Версия для печати

Літаратурны Шацк

  • Пятница, 09 октября 2020 12:58
  • Автор  Сугучча

У Шацку, старажытным ігуменскім мястэчку (сённяшні Пухавіцкі раён, Міншчына), нарадзіўся рэвалюцыйны паэт Аляксандр Мікульчык. Менавіта ён з’яўляецца аўтарам верша «Беларуская марсельеза»: «Адвеку мы спалі, і нас разбудзілі…» Верш хадзіў у рукапісах, нідзе не друкаваўся. Але твор быў вядомы кожнаму свядомаму беларусу, які жадаў рэвалюцыйных, сацыяльных пераўтварэнняў. Доўгі час было невядома, хто ж з’яўляецца аўтарам гэтых слоў. 

Адвеку мы спалі і нас разбудзілі, 
Мы зналі, што трэба рабіць:
Што трэба свабоды, зямлі чалавеку,
Што трэба зладзеяў забіць. 
Што гэта за марная доля няшчасная,
Без хлеба, без грошай працуй,
Усюды ганяюць, усюды смяюцца,
Ну проста хоць крыкні «ратуй»!
Смяюцца над намі багатыя людзі,
Здаецца, панамі іх зваць,
Мы доўга цярпелі, цярпець больш не можам,
Пойдзем мы долі шукаць.
Мы дружна ўстанем з касамі, сярпамі,
Пагонім зямлі палачоў,
Няхай нас сустрэнуць палямі, лясамі
Грамады працоўных людзёў.

 

(«Белорусское слово», 1918, №1).

«Белорусское слово» — беларуская газета, якая выходзіла ў Кіеве. Публікацыя 1918 года — першы друкаваны выхад у свет «Беларускай марсельезы». Дагэтуль яна распаўсюджвалася ў рукапісах, у вуснай форме.

Адкрыццё і паэта, і высвятленне падрабязнасцяў з яго жыцця належыць вядомаму культуролагу, дыпламату, доктару філалагічных і кандыдату гістарычных навук Аляксею Канстанцінавічу Каўку, які нарадзіўся, між іншым, непадалёку — на Ігуменшчыне таксама, у Чэрвеньскім раёне.

«…Пра фактычнага аўтара «Беларускай марсельезы». Першым, хто паспрабаваў развязаць гэтае пытанне, хоць і памылкова, быў Антон Адамовіч, які прыпісаў твор Уладзіславу Галубку. Гэтую самую памылку паўтарылі і складальнікі «Анталогіі беларускай паэзіі» (т. 1, 1993), падаўшы згаданы тэкст у падборцы з іншымі вершаванымі вопытамі вядомага драматурга і тэатральнага дзеяча. Іншыя даследчыкі ў ліку магчымых стваральнікаў «Марсельезы» называлі Язэпа Фарботку, Макара Краўцова і нават акадэміка Яўхіма Карскага.

Нам пашчасціла натрапіць на след рэальнага творцы, дакладней першатворцы, разгледжанага верша. Гэта паэт-самавук Аляксандр Андрэевіч Мікульчык (2(14).08.1882—1918?), родам з мястэчка Шацк Ігуменскага павета (цяпер Пухавіцкі раён), сын валаснога пісара Андрэя Рыгоравіча Мікульчыка і Кацярыны Антонаўны з дому Асоўскіх. Імя нашага героя пазначана на старонках гісторыі айчыннай культуры, але толькі ў якасці рускамоўнага паэта, аўтара рэвалюцыйна-пралетарскага зборніка «Песни рабочего» (Санкт-Пецярбург, 1906). Збольшага была вядома і біяграфія А. Мікульчыка, уключна з яго супрацоўніцтвам з газетай «Северо-Западный край», допісамі, вершам «Мне здаецца ў цёмныя ночы» ў «Нашай Ніве» (1913, 24 крас.), зняволеннем ў мінскім Пішчалаўскім замку па падазрэнні ў тэрарызме і інш.

Але найгалоўная, найярчэйшая старонка яго жыццяпісу доўга заставалася непрачытанай. Магчыма, праз адсутнасць у сховішчах Беларусі згаданага «Белорусского слова», у якім А. Мікульчык і паведамляў пра сваё аўтарства «Беларускай марсельезы». Хоць для канчатковага высвятлення пытання аднаго гэтага сцвярджэння было б недастаткова. Вычарпальным доказам у дадзеным выпадку служыць аўтабіяграфія А. Мікульчыка, выяўленая намі ў Расійскім дзяржаўным архіве літаратуры і мастацтва (РДАЛМ). У дакуменце акрамя іншага падаецца і першапачатковы тэкст верша «Сялянская марсельеза» — з некаторымі, не вельмі істотнымі, лексічнымі адрозненнямі і ад яго пазнейшых, «народных» мадыфікацый, калі не лічыць аднаго, прынцыпова адметнага слова ў загалоўку — «Беларуская» (замест «Сялянская»). Натуральна, гэтым удакладненым акцэнтам узмацняўся нацыянальны пафас, падвышаўся ўсенародны ўзровень верша.

З тае самае крыніцы даведваемся пра дзівосныя дэталі нялёгкае жыццёвае адысеі нашага аўтара: з пятнаццаці гадоў сірата, бадзяжнічаў па абшарах Прыбалтыкі, Украіны, паўднёвых губерняў Расіі, перабіваючыся выпадковым заробкам у якасці вартаўніка, грузчыка, землякопа, матроса. Універсітэты маладога Аляксандра Мікульчыка чымсьці нагадвалі падобныя прыгоды Алёшы Пешкава, у будучыні знакамітага Максіма Горкага. З ім і нашаму беларусу давялося сустрэцца і гутарыць у Кіеве, у лістападзе 1914 г. Развагі над постаццю аўтара «На дне», выкліканыя той сустрэчай, занатаваныя ў двух Мікульчыкавых цыдулках да артысткі Марыі Андрэевай, грамадзянскай жонкі Аляксея Максімавіча, якая ў той час таксама знаходзілася ў Кіеве на гастролях маскоўскага тэатра.

Пра што размаўлялі паэт-пачатковец і пісьменнік-класік? Кропелькі святла на гэты конт пралівае другая запіска А. Мікульчыка — не столькі пра расійскую літаратурную славутасць, колькі пра асабістыя перажыванні, светлыя парыванні прытомленага лёсам аўтара цыдулкі: «Видел Горького, но мне кажется, что он не совсем хорошо понял меня, так как я ему ничего не сказал о себе, а то, что он сказал, — не соответствовало моим планам, так как я наметил себе большую широкую дорогу и мне уже 32 года, так что теперь нужно наверстать то, что ушло (систематическое образование). Мне необходимо учиться, так как я не знаю основ, но у меня талант, а жить я буду красиво, так как понимаю красоту мира и человеческой души, и если мне не откроют дверь, я разобью…».

Душэўная чуласць і… рашучы кулак. Кантрасты, мабыць, непазбежныя для мяцежнае, неўладкаванае натуры. Тым больш, калі яна пры ўсіх зацятых выпрабаваннях лёсу мужна сцеражэцца роспачы, не перастае верыць у найлепшае, гожае.

З цыдулак даведваемся, што наш герой працаваў чытальнікам (часова падмяняў штатнага акцёра) у адным з тэатраў Кіева. Адтуль, з украінскае сталіцы, праз чатыры гады ён нагадае пра сябе са старонак «Белорусского слова». На радзіму яму вярнуцца, відаць, не выпала — каб спатоліцца асалодай ад славутасці народнага песняра. Хоць… Хваля натхняльнага ўзрушэння ўсё ж варухнула паэтаву душу на самым пачатку яго творчага шляху. «Однажды осенью 1904 года, — чытаем у яго аўтабіяграфіі, — я посетил свое родимое местечко на станции Пуховичи и здесь оставил свои некоторые стихи и две песни, писанные народным языком, и когда я приехал вторично, их распевали деревенские парни. На душе у меня было хорошо: я убедился, что ничто не проходит даром и народ когданибудь поймет песни, которые желают ему добра».

 

(«Роднае слова», 2007, №9, с. 83).

 

Не выключана, што Аляксандр Мікульчык звязаны і з мястэчкам Пухавічы. Чаму ж ён тады і піша пра «мястэчка на станцыі Пухавічы»?.. Можа, нарадзіўшыся ў Шацку, пасля жыў у Пухавічах, куды з аднайменнай станцыі патрапіць было шмат прасцей, чым у Шацк, да якога ад Мар’інай Горкі — 32 км… Ды і Мікульчыкі — прозвішча з пухавіцкіх ваколіц. З мястэчка Пухавічы, вёскі Міжрэчча.

Яшчэ адзін цікавы зямляк, які спалучаны з Пухавіцкім краем. 28 красавіка 1931 года ў вёсцы Шацк нарадзіўся беларускі краязнаўчы пісьменнік Уладзімір Мікалаевіч Кісялёў. Кандыдат эканамічных навук (1986). Заслужаны работнік жыллёва-камунальнай гаспадаркі Беларусі (1981). Скончыў Маскоўскі аўтадарожны інстытут (1955). У 1955— 1992 гадах працаваў у Мінску на гарадскім транспарце, у Міністэрстве жыллёва-камунальнай гаспадаркі, у Беларускай палітэхнічнай акадэміі. Нягледзячы на тое, што праца, службовыя абавязкі Уладзіміра Мікалаевіча заўжды былі далёкімі ад літаратурнай работы, ва ўсе гады свайго жыцця ён цікавіўся гісторыяй свайго края, будучы сямейнымі абставінамі, сувязямі знітаваны з Уздзеншчынай, ён паслядоўна вывучаў жыццяпіс гэтай унікальнай старонкі. Стараўся пазнаёміцца з кожным са знакамітых ураджэнцаў, з усімі, хто спрычыніўся да біяграфіі радзімы Кандрата Крапівы і Пятра Глебкі, Паўлюка Труса і Алеся Пальчэўскага. Як плён творчай работы даследчыка — кнігі «На истоках нёманских» (1985), «Прафесар электраграфіі» (у сааўтарстве з В. Грыбкоўскім, В. Гапоненка), «Пуцявінамі Наднямоння» (1984) і іншыя творы. Уладзімір Мікалаевіч — аўтар многіх артыкулаў у гісторыка-дакументальных хроніках «Памяць», прысвечаных Пухавіцкаму, Уздзенскаму, Асіповіцкаму і іншым раёнам Беларусі. У кнізе У. Кісялёва «Пуцявінамі Наднямоння» ёсць нарыс «Падарожжа ў глыб тысяча-годдзя». Краязнаўца аналізуе тыя звесткі, што захаваліся ў дачыненні да аднаго з маршрутаў «з варагаў у грэкі». Піша пра вядомыя адгалінаванні ад маршрута, расказвае пра так званыя волакі. «Народныя вераванні лічылі волакі месцамі нячыстымі і праклятымі, дзе знаходзіліся магілы ліхадзеяў, злых волатаў. Усякі праходзячы павінен быў тут кінуць галіны дрэў, камяні, сена. І чым болей, тым лепей, каб волакі былі заўсёды ўзвышаныя і сухія. Здымаць і раскідаць нанесенае лічылася вялікім грахом.

Падрабязна Нёманска-Дняпроўскія і іншыя варыянты волакавых месц аналізаваў географ В. Жучкевіч. Ён аддаваў сярод іх перавагу лашанска-шацкаму варыянту. М. Азбукін у артыкуле «Мястэчка Шацак» («Наш Край», № 1, 1927) прывёў дакладную схему перавалачнага адрэзку шляху з наступным яго апісаннем: «Лежачы на рацэ Дняпроўскага вадазбору і пры гэтым блізка да пачатку Нёмну, Шацак мог быць ужо ў вельмі даўнія часы важным гандлёвым пунктам. Мясцовыя насельнікі апавядаюць, што праз Шацак калісьці шлях ішоў па Дняпры, Прыпяці, Птычы, Шачы да возера, ад якога цяпер засталося так зв. Шалёнае балота, адкуль па рэчцы да Пярэвалацкага балота, якое таксама было возерам, і далей волакам па лагчынцы ад Пярэвалакі да ракі Лошы каля мястэчка Лошы, затым па Лошы і Нёмне. Тубыльцы кажуць, што ў старыя часы Шацак быў вялікім горадам і зваўся Чорным Горадам або Старым Шацкам». Паданні гэтыя былі запісаны мясцовай настаўніцай В. Сялівончык і слухачом Мінскага педтэхнікума Адамам Пякарскім.

Лашанскі фенолаг І. Аляксейчык казаў пра Перавалоку, што яна ідзе ад часоў падарожжаў «з варагаў у грэкі». На Перавалоцы было возера, якога цяпер ужо няма. Нагадвае аб старажытнасці гэтых месц, аб былых водных шляхах і самадзейны гісторык з Забалацця

Ф.Бельскі…».

 

(Кісялёў У. Пуцявінамі Наднямоння. Мінск, 1994. — с. 115-116).

 

З Шацкам звязаны лёс паэта-сатырыка Міколы Вяршыніна (1940—2009). Нарадзіўся ён 20 мая 1940 года ў Чэрвені. Бацькі загінулі літаральна ў самым пачатку вайны. Выхоўваўся ў цёткі, затым — у дзіцячым доме. Рос і вучыўся ў Пухавіцкім (у Шацку) і Мінскім раёнах. Скончыў Мінскі аўтамеханічны тэхнікум, гістарычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Працаваў на розных інжэнерна-тэхнічных пасадах на Мінскім падшыпнікавым заводзе і іншых прадпрыемствах сталіцы. Выдаў каля дваццаці паэтычных кніг сатыры і гумару. Часта прыязджаў у Шацк на сустрэчы з чытачамі і землякамі. Не толькі ў Шацкай сельскай бібліятэцы, але і ў многіх бібліятэках Пухавіччыны захоўваеццца нямала зборнікаў Міколы Вяршыніна з аўтографамі.

Пра повязь Міколы Вяршыніна з Шацкам красамоўна расказвае адзін з фотаздымкаў, змешчаных у кнізе вершаў «І роздум, і смех, і любоў…» (Мінск, 2006 год), дзе разам фотаімгненне зафіксавала дзіцячую грамаду. А подпіс расказвае: «Чацвёрты клас дзесяцігодкі. Трэці злева ў першым радзе — Коля Вяршынін. У цэнтры другога рада — любімая настаўніца ўсяго класса Лідзія Дзмітрыеўна Шэлег. Пасёлак Шацк. 1951 год». У гэтым жа зборніку — і верш «Вёска Міхалевічы»: «Вёска Міхалевічы — / Шэсць дзесяткаў хат. / Рэчка Шача плешчацца, / Як сто год назад.

Вось у гэтай вёсачцы/ Я калісьці рос./ Так прыехаць хочацца,/ Зведаць свежасць рос».

Зыходзячы з сённяшняга адміністрацыйнага дзялення, патрэбна некаторае тлумачэнне. Колішняя вёска Міхалевічы, дзе ў пачатку XX ст. месцілася 59 двароў, пражывала 405 чалавек, злілася з Шацкам у адно паселішча. Калі гаварыць афіцыйнай мовай, знята з уліку 24 лістапада 1966 года. Цяпер Міхалевічы — усяго толькі мікратапонім. Але застаўся верш Міколы Вяршыніна. Як памятка і пра вёску, і пра паэта-земляка.

У Шацкай сярэдняй школе працуе краязнаўца Наталля Вайцяховіч, аўтар некалькіх кніг пра Шацк, ураджэнцаў Шацка, настойлівы і руплівы даследчык мінуўшчыны Пухавіччыны. У самы пярэдадзень Вялікай Айчыннай вайны ў Шацку настаўнічаў празаік Мікола Лобан.

 

Алесь Карлюкевіч

Ілюстрацыя: перапісаны Верай Харужай тэкст верша «Адвеку мы спалi ...» (СБ). 

Прочитано 535 раз