Версия для печати

«Над намі ляцеў вялікі гусь… Аэраплан…»

  • Четверг, 08 октября 2020 14:10
  • Автор  Сугучча

Відаць, з вучняў Пухавіцкай сярэдняй школы, размешчанай у старадаўнім мястэчку Пухавічы, мала хто і ведае, якая ў Пухавіччыны сувязь з нямецкім горадам Раштатам… У любым выпадку адлегласці немалыя, ды і згадкі наўрад ці пра тую далёкую Нямеччыну тут часта робяцца. А сёння ці не самы час успомніць аднаго з яе удзельнікаў. Так, размова пра пухавіччаніна Луку Сямёнавіча ДУНАЯ…

Разам з яго ўнукам – пенсіянерам Георгіем Лінскім – мы і гартаем дзённік салдата тае далёкай вайны… Увогуле сам факт захоўвання папер як сведчання даўніны праз столькі гадоў – ужо нагода пагаварыць пра памяць. У выпадку з нашчадкамі Лукі Дуная яна, памяць, аказалася надзіва ўдзячная. Дарэчы, і людзі – нашчадкі (дзеці, унукі, праўнукі) удзячныя і годныя. Назаву сацыяльны статус хаця б некаторых з іх: акадэмік Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Рэспублікі Беларусь, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь, доктар медыцынскіх навук Арнольд СМЕЯНОВІЧ, настаўнік беларускай мовы і літаратуры Маргарыта КРАШЭЎСКАЯ, генерал-маёр Віктар КРАШЭЎСКІ, палкоўнік Уладзімір КРАШЭЎСКІ, кандыдат медыцынскіх навук Віталь СМЕЯНОВІЧ, галоўны ўрач стаматалагічнай паліклінікі Вольга РУНОВА, мастачка, кніжны графік Дана РУНОВА… Але ж пра Дуная і яго дзённік…

У 1913 годзе Лука Дунай, маючы ўжо сям’ю,  дзетак, маючы за плячыма і стаж службы, закончыў Лібаўскую школу прапаршчыкаў. Да вайны заставаўся яшчэ час… На жаль, не ўсе дэталі з тых месяцаў можна ўзнавіць. Усё ж такі мінула стагоддзе… А вось дзякуючы дзённіку, які быў запісаны алоўкам (і тэкст выразна відаць і зараз), зазірнуць у жнівень 1914 усё ж магчыма. Слова – прапаршчыку Дунаю… Чытаем у дзённіку за 2 жніўня 1914 (вайна пачалася 28 ліпеня): «У час пахода мы заўважылі, як над намі ляцеў вялікі гусь. А некаторыя гаварылі, што гэта журавель, а калі ўважліва прыгледзеліся, то аказалася, што гэта германскі аэраплан…» Салдаты без усялякай каманды адкрылі па ім агонь. Камандзір палка лётаў на кані паўз калону і патрабаваў спыніць стральбу.

І далей – з дзённіка: «Была нейкая дасада, што так многа выпусцілі патронаў, а аэраплан і паляцеў непашкоджаным. І так з гэтага часу наша зброя пачала ўжо страляць не па мішэнях, а ў людзей». Так салдаты дайшлі да горада Сувалкі. Там пяхоту размясцілі ў казармах 1-га лейб-гвардыі кавалерыйскага палка. А 4 жніўня полк, у якім служыў наш зямляк,  падыйшоў да мяжы. Салдаты рассыпаліся па канаве. А афіцэры наладзілі нараду на ўзвышанасці. Камандзір роты вярнуўся і аддаў загад прадоўжыць паход. Цяпер – ужо на нямецкую тэрыторыю. Лука Сямёнавіч апісвае падрабязна нямецкую вёску, паказвае адрознасці ад нашага побыту. Запісвае, што на беднай зямлі, дзякуючы выдатнай апрацоўцы, вырасла выдатнае жыта. Выснову сваю салдат зрабіў па ржэўніку, бо жыта было ўжо скошана.

Дарога па варожаму тылу працягвалася. Поруч ішлі Яраслаўскі і Серпухаўскі палкі. Па-ранейшаму над пешымі вайскоўцамі кружыўся час ад часу аэраплан. А 7 жніўня пачаліся першыя сапраўдныя сутычкі з праціўнікам. З’явіліся параненыя. А пасля… «Ад 5-й роты злева прыбег веставы і далажыў, што забіты камандзір пятай роты. І рота амаль разбіта. А справа прыбегла 5 ці 6 пасыльных з патрабаваннем папоўніць запас патронаў у 6-8-й ротах…» Пачалося хаатычнае адступленне. Хваля ад выстралу артылерыйскага снарада накрыла і Луку. На шчасце, ён застаўся жывы.

8 жніўня самай раніцай у палках пачалі падлічваць страты. Высветлілася, што ў кожнай з рот загінула па 60-70 чалавек. Калі лічыць, што ў кожнай роце расійскай арміі згодна штатнаму раскладу павінна было быць 226 чалавек, то атрымліваецца: загінула амаль трэць байцоў… У гэты ж дзень, 8 жніўня, Лука Сямёнавіч выратаваў ад гібелі артылерыйскі разлік, коні якога загінулі. За гэты ўчынак нашага зямляка прадставілі да Георгіеўскага крыжа. 12 жніўня падыйшлі да горада Даркмена. Мірных жыхароў  у горадзе ўжо зусім  не было. На адной са старонак аўтар дзённіка апісвае, як камандаванне дазволіла салдатам браць усё, што трэба з абутковага і мануфактурнага магазінаў. І вось што піша Лука Дунай: «… Але я, не маючы запасной бялізны, нічога не ўзяў. Адчуваў, што мне сёння ці заўтра смерць, дык навошта…» І далей: « … тут былі сыры, масла і ўсемагчымыя салодкія рэчы, але я не мог нічога ўзяць ані крошкі…» У адным з паселішчаў мясцовыя жыхары з некаторых падворкаў адкрылі па салдатах агонь. Давялося ўступіць у перамовы, патлумачыць, што ніякіх зверстваў ніхто чыніць не будзе. Людзі пакрысе супакоіліся і ўбачылі, што ім нагаворвалі на рускіх салдатаў. Мірных жыхароў яны не чапаюць. І ўжо немцы самі неслі салдатам чыгункі з бульбай, іншымі стравамі.

… 29 жніўня аказалася ракавым днём для Лукі і для ўсіх яго аднапалчанаў. «З самай раніцы загрукаталі гарматы і застрачылі кулямёты…» Было многа забітых і параненых. У гэтым баі Лука Дунай разам са  сваімі саслужыўцамі патрапіў у палон. З часам салдат аказаўся ў згаданым Раштаце. Гэта – нямецкая зямля Бадэн-Вюртэмберг, за 10 км на поўнач ад горада Бадэн-Бадэн. На захад ад Раштата працякае рака Рэйн і праходзіць мяжа з Францыяй. Так пачалося жыццё нашага зямляка ў палоне… Першы месяц выдаўся няпростым. І голаду хапіла, і здзекаў. А 28 верасня палонным дазволілі напісаць дадому, дзе яны знаходзяцца. Выдалі спецыяльныя паштоўкі. «Ніхто з нас не верыў, што нашы пісьмы патрапяць у Расію. І тым болей у родныя мясціны…» А паштоўка ўсё ж дайшла да Пухавіч. Яна захавалася і зараз, праз стагоддзе. Разам з дзённікам салдата Першай Сусветнай Лукі Сямёнавіча Дуная.

… Яшчэ колькі запісаў – ужо ў палоне. 30 студзеня 1915 года: «Я атрымаў ад жонкі адразу шэсць пісьмаў». 3 лютага: «… мне выдалі 10 марак і 67 пфенінгаў. Гэта замест 5 рублёў, якія мне выслала жонка. Аддаў шэсць марак доўгу». 8 лютага: «Мне аб’явілі, што мне даслалі з дому яшчэ 15 рублёў, г.зн., 32 маркі і 2 пфенінгі, але на рукі грошай мне не выдалі». Дзённік часоў палону дастаткова лаканічны. Лука запісвае, калі атрымлівае пасылкі з дому. Што ў іх знаходзіцца. Запісвае перажыванні, вядзе французска-рускі слоўнік (побач у палоне знаходзіліся і французы). Пададзены ў сшытку і адрасы салдат з Расіі. Ёсць запіс пра тое, дзе ў палоне знаходзіцца Васіль Сямёнавіч Дунай… Абрываецца дзённік вераснем 1917 года. У сшытку і фальклорны запіс пра змены ў Расіі, пра тое, што спала краіна і раптам прачнулася.
Такая для Лукі Сямёнавіча Дуная з вёскі Пухавічы была Першая Сусветная…

Мікола Берлеж 

Прочитано 395 раз Последнее изменение Четверг, 08 октября 2020 14:32