Среда, 18 05 2022
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Літаратурная карта Пухавіччыны: Суцін

  • Пятница, 16 октября 2020 10:05
  • Автор  Сугучча

Суцін — са старажытных паселішч Пухавіччыны. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзя вёска ўваходзіла ў Амяльнянскую воласць Ігуменскага павета. Адносілася да Блужскага праваслаўнага прыхода. Па перапісу 1897 года быў тут 41 двор, 195 жыхароў, працавалі 3 лаўкі, пітны дом.  

У пачатку XX стагоддзя ўжо 48 двароў, 337 жыхароў. Сумежна з вёскай знаходзілася аднайменная ваколіца Суцін, дзе ў 80 дварах пражывала 210 жыхароў. У 1912 годзе тут было адкрыта народнае вучылішча. Але пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі была створана працоўная школа 1-й ступені, у якой у 1922 годзе налічвалася 30 вучняў, у тым ліку 13 дзяўчынак. З 20 жніўня 1924 года паселішча становіцца цэнтрам сельсавета. У 1933 годзе ў Суціне быў створаны калгас імя І. В. Сталіна.

Сённяшняй адметнасцю вёскі з’яўляецца бібліятэка. Сюды, як у эпіцэнтр жыцця, цягнуцца маладыя і старыя. Канешне ж, найболей сярод чытачоў — школьнікаў. Таму і пісала нядаўна на старонках «Пухавіцкіх навін» бібліятэкар Жанна Дашкевіч, што «адзін з накірункаў работы Суцінскай бібліятэкі — работа з дзецьмі і моладдзю. На працягу навучальнага года вучні мясцовай школы не раз прыходзілі на розныя мерапрыемствы ў бібліятэку. З шасцікласнікамі мы правялі экалагічнае падарожжа. Дзеці пачулі, як трэба сябе паводзіць у лесе, на рацэ, ахвотна адказвалі на пытанні экалагічнай віктарыны…».

…Сапраўды, Суцін — памежжа са Старадарожчынай. З гэтай нагоды хацеў бы звярнуцца яшчэ да адной літаратурнай біяграфіі. Кастусь Цвірка (нарадзіўся ў вёсцы Зялёная Дуброва Старадарожскага раёна) — з пакалення Янкі Сіпакова, Рыгора Барадуліна, Ніла Гілевіча, Генадзя Бураўкіна, Анатоля Вярцінскага… Закончыў Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт у 1958 годзе. Настаўнічаў, працаваў у раённай газеце «Рудзенская праўда» (гэта ў Рудзенску, на тэрыторыі сённяшняга Пухавіцкага раёна. Але пра руплівасць газетчыка Кастуся Цвіркі на Рудзеншчыне, у Рудзенску мы пагаворым крышачку пазней). Працаваў на Беларускім радыё, у Інстытуце мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. Абараніў кандыдацкую дысертацыю. З 1981 года — у выдавецтве «Юнацтва», з 1984 — у часопісе «Полымя». Друкуецца з 1953 года. Згадаем хаця б некаторыя з паэтычных, літаратуразнаўчых, публіцыстычных кніг Кастуся Цвіркі — «Такія сэрцы ў нас» (1959), «Бягуць раўчукі» (1962), «Чарназём» (1967), «Каласы» (1975), «Сцежка дадому» (1980), «Дарога ў сто год» (1974), «Слова пра Сыракомлю» (1975), «Хат вячысты дар» (1982), «Той курган векавечны…» (1982)… І для Пухавіччыны Кастусь Цвірка — не чужы літаратар. У адным з нумароў часопіса «Полымя» надрукавана яго аповесць «Далёкія воблакі». Як вызначэнне жанра: «Аповесць пра маленства». Прыгожы, шчымлівы сваёй настраёвасцю твор!.. Нельга без суперажывання чытаць старонкі ўласнай памяці пісьменніка пра сваё маленства.

Расказваючы пра падрабязнасці свайго і сваёй сям’і жыцця ў акупацыю і ў першыя пасляваенныя гады ў старадарожскай Зялёнай Дуброве, пісьменнік раз-пораз звяртаецца і да Пухавіччыны. Яно і зразумела — адны і тыя ж дарогі-сцежкі, знаёмыя ваенныя падзеі, ды і партызаны з адных злучэнняў хадзілі па Пухавіччыне, і па Старадарожчыне. Аповесць Кастуся Цвіркі можна з поўным правам уключаць у арсенал мастацкіх твораў і на Пухавіцкую тэму. Але асабліва прыцягальныя старонкі ў раздзеле «Сена». Такі зразумелы для любога сельскага чалавека пачатак: «Праўдзівым болем галавы заўсёды, колькі я помню, было ў нас сена. Без каровы, без малака раней проста не ўяўлялася сялянская сям’я. Карова і карміла, і паіла, і давала гной для поля. Але каб дзяржаць карову, трэба было нарабіць сена». У Зялёнай Дуброве якраз з сенам усе і клопатаў мелі звышдастаткова. Іншая справа — суседняя Пухавіцкая старана… Чытаем у аповесці Кастуся Цвіркі: «Нарабіць сена часам памагалі нам мае цёткі, бацькавы сёстры Анэта і Маня, якія, не бачачы тут ніякай прасветліны, перабраліся разам з бабуняй і дзецьмі ў Суцін, у саўгас, дзе значна лягчэй было пражыць. Там, у саўгасе, праблем з сенам не існавала: хто працаваў, той зарабляў і грошы, і сена. Сенам саўгас цалкам забяспечваў сваіх «рабочых» — так звалі там вяскоўцаў, саўгасных работнікаў». Чытаеш і перачытваеш гэтыя радкі — і ў каторы раз думаеш пра тое, што многія складнікі сялянскага жыцця, сялянскага побыту не зразумець гараджанам другога-трэцяга пакалення. І тое ж сена хіба хто, не ведаючы вясковага жыцця, успрыме як сімвал, як вобраз, як выразны штрышок у партрэт вяскоўца?..

Яшчэ колькі радкоў пра характарыстыку суцінскага гаспадарання ў 1950—1960-я: «Травумешанку для сена ў саўгасе сеялі на тарфяніках. Гэтыя тарфянікі — асушаныя балоты распасціраліся на многія кіламетры паміж Суцінам і Крамком, які быў не так і далёка ад Зялёнай Дубровы. Канавы, ці, як іх называлі, калектары, падзялілі тарфянікі на роўныя палеткі. Трава на тарфяных палетках скошвалася саўгаснымі касілкамі падчыстую. Пры самых жа канавах і на іх схілах аставаліся ладныя палоскі травастою, якога касілкі не даставалі. Калі б такія прыканаўныя палоскі асталіся ў нас, іх мігам бы паскошвалі дуброўцы. Забяспечаныя ж сенам суцінцы на іх не квапіліся.

Мае цёткі, добра ведаючы наша гора з сенам, адразу, калі ўсё скошвалася і вывозілася з тарфянікаў, наказвалі нам паспяшаць у Суцін. Каб не правароніць такі сенакос, я ў той жа дзень ускідваў на плячо сваю касу і шыбаваў туды праз Дрычын і Крамок. Дваццаць з лішнім кіламетраў — адлегласць ад нас да Суціна — я тады адольваў без вялікай цяжкасці».

Праўда, і тут былі свае зразумелыя складанасці. Быў у Суціне і парадак, пэўны кантроль. Таму і… «Грэбці сена мы прыязджалі з маткай на кані. Нам памагалі і цёткі. Але адвозіць у Зялёную Дуброву сена яны раілі толькі як сцямнее: хоць саўгас і не забараняў абкошваць канавы, цёткі пабойваліся, каб наш воз з сенам, які будзе кіравацца ў іншы ад Суціна бок, не трапіўся на вочы каму-небудзь надта прынцыповаму з саўгаснага начальства. І мы, аглядваючыся па баках і стараючыся цішэй нокаць на каня, ужо сярод ночы, як тыя зладзеі, прывозілі суцінскае сена да сябе на загуменне».

Літаратурна-мастацкая біяграфія Суціна — гэта і лёс паэта і літаратуразнаўцы Міколы Мішчанчука, які закончыў Суцінскую сярэднюю школу. Доктар філалагічных навук Мікола Мішчанчук жыў ў Брэсце, працаваў выкладчыкам Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта.

Некаторы час у гэтай жа школе выкладаў гісторыю вучоны і пісьменнік, аўтар многіх кніг па гісторыі Айчыны Генадзь Сагановіч.

Алесь Карлюкевіч

 

Прочитано 394 раз Последнее изменение Пятница, 16 октября 2020 10:28