Версия для печати

“Слова..." варта чытаць не калектывам…”

  • Воскресенье, 29 июля 2018 15:24

Казахскі паэт, публіцыст, культуролаг Алжас Сулейменаў, які добра вядомы і ў Беларусі, ці не найперш праславіўся кнігай “Аз і я”. Дзесяцігоддзі існавання выдання ў культурнай, кніжнай прасторы – гэта сустрэчы з дзясяткамі, а мо і сотнямі тысяч чытачоў…

Здаўна тэма, якая некалі захапіла яркага, нераўнадушнага паэта і публіцыста, тэма суадносін “Слова пра паход Ігаравы” з самымі рознымі фізічнымі і духоўнымі прасторамі, хвалявала, не давала спакою і ва ўсім славянскім свеце, і ў Беларусі. Праўда, калі зазірнуць у грунтоўны, энцыклапедычны даведнік беларускага даследчыка М. Булахава “Слова пра паход Ігаравы” у літаратуры, мастацтве, навуцы”, то там пра А. Сулейменава ніводным радком не ўзгадана. Яно і зразумела – кніга “Аз і я”, выдадзеная ў 1975 годзе ў Алмаце, выклікала самую негатыўную рэакцыю. Найперш – у Маскве. Алжас Сулейменаў парушыў многія погляды, выклаў сваё суб’ектыўнае бачанне розных бакоў у помніку старажытнарускай літаратуры.

“Маю права памыляцца, – пісаў паэт у прадмове да свайго даследвання, – і прызнаваць і шукаць свае новыя рашэнні”. Ён быў упэўнены, што “Слова” варта чытаць не калектывам Мы (Славіст, Цюрколаг, Гісторык, Паэт і інш.), а калектывам Я. Тыя самыя персанажы, але аб’яднаныя ў адной асобе… Ён адмовіўся ад пошуку і выяўлення цюркізмаў у “Слове”, а звярнуў увагу на болей важныя, сутнасныя матывы, на суадносіны, як ён выказаўся,  Русі і Поля. Вынік – кніга стала выбухам, парушыла многія стэрэатыпы. А паэта перасталі на доўгія гады друкаваць.

У Беларусі Алжаса Сулейменава чыталі і чытаюць зараз. Вершы яго пераклалі на беларускую мову Рыгор Барадулін і Мікола Мятліцкі. “Што мог распавесці/ датчанін-паэт, – / Мог Баян, / Рудакі мог уздыбіць газель./ Час мінуўся: шапталі, шумелі, крычалі,/ Ды ў эпоху Цянь-шаня хтось скажа пра ўсё./ Я хачу і магу, абавязаны мовіць,/ Я люблю – калі вецер між скалаў/ Цянь-шаня./ Толькі ветразі ўсё ж/ Напаўняюцца мерна/ (Моцна, з мора паўднёвага) усплёскам/ Ціхуткім./ Казахі завуць – / Ала-тау./ Кіргізы завуць – Ала –тоо!/ Хакасы завуць – Алтай!/ А Цянь-шань застаецца – Цянь-Шанем./ І стагоддзямі доўжыцца нерухомая непраходнасць./ Я чытаю Цянь-Шань, як новы, як Ноевы міф./ У трох знаках (Жаданне, Магчымасць і Неабходнасць) / Бачны зводдалі ў небе скупы іерогліф”. (Пераклад Міколы Мятліцкага).

Некалькі гадоў назад Алжас Сулейменаў быў запрошаны казахстанскай амбасадай у Беларусі і Саюзам пісьменнікаў Беларусі на творчы вечар у Мінск. Уражлівая сустрэча – і сёння ў памяці многіх яе ўдзельнікаў.

Алесь Карлюкевіч

Фота: novoetv.kz

Прочитано 11037 раз