Вторник, 25 01 2022
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Майстра палітычнай карыкатуры: Па прашчурах – з мінскіх Смілавіч

  • Вторник, 15 декабря 2020 10:34
  • Автор  Сугучча

Смілавічы ўжо даўно атаясамляюць з гісторыяй выяўленчага мастацтва. Тут нарадзіліся жывапісец, дызайнер па тканіне, кніжны ілюстратар, паэт Файбіш-Шрага ЦАРФІН, мастак «Парыжскай школы» Хаім СУЦІН… А яшчэ са Смілавіч – родавыя карэнні легендарнага савецкага, расійскага і ўкраінскага мастака-графіка, майстра палітычнай карыкатуры, Героя Сацыялістычнай Працы, народнага мастака СССР, лаўрэата Дзяржаўнай прэміі СССР і дзвюх Сталінскіх прэмій другой ступені Барыса Яфімавіча ЯФІМАВА. Сапраўднае прозвішча – Барыс Хаімавіч ФРЫДЛЯНД. Бацька таленавітага мастака, легендарнага карыкатурыста – Хаім Моўшавіч (Яфім Маісеевіч) Фрыдлянд (1860 – 1945), рамеснік з мястэчка Смілавічы Ігуменскага павета Мінскай губерні.

Сам Барыс Яфімаў нарадзіўся 28 верасня (11 кастрычніка) 1900 года ў Кіеве. Маці – Рохля Шэвахаўна ХОХМАН. Дарэчы, нараджэннем з 1880 года. На 20 гадоў маладзейшая за бацьку. Можа быць, так здарылася, што бацька мастака жыў у мястэчку і амаль да канца XIX стагоддзя. А ў Кіеў ужо выправіўся, калі яму было пад сорак гадоў… Мо нават была ў Яфіма Маісеевіча і першая сям’я ў саміх Смілавічах…

Барыс пачаў маляваць з пяці гадоў. Дарэчы, з беларускім, польскім асяроддзем хлопчык сутыкнуўся яшчэ раз. І хто ведае, мог бы яшчэ стаць і польскім мастаком. Бацькі з Кіева пераехалі ў Беласток. Барыс паступіў у рэальнае вучылішча. А там ужо вучыўся яго родны старэйшы брат – Міхаіл КАЛЬЦОЎ (будучы публіцыст і фельетаніст). Міхаіл рэдагаваў рукапісны школьны часопіс. А Барыс рабіў для такога выдання ілюстрацыі. У 1915 годзе, з пачаткам Першай Сусветнай вайны, калі рускія войскі пакінулі Беласток, Яфімаў аказаўся ў Харкаве.

У 1917 годзе малады чалавек пераязджае ў Кіеў. Год вучыцца на юрыдычным факультэце Кіеўскага дзяржаўнага ўніверсітэта. Кіеўскі часопіс «Зритель» друкуе першыя шаржы Барыса Яфімава – на паэта А. А. Блока, мастака, мастацкага крытыка А. Р. Кугеля (наш зямляк; нарадзіўся ў Мазыры), актрысу В. Л. Юрэневу. У 1919 годзе мастак становіцца адным з сакратароў рэдакцыйна-выдавецкага аддзела Народнага камісарыята па ваенных справах Савецкай Украіны. З 1920 года Б. Яфімаў працаваў у якасці мастака-карыкатурыста ў газетах «Коммунар», «Вісти», «Большевик». Кіраваў аддзелам выяўленчай агітацыі Паўднёвага бюро Украінскага аддзялення Расійскага тэлеграфнага агенцтва ў Адэсе. Надзвычай цікавы час!.. Толькі закончылася Грамадзянская вайна. У Адэсе з рознымі газетамі супрацоўнічае Міхаіл Кальцоў. У гэтым горадзе жыве і працуе Валянцін Катаеў. У газетах «Станок» і «Моряк» працуе Канстанцін Паўстоўскі. А яшчэ – Ілля Ільф, Эдуард Багрыцкі, Леў Славін… З 1922 года мастак – у Маскве. Супрацоўнічае з газетамі «Правда», «Известия», часопісамі «Крокодил», «Чудак»… Калі арыштавалі брата – фельетаніста, вядомага палітычнага дзеяча Міхаіла Кальцова, Барыс Яфімаў быў таксама звольнены з газеты «Известия». І пераключыўся на кніжную ілюстрацыю. Аформіў новыя выданні твораў М. Е. Салтыкова-Шчадрына. З 1940 года (на лёсе М. Кальцова Сталін ужо паставіў крыж, даўшы загад расстраляць фельетаніста!) Яфімаў вяртаецца да карыкатуры і друкуе свае злабадзённыя працы ў газеце «Труд» пад псеўданімам «В. Борисов». Праз некаторы час В. Молатаў дае распараджэнне  актыўна друкаваць работы Барыса Яфімава. Імя мастака гучыць са старонак «Правды», «Крокодила», «Агитплаката».   Многія карыкатуры Барыса Яфімава становяцца падзеямі ў грамадстве, шырока абмяркоўваюцца. Разам з іншымі савецкімі мастакамі на працягу дзсяцігоддзяў легендарны карыкатурыст стварае ў сусветнай культуры ўнікальны феномен – «станоўчая сатыра».

Барыс Яфімаў удзельнічае ва ўсіх палітычных кампаніях савецкага ўрада. Змагаецца сваім майстэрствам з «сацыял-фашыстамі» – сацыял-дэмакратычнымі партыямі заходніх краін, вядзе барацьбу з трацкістамі (памятаў жа, зразумела, не мог не трымаць у памяці, што аўтарам прадмовы да першага зборніка яго карыкатур стаў Л. Троцкі), бухарынцамі, з касмапалітамі, генетыкамі – «вейсманістамі-марганістамі», з Ватыканам, «дактарамі-забойцамі», з югаслаўскім маршалам Ціта… А яшчэ ў 1950-1960-х гг. удзельнічае ў стварэнні мультыплікацыйных фільмаў. У жніўні 2002 года (перасягнуўшы стогадовы ўзрост!) узначаліў аддзяленне карыкатуры Расійскай Акадэміі мастацтваў. А 28 верасня 2007 года быў прызначаны на пасаду галоўнага мастака газеты «Известия»… Памёр Барыс Яфімаў 1 кастрычніка 2008 года. У апошнія гады жыцця пісаў мемуары, маляваў сяброўскія шаржы… 

Такі вось мастацкі, палітычна-публіцыстычны лёс у чалавека, які ўскосна (генетычна!) звязаны з Беларуссю, са Смілавічамі. 

Кастусь Хадыка

Прочитано 478 раз