Вторник, 27 07 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Вяртанне Якуба Коласа ў Мінск

Беларускія літаратурныя класікі, пісьменнікі розных пакаленняў шмат павандаравалі па-за межамі нашай Айчыны. Асабліва цесна звязана іх жыццё з Расіяй. Янка Купала мае свае адрасы ў Санкт-Пецярбургу, Казані, яе ваколіцах, Чабаксарах. Язэп Дыла звязаны з Саратавам. Міхайла Грамыка – з Іжэўскам. Максім Багдановіч і Васіль Гарбацэвіч – з Яраслаўлем…

Вось і жыццё народнага песняра Беларусі Якуба Коласа самым цесным чынам звязана з рознымі куточкамі на постсавецкай прасторы. Адзін з коласаўскіх адрасоў – горад Абаянь на Куршчыне, дзе пісьменнік амаль шэсць гадоў знаходзіўся разам з сям’ёй. Знаходзіўся «далёка … ад межаў родных». Гэта Першая сусветная вайна прымусіла паэта да пераезду ўглыб Расійскай імперыі, службы і ўдзелу ў ваенных дзеяннях. Спярша – Масква, затым – Перм, Румынскі фронт… І, канешне ж, праз усе гэтыя гады наш легендарны суайчыннік заставаўся пісьменнікам, заставаўся паэтам.

У верасні 1917 года Якуб Колас прыехаў у Абаянь Курскай губерніі, дзе на той час знаходзілася ў эвакуацыі Марыя Дзмітрыеўна з сынамі Данілам і Юрыем. Згодна з дэкрэтам урада Канстанціна Міхайлавіча Міцкевіча як настаўніка вызвалілі ад вайсковай службы, і ён адразу ўзяўся за працу. Настаўнічаў у школах у вёсцы Малыя Крукі, затым у вёсцы Другі Ліпавец на Куршчыне. І разам з тым пільна назіраў за жыццём, побытам селяніна, гараджаніна ў расійскай глыбінцы. На пачатку 1921 года Народны камісарыят асветы Беларускай ССР накіраваў Наркамасветы РСФСР А. В. Луначарскаму тэлеграму з просьбай вярнуць у Беларусь «школьнага інструктара Канстанціна Міцкевіча (псеўданім – Якуб Колас), аднаго з лепшых беларускіх пісьменнікаў». 15 мая 1921 года Якуб Колас з сям’ёю пераехаў з Курскай губерніі ў Мінск.

І гэтае вяртанне было як своеасаблівая мяжа. Пачалося новае жыццё. Актыўная навуковая, грамадская, асветніцкая дзейнасць Якуба Коласа па вяртанні на Бацькаўшчыну спалучалася з літаратурнай – галоўнай справай жыцця паэта. З-пад яго пяра выйшлі апавяданні «Сяргей Карага», «Дачакаўся», «Крывавы вір», «Курская анамалія», «Ванька Кудлаты», «Туды, на захад!», сюжэты якіх навеяны ўспамінамі аб Курскай зямлі.

Усё гэта і стала лейтматывам часовай экспазіцыі «Туды, на захад!» (Абаян – Мінск», якая будзе разгорнута ў Дзяржаўным літаратурна-мемарыяльным музеі Якуба Коласа 15 мая 2021 года а 16-й гадзіне і прысвечана 100-годдзю вяртання Якуба Коласа ў Беларусь. У часовай экспазіцыі будуць прадстаўлены матэрыялы аб педагагічнай дзейнасці Якуба Коласа на Куршчыне, у Белпедтэхнікуме, Беларускім дзяржаўным універсітэце, настаўніцкіх курсах у Слуцку, навуковай дзейнасці ў Інбелкульце, Акадэміі навук, рукапісы і фотаздымкі пісьменніка, выданні твораў розных гадоў.

Выстаўка, якая зараз анансуецца, магла б стаць своеасаблівым штуршком для іншых музейных устаноў краіны. Штуршком, каб па-новаму, з улікам новых музейных і архіўных адкрыццяў расказаць пра стасункі беларускіх літаратараў з іншымі старонкамі, краінамі свету. І з Расіяй, і з Польшчай, і з Арменіяй, і з Грузіяй, і, канешне ж, з Літвой і Латвіяй, дзе беларуксіх літаратурных адрасоў надзіва шмат.

Сяргей Шычко

Прочитано 2771 раз