валеры Тургая, народнага паэта Татарстана Роберта Мінуліна. Здадзена ў друкарню кніга народнага паэта Чувашыі Юрыя Семендэра. А зусім нядаўна Мікола Мятліцкі завершыў працу над перакладам і складаннем анталогіі сучаснай в’етнамскай паэзіі.

 

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 253 раз