Понедельник, 24 01 2022
Войти Регистрация

Login to your account

Username *
Password *
Remember Me

Create an account

Fields marked with an asterisk (*) are required.
Name *
Username *
Password *
Verify password *
Email *
Verify email *
Captcha *

У калекцыі Язэпа Стаброўскага былі аўтографы Талстога і Пушкіна

  • Вторник, 22 декабря 2020 14:14
  • Автор  Сугучча

Сёлета споўнілася 150 гадоў з дня нараджэння заснавальніка Слонімскага краязнаўчага музея, археолага, гісторыка, вынаходніка, вайскоўца, аднаго са знакамітых слонімцаў ХХ стагоддзя Язэпа (Іосіфа Іосіфавіча) Стаброўскага. У калекцыі Язэпа Стаброўскага былі экспанаты, якія маглі б упрыгожыць стэнды і залы найлепшых музеяў Еўропы: багатая калекцыя крамянёвых і каменных вырабаў часоў мезаліту і неаліту, галава старажытна-славянскага ідала, аўтографы Карамзіна, Дзяржавіна, Льва Талстога, два лісты Пушкіна да яго жонкі Наталлі Ганчаровай, гістарычныя рукапісы XVІ—XІХ стагоддзяў і многія-многія іншыя рэчы.

У сямейным альбоме, які захоўваецца ў сваякоў Іосіфа Стаброўскага, ёсць цікавы і каштоўны здымак яго дзеда. Пад фатаграфіяй у альбоме напісана: «Вікенці сын Мацея Стаброўскі, рэгент земскі, гаспадар маёнтка «Кулікі». Памёр ён у 1868 годзе. Пахаваны ў пабудаванай за яго сродкі ўніяцкай царкве ў Мілавідах.

Бацька Язэпа Стаброўскага — Іосіф — удзельнічаў у венгерскай, турэцкай і Крымскай войнах. Пахаваны ў вёсцы Орлавічы на Слонімшчыне.

Маці Язэпа Стаброўскага — Людвіка — была родам з князёў Масальскіх. Памерла ў 1902 годзе, пахавана побач з мужам у Орлавічах. Дарэчы, бацька Людвікі Стаброўскай — Адольф Масальскі — прымаў актыўны ўдзел у паўстанні 1863 года. За гэта быў сасланы ў Нерчынскія руднікі. І родны брат маці — Карл Масальскі — таксама ўдзельнічаў у гэтым паўстанні. Ён быў камандзірам аднаго з атрадаў Кастуся Каліноўскага. Яго схапілі, пасадзілі ў клетку і вазілі па вуліцах Слоніма, а пасля расстралялі...

У 1888 годзе Язэп Стаброўскі стаў курсантам Аляксандраўскага ваеннага вучылішча. А потым меў магчымасць яшчэ скончыць Полацкі кадэцкі корпус, Маскоўскі археалагічны інстытут і Вышэйшыя археалагічныя курсы пры Самарскім універсітэце. Быў членам-карэспандэнтам Віленскага аддзялення Маскоўскага археалагічнага таварыства і сябрам Яраслаўскага археалагічнага таварыства.

Першую сусветную вайну Язэп Стаброўскі закончыў у чыне палкоўніка. І з цягам часу навуковыя інтарэсы ўзялі верх над прафесіянальна-ваеннымі. У 1921 годзе ён вяртаецца на родную Слонімшчыну і ўсе свае сілы і веды аддае даследаванню роднага краю. Стаброўскі збірае ўсё, што, на яго погляд, уяўляе гістарычную каштоўнасць.

Восенню 1924 года Язэп Стаброўскі арганізаваў у Слоніме выстаўку старадаўніх дакументаў і кніг, якія калекцыяніраваў шмат гадоў. Выстаўка выклікала вялікую цікавасць у наведвальнікаў, асабліва сярод моладзі. Пасля ўвесь сабраны археалагічны матэрыял і каштоўную калекцыю вырабаў каменнага веку Стаброўскі паклаў у аснову гісторыка-краязнаўчага музея, які расчыніў дзверы перад наведвальнікамі ў 1929 годзе.

Язэп Стаброўскі быў не толькі выдатным археолагам і краязнаўцам, але і таленавітым гісторыкам і вынаходнікам. Ім даследавана больш за 150 курганоў на Гродзеншчыне, напісаны і надрукаваны дзесяткі артыкулаў па краязнаўстве і гісторыі. З Першай сусветнай вайны ён захаваў успаміны і альбом з 300 фотаздымкамі. У свой час знайшлі прымяненне яго шрампель удасканаленага ўзору (зацверджаны ў 1907 годзе Галоўным расійскім артылерыйскім упраўленнем) і тэлефон-прыёмнік удасканаленай канструкцыі (польскі патэнт № 18728).

Летам 1944 года Слонім быў вызвалены ад нямецкіх акупантаў. Музей сталі наведваць салдаты, якія рухаліся на Захад. Стаброўскі праводзіў для іх экскурсіі: паказваў экспанаты і расказваў гісторыю роднага краю...

Да апошніх сваіх дзён (пражыў 98 гадоў) Язэп Стаброўскі даследаваў гісторыю роднай зямлі, вёў перапіску, сустракаўся з навукоўцамі. Пахаваны, як і жадаў, на зямлі былога радавога маёнтка Стаброўскіх у вёсцы Орлавічы на Слонімшчыне. На сённяшні дзень Слонімскі раённы краязнаўчы музей у горадзе над Шчарай носіць яго імя. А ў 2002 годзе на будынку музея была ўрачыста адкрыта мемарыяльная дошка, прысвечаная Іосіфу Іосіфавічу Стаброўскаму, якую выканаў з граніту і падараваў гораду і музею слонімскі скульптар Леанід Богдан.

Сяргей Чыгрын

Крыніца: Звязда

Прочитано 290 раз Последнее изменение Вторник, 22 декабря 2020 17:29