Суббота, 27 11 2021
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

Прафесар з «сонечных Пухавіч»

  • Пятница, 21 мая 2021 12:18
  • Автор  Сугучча

Па-ранейшаму мястэчка, а цяпер вёска Пухавічы – з паселішчаў імянітых, багатых на самую розную гісторыю. Пухавічы – гэта і розных гадоў легенды, былі-бываліцы. А колькі тут цікавых людзей!.. Адны нарадзіліся і ў вырай далёкі знакамітасцямі паляцелі. Другія прыехалі сюды на ўсё сваё жыццё і лёсамі сваімі ўпрыгожылі лёс паселішча. З 1940-1950-х гадоў адметнасцю Пухавіч сталі настаўніцкія сем'і . Калі муж і жонка – настаўнікі, калі працуюць разам , а калі следам у настаўніцтва ідуць яшчэ і дзеці іх, то хіба гэта не прыгожа ?!. Хіба гэта не выхоўвае астатніх ..? Вось і ў лісце да мяне наш зямляк з Санкт-Пецярбурга Мікалай Сяргеевіч Лабуш (нарадзіўся ў Пухавічах 7 верасня 1951 года) шмат піша пра настаўнікаў. Згадвае Рыгора Яфмавіча Пазняка, Надзею Сцяпанаўну Усцінаву, Вольгу Іванаўну Бялугіну, Рыгора Іванавіча Гуло… Пералік можа быць шмат даўжэйшым. Але ў дадзеным выпадку хацелася б расказаць пра самога Мікалая Лабуша, хлопца з «сонечных Пухавіч». Так, у саміх пухавіччан было такое рамантычнае вызначэнне – «сонечныя Пухавічы».

Мястэчка, здараецца, і зараз лічаць нейкімі «Нью-Васюкамі». У аднаго з беларускіх пісьменнікаў і кніжка ёсць з такой назвай – «Ганна з Пухавіч». А як мне падаецца , то ўжо, пазнаёміўшыся з лёсамі, падобнымі да перажытога, здабытага Мікалаем Лабушам, можна і ганарыцца Пухавічамі.

Дык хто ж ён – наш зямляк, чыя бацькоўская хата (бацькоў ужо, праўда, няма. Час забраў іх у вечнасць) і зараз вокнамі выходзіць на пухавіцкую вуліцу Кастычніцкая?.. Прафесар кафедры міжнароднай журналістыкі факультэта журналістыкі Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага ўніверсітэта . Доктар палітычных навук. Кандыдат філасофскіх навук. У 1973 годзе закончыў Кіеўскае вышэйшае ваенна-марское палітычнае вучылішча. Сем гадоў служыў афіцэрам на караблях Паўночнага флоту. У 1983 годзе з залатым медалём закончыў педагагічны факультэт Ваенна-палітычнай акадэміі. Залаты медаль атрымліваў разам з другім беларусам – палітработнікам – двойчы Героем Савецкага Саюза лётчыкам-касманаўтам Пятром Ільічом Клімуком.

У 1983- 1985 гадах Мікалай Сяргеевіч працуе выкладчыкам у Вышэйшым ваенна-марскім інжынерным вучылішчы імя Ф.Э. Дзяржынскага ( зараз – Санкт-Пецярбургскі Ваенна-Марскі інжынерны інстытут). Следам – вучоба ў ад'юнктуры Ваенна-Марской Акадэміі. У тыя гады М. Лабуш актыўна працуе над дысертацыяй, якую ў 1988 годзе паспяхова абараняе на філасофскім факультэце Ленінградскага ўніверсітэта . У 1987-1992 гадах малады вучоны працуе у Ваенна-Марской Акадэміі выкладчыкам. А ў 1993 годзе кандыдата філасофскіх навук запрашаюць узначаліць кафедру грамадскіх навук Вышэйшага ваенна-марскога вучылішча імя М. В. Фрунзе (зараз – Марскі корпус Пятра Вялікага – Санкт-Пецярбургскі ваенна-марскі інстытут). На пасадзе начальніка і служыў ваенна-марскі навуковец да 2001 года. Тады звольніўся са службы ў званні капітана 1 рангу. У тым жа годзе быў адзначаны ганаровым званнем «Заслужаны ваенны спецыяліст Расійскай Федэрацыі». У 1998 годзе яшчэ адна падзея ў жыцці нашага земляка – Мікалай Сяргеевч абараняе дысертацыю «Сілавы механізм дзяржавы і грамадства (палітыка-сацыялагічны аналіз)» на годнасць доктара палітычных навук.

Абараняе доктарскую дысертацыю, між іншым, на філасофскім факультэце цяпер ужо Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта. З 2001 года Мікалай Лабуш – прафесар кафедры міжнароднай журналістыкі ва ўніверсітэце, які і яго вывеў на шырокія навуковыя прасторы. Распрацаваў і чытае Мікалай Сяргеевіч аўтарскія курсы па праблемах інфармацыйнай і нацыянальнай бяспекі, масмедыйных тэхналогій рэгулявання палітычных канфліктаў. Вучоны ўвайшоў у склад спецыялізаваных саветаў па прысуджэнні вучоных ступеняў журналісцкага, сацыяльна-палітычнага і педагагічнага профілю. Пад яго кіраўніцтвам ажыццяўляюцца работы на напісанні дыпломных сачыненняў і дысертацыйных даследаванняў аспірантамі і студэнтамі філасофскага факультэта і факультэта журналістыкі . Чытае Мікалай Сяргеевіч спецыяльныя дысцыпліны і ў Санкт-Пецярбургскім ваенна-марскім інстытуце, у філіяле Расійскага гуманітарнага дзяржаўнага ўніверсітэта . Акрамя таго Мікалай Сяргеевіч – прафесар кафедры канфлікталогіі філасофскага факультэта СпбДУ , дзе кіруе магістарскай праграмай «Палітычная канфлікталогія», распрацоўвае і чытае спецкурсы. Наўздзіў багатая і шматаблічная творчая прастора ў нашага земляка!..

Хаця сам вучоны лічыць іначай. Не аднойчы чуў ад Мікалая Сяргеевіча:

– У навуцы мая біяграфя не такая важкая, як здаецца па афіцыйных званнях…

Канешне ж, толькі сціпласць прымушае вучонага так гаварыць. І навуковыя ступені, і тысячы гадзін выкладчыцкай работы, і сотні публікацый – усё гэта гаворыць толькі на карысць вялікага творчага плёну. Магчыма, у значнай ступені аснова, фундамент сённяшніх здабыткаў – у тых, 1960-х , школьных, гадах… Вось што гаворыць з нагоды такога майго меркавання сам Мікалай Сяргеевіч:

– У 9-10 класе школа для мяне і маіх сяброў была домам родным. Пасля ўрокаў (а абедалі ж мы ў школьнай сталовай за 20-25 капеек) – маса спраў. Рыхтавалі лялечны спектакль (я маляваў дэкарацыі), канцэрт (па суботах не толькі, не проста танцы, а канцэрт з танцамі), КВЗы, афармлялі музей. Арганізоўвалі збор макулатуры і металалому. Выпускалі насценную газету, радыёгазету… Мажліва, з таго часу і прыцягненне да гуманітарнай сферы… Дахаты вярталіся ў 17-18 гадзін. Ды ўрокі ўсё ж паспявалі зрабіць.

…Штогод Мікалай Сяргеевіч наведваецца ў Беларусь, у Пухавічы.

Вяртаецца да тых вуліц і завулачкаў, па якіх блукае і там, у Санкт-Пецярбургу. Там – толькі ў думках ці сне. У Беларусі, хаця ўжо колькі гадоў, як пайшлі з жыцця маці і бацька, – дзве сястры, брат, родзічы жонкі. За Беларуссю , за тым, што дзеецца ў нас, стараецца сачыць па тэлебачанні. Напрыканцы размовы пытаюся, што заўважна адрознівае Беларусь ад іншай постсавецкай прасторы, якая і цяпер прафесару з «сонечных Пухавіч» добра знаёмая. Вучоны адказвае:

Адрозненняў шмат. Адразу ж – у параўнанні з Расіяй найперш – кідаецца ў вочы важкі пазітыў: стабільнасць, дэкрыміналізацыя абстаноўкі, добрыя, чалавечыя адносіны, захаванне высокіх маральна-этычных нормаў, гістарычных традыцый, догляд і парадак на дарогах, у гарадах, пасёлках… Усё гэта вабіць і не можа не прыцягваць. 

Алесь Карлюкевіч

Фота: jf.spbu.ru

 

 

Прочитано 301 раз Последнее изменение Пятница, 21 мая 2021 12:32