Понедельник, 24 01 2022
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Сяргей Панізьнік. "В'етнам. Хай сэрца спатоліць вясна!"

  • Понедельник, 16 июля 2018 11:45

Сяргей Панізьнік пра беларуска-в'етнамскія літаратурныя стасункі. 

А мы – паладзім! Для Гюэ і Мінска
Баць Нга расце. Наш свет – яе калыска.
(З верша Ле Чонг Шама “Маім сябрам” 1989 г.).

4 сакавіка 1988 года адправілася з Мінска ў В’етнам  дэлегацыя  ў складзе галоўнага рэдактара Дзяржкамвыда БССР  Ігара Лапцёнка, дырэктара выдавецтва "Мастацкая літаратура" Валерыя Грышановіча і мяне, тагачаснага загадчыка рэдакцыі выдавецтва "Юнацтва". Дэлегацыю кнігавыдавецкіх работнікаў узначальваў Ігар Лапцёнак, ён жа і намеснік міністра інфармацыі.

У горадзе Гюэ сустракаюць кнігавыдавецкіх работнікаў з Беларусі: Ігара Лапцёнка (у цэнтры), Валерыя Грышановіча  (злева), Сяргея Панізьніка (справа). Сакавік 1988 г.

"Беларускія народныя казкі". 1983 г.  Перакладчык Туй Тоан.

І праз 30 гадоў з лагодай успамінаецца, як у старажытным горадзе Гюэ заключалася дамова аб творчым супрацоўніцтве з тамтэйшым выдавецтвам "Тхуан Хоа", як новыя сябры дарылі нам перакладзеныя на в"етнамскую мову і выдадзеныя на рысавай паперы кнігі В. Быкава, І. Шамякіна, У. Караткевіча, І. Скарынкіна, трыма масавымі выданнямі “Беларускія народныя казкі”... Прытульна ставіўся да нас паэт Ле Чонг Шам. Ён зацікавіў мяне  сваімі вершамі не толькі на в’етнамскай, але і напісаныя  ім  па-французску. Перакладаць такія творы мне дапамагаў Ігар Лапцёнак.

Было многа цікавых сустрэч у Ханоі, на вялікай дарозе са сталіцы ў цэнтральную правінцыю Бінь Чы Тхіен (параднённую з Беларуссю). У цэнтры яе, горадзе Гюэ, адна гутарка сталася для мяне вельмі цікавай. Нгуен Дзін Нго, намеснік  старшыні  народнага камітэта правінцыі, расказаў, што тры разы быў у Савецкім Саюзе, пражыў там сем гадоў, наведаўшы многія рэспублікі СССР, у Ленінградзе скончыў аспірантуру. Дазнаўся і пра Беларусь, гістарычны лёс якой у многім супадае, як уявілася Нгуен Дзін Нго, з гераічным лёсам в’етнамскага народа: і распалавіньванне зямлі на Заходнюю і Усходнюю, і генацыд з вогненнымі вёскамі, падобны на пакуты в’етнамцаў у часы амерыканскай агрэсіі… І калі ў яго сям’і 26 чэрвеня 1983 года нарадзілася дачка, ёй далі незвычайнае імя – Белая Русь. Па в’етнамску імя гучыць так: Баць Нга – Nguyen Bach Nga. Мае новыя в’етнамскія знаёмцы, асабліва паэт Ле Чонг Шам, паведамлялі ў Мінск навіны ад імя маленькай Баць Нга. А я наўзамен адправіў у горад Гюэ  вось такі верш:


Белая Русь В’етнама

                         В’етнамскай дзяўчынцы Баць Нга прысвячаецца


   Успомню казку: над планетай
   аэрафлоцкая смуга…
         Зноў уяўляецца Баць Нга
         і вечнае В’етнама лета.
   Вунь і вясёлка як дуга,
   азёры рысавых плантацый…
         Дзяўчынка тут змагла азвацца
         маёй радзімаю: ‒ Баць Нга!
   Праз дзесяць тысяч кіламетраў
   сціхала ростані туга…
         …Мне й сёння з Бацькаўшчыны нетраў
         гучыць імя: ‒ Баць Нга!

‒ Баць Нга!

Першы мой допіс пра тое, як выдавецтва “Юнацтва” супрацоўнічае з в’етнамскімі выдавецтвамі, быў надрукаваны ў газеце “Голас Радзімы” (№27, 7.07. 1988 г.). Змясціла рэдакцыя і партрэцік пяцігадовай Баць Нга, і адрас яе бацькі.  У тыя часы эканамічнае супрацоўніцтва БССР і СРВ пашыралася. Выявы нашых трактароў, самазвалаў з’явіліся нават на в’етнамскіх грашовых купюрах. Культурнае супрацоўніцтва гнездавалася перш за ўсё ў гарадах Ханой і Гюэ. Часопіс “Нёман” трымаў сувязь з часопісам “Сонг хуонг” (“Водарная рака”, А выдавецтва “Тхуан Хоа” сябравала з нашым “Юнацтвам”. У горадзе Гюэ ведалі артыстаў Віцебскага акадэмічнага тэатра імя Якуба Коласа, тамтэйшыя школьнікі перапісваліся з вучнямі сярэдняй школы № 4 горада Мінска… Урэшце правінцыя Тхуан Тхіен (пераназваная з Бінь Чы Тхен) была параднёная ў 1988 годзе з Магілёўскай вобласцю.
А наўзамен нашай дэлегацыі – у 1989 годзе наведаў Беларусь паэт Ле Чонг Шам і дырэктар выдавецтва “Тхуан Хоа” – Выонг  Хонг. Адбыліся паездкі па Беларусі, а на магілу Уладзіміра Караткевіча в’етнамскія выдаўцы ўсклалі сімвалічнае выданне – кніжачку У. Караткевіча “Былі ў мяне мядзьведзі”, выдадзеную па в’етнамску ў 1985 г. тыражом у 30 100 асобнікаў. Дарэчы, у Ханоі  ў тым жа 1985 г. выйшла кніга У. Караткевіча “Дзікае паляванне караля Стаха” .

22 мая Ле Чонг Шам напісаў у Мінску верш “Каля магілы” з прысвячэннем: “КАРАТКЕВІЧУ ‒ беларускаму народнаму паэту”. Паэт сам зрабіў падрадкоўнікі і перадаў мне разам з арыгіналам. У  пераспеве верш загучаў так:

Караткевіч!
На гэтай нязрушнай зямлі
Надгробак для вас узвялі:
Тут рысавыя каласочкі,
Абняць вас і кветкі змаглі,
   А мне вы паспелі зрабіць
   Такое, што змог палюбіць
   Крутыя аблокі над Мінскам,
   Журботную выраю ніць.
З В'етнама паклікалі вы
І нас да сваёй муравы.
Узносіцца з ветрам журботным
Ваш дух да святой сінявы.
   З народнай, прыроднай красы ‒ 
   Да рысавыя каласы.
   Усходы ад вашых зярнятаў
   Відаць з-пад в’етнамскай расы.

Зборнік апавяданняў У. Караткевіча "Былі ў мяне мядзведзі". 1985 г. Перакладчык Тханг Лонг. 

На надгробку пазначаны пшанічныя каласы. Але Караткевіч стаўся для в’етнамца сваім, родным, і паэт не змог не аздобіць апошні прытулак другога паэта сваім нацыянальным хлебаносным сімвалам. У тое мінскае наведванне  в’енамскіх кнігавыдаўцоў Ле Чонг Шам напісаў некалькі вершаў. Многія былі створаны на мове даўняй калоніі – французскай. З французскай мовы мне перакладаў на беларускую  паліглот Ігар Лапцёнак. І 6 снежня 1996 г. газета “Літаратура і мастацтва” (№ 49) надрукавала мой допіс “Легендыі паданні зямлі В’ет” , змясціла пераклады вершаў Ле Чонг Шама: “Прэм’ера імпрэсій”, “Пароль замілавання”, “Маім сябрам”,  “Каля магілы” / КАРАТКЕВІЧУ—беларускаму народнаму паэту”/, “Аблічча. Слова. Сэрца” Прысвячаецца Б. САЧАНКУ”:

Захавала аблічча трывожныя ўсплесы ‒ 
Бураломнае рэха “Вялікага Лесу”,
Бо ад кожнай бяды пралягла баразна.
Веру: выпіта горкая чаша – да дна.

Спасцігаю высновы спакойнай прамовы
(Нам не трэба узнёсла-пампезныя словы).
У сугуччы быў дзень: хоць з сабою бяры.
Жыццядайнае сэрца тваё, не замры!

Ветнамскі паэт Ле Чонг Шам каля Дома дружбы гутарыць з Барысам Сачанкам. 1989 г. Фота Сяргея Панізьніка

Так, Ле Чонг Шам дапамагаў мне падтрымліваць сувязь  з Белай Руссю В’етнама. Аднаго разу Баць Нга мне прыслала ліст. На двухпостацевым здымку я ўбачыў  вельмі прывабную дзяўчыну. Яна пісала, што авалодала англійскай мовай, а рускую ў іх не вывучаюць. З перакладаў напісаных ёю радкоў я даведаўся, што  сям’я Баць Нга вельмі ўдзячнае мне за ўвагу, за ліставанне, за публікацыі і называе мяне  так: God  Father. Сялянскі сын уразумеў, што я стаўся хросным бацькам Баць Нга. Удзячны быў за такую лагодную вестку.  Чарговая мая публікацыя пра яе – “Белая Русь В’етнама” ‒ была надрукавана ў газеце “Новы Час” (№ 2/7/ 30.01‒12.02.2003), дзе я пазначыў і адрас маёй 20-гадовай хроснай: Nguyen Bach Nga  128 Hana. HUE. Vietnam.
Я, старшыня таварыства “Беларусь ‒ Латвія”, узгадваў незабыўную Баць Нга і ў Доме дружбы, калі адзначалі 80-годдзе Беларускага таварыства дружбы і культурных сувязяў. Пра гэта пісала газета “Звязда” 7. 04. 2006 года.

А “Краязнаўчая газета”  (№ 44 /349/, лістапад 2010 года) надрукавала мой артыкул “На зямлі Баць Нга”, дзе быў не толькі паўтораны пераклад верша ЛеЧонг Шама “Каля магілы”, але і пададзены арыгінал-аўтограф на в’етнамскай мове. Побач – пераздымак вокладкі кнігі аўтара: V – KO – ROT – KE – VICH. Гэта зборнік апавяданняў “Былі ў мяне мядзведзі”. Пісаў я, што каб сам Караткевіч пабыў у Гюэ, то, напэўна, здзівіўся б і гмаху касцёла сярод спецыфічнага для гэтай краіны гарадскога ландшафту, і аповеду Ле Чонг Шама аб тым, што кожная дынастыя на працягу васьмі тысячаў гадоў, замацаваўшыся ва ўладзе, знішчала духоўную памяць папярэдняй, і толькі старажытны Гюэ захаваў сваё спрадвечнае аблічча.