Версия для печати

Творы Петруся Броўкі на мовах народаў Дагестана

У Дагестане – сапраўды шматнацыянальная мастацкая літаратура. Болей як на дзесяці мовах ствараюцца паэзія, проза, у тым ліку, дзіцячая. І варта зазначыць, што шмат хто з нацыянальных пісьменнікаў сваімі творамі выйшаў за межы Дагестана. Класікі аварскай літаратуры – Гамзат Цадаса, Фазу Аліева, Расул Гамзатаў, лезгінскай – Сулейман Стальскі, даргінскай – Умурахіль Шапіева, лакскай – Эфендзі Капіеў, кумыкскай – Ірчы Казак…

Адной з адметнасцяў літаратурнага працэсу ў Дагестане з’яўлялася і з’яўляецца ўвага да мастацкага перакладу. Па-першае, пісьменнікі актыўна перакладалі творы сваіх паплечнікаў, прадстаўнікоў суседніх народаў. Ды, як правіла, пісьменнікі ведалі і ведаюць па некалькі моў. І самі пісалі на розных мовах. Як, напрыклад, Эфендзі Капіеў, які пісаў і на лакскай, і на кумыкскай, і на рускай мовах. Па-другое, і аварцы, і даргінцы, і пісьменнікі іншых нацыянальнасцяў праяўлялі ўвагу да рускай і іншых літаратур народаў Савецкага Саюза. У тым ліку – і беларускай.

Сярод беларускіх паэтаў перакладчыкі Дагестана не абыйшлі ўвагай Аркадзя Куляшова (пераклалі яго творы на аварскую і кумыкскую), Янку Купалу (вершы яго загучалі ў Дагестане на аварскай, даргінскай, кумыцкай, лакскай, лезгінскай), Максіма Танка (перакладалі на лакскую). Дарэчы, у часопісе “Дусшыву” па-лакску была надрукавана досыць вялікая падборка вершаў народнага паэта Беларусі М. Танка – чатырнаццаць твораў. У першым нумары за 1984 год. Магчыма, гэта не ўсе згадкі пра пераклады беларускай паэзіі на аварскую, даргінскую, кумыцкую, лакскую, лезгінскую і іншыя мовы народаў Дагестана. Магчыма, не ўсё ўлічана ў шасцітомным біябібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі”. Каб узнавіць больш поўную інфармацыю, безумоўна, варта наладзіць трывалыя стасункі з бібліёграфамі Нацыянальнай бібліятэкі Рэспублікі Дагестан – у Махачкале. У прыватнасці, у дачыненні да перакладаў паэзіі народнага паэта Беларусі Петруся Броўкі ўдалося ўзнавіць факты перастварэння яго вершаў на аварскую і даргінскую мовы.

“У Шушанскім” і “Мая планета” Петруся Броўкі надрукаваны на аварскай мове ў газеце “Красное знамя” (“Багіараб байрахъ”) – 10 кастрычніка 1987 года. Перакладчык – А. Даганаў. У 1980 годзе, 19 красавіка – публікацыя ў згаданай газеце ізноў на аварскай мове верша “Дэкрэт Леніна”. Перакладчык – М. Саідаў. А ў 1972 годзе, 9 снежня “Багіараб байрахъ» друкуе аварскі пераклад верша “Час”. Звесткі гэтыя дапамог раздабыць мастак і пісьменнік з Махачкалы Марат Гаджыеў. Зазірнуўшы ў першы том “Беларускіх пісьменнікаў”, можна і там знайсці сёе-тое – у прыватнасці, інфармацыю пра публікацыі 1970 і 1980 гадоў. Няма звестак пра надрукаваныя ў 1987 годзе пераклады. Няма ў слоўніку, на жаль, і звестак пра перакладчыкаў – А. Даганава і М. Саідава.  А між тым, Абдула Даганаў (1940 – 2012) – даволі вядомы аварскі пісьменнік. Народны паэт Дагестана. Аўтар 40 кніг паэзіі, прозы і публіцыстыкі. Досыць часта Абдулу Даганава называлі паэтам-жыццялюбам. Перакладчык Петруся Броўкі пераўвасобіў на аварскую мову творы многіх рускіх паэтаў – А.С. Пушкіна, М. Ю. Лермантава, У. У. Маякоўскага, С. Ясеніна.  Што да другога перакладчыка, то, пэўна, маецца на ўвазе М. Саідаў – перакладчык, паэт, які ў 1985 годзе выпусціў ў Махачкале аўтарскую анталогію перакладаў “Старонкі балгарскай паэзіі”.

Затое ў біябібліяграфічным слоўніку “Беларускія пісьменнікі” ёсць звесткі пра пераклады вершаў Петруся Броўкі на даргінскую мову. У часопісе “Гьалмагьдеш” – у 1961 і 1965 гадах. І ў газеце “Леніна байрахь” – 24 чэрвеня 1965 года (перакладчык – Хіямідаў). Даргінцы – параўнальна невялікі па колькасці народ. Усяго іх недзе каля 700 тысяч чалавек. У Дагестане – каля 500 тысяч чалавек (перапіс 2010 года). Нават у Беларусі ёсць даргінцы – 88 чалавек… Першая кніга на даргінскай мове (рэлігійныя вершы Абдулагаджы з Урахі) пабачыла свет у 1913 годзе. Магчыма, прыйдзе час – і, акрамя перакладаў з паэзіі Петруся Броўкі, па-даргінску і па-аварску, ды і на іншых мовах народаў Дагестана загучыць і яскравая, зоркавая, поўная красак паэзія Максіма Багдановіча, Пімена Панчанкі, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Яўгеніі Янішчыц, Міхася Стральцова… І тады чытачы Дагестана будуць мець шматкроць большае ўяўленне пра беларускую літаратуру.

Алесь Карлюкевіч

Прочитано 9441 раз