Вы тут

Як святкавалі «Пісаравы імяніны» у Купалаўскім


Спектакль паводле п’есы Уладзіслава Галубка «Пісаравы імяніны» зноў вярнуўся ў рэпертуар Нацыянальнага акадэмічнага тэатра імя Янкі Купалы.


Упершыню на сцэне тэатра гэты твор з’явіўся ў 1921 годзе ў пастаноўцы Фларыяна Ждановіча. З таго часу прайшло больш за 100 гадоў, шмат што змянілася, але, гледзячы на персанажаў, не пакідае думка, што людзі засталіся ўсё тымі ж, са сваімі нягодамі і радасцямі.

Праца над спектаклем заняла каля двух месяцаў. Перад гледачом паўстае дынамічная музычная камедыя з асаблівым беларускім каларытам.

— На мой погляд, спектакль атрымаўся вельмі яркім, бліскучым, танцавальным і вобразным, таму мне здаецца, што кожны знойдзе для сябе нешта ў гэтай камедыі, з задавальненнем пасмяецца з камічных момантаў і проста правядзе вечар у добрай кампаніі, — дзеліцца рэжысёр-пастаноўшчык Павел Марыніч.

Наогул перад ім стаяла даволі няпростая задача: адаптаваць п’есу пад сучаснасць, не страціўшы пры гэтым сутнасці.

— Адна з асноўных складанасцяў была ў мове. Зараз людзі размаўляюць зусім не так, як у 1917 годзе, калі быў напісаны першы акт п’есы. Да таго ж, з таго часу і гумар змяніўся, таму трэба было перакласці п’есу на нашу сучаснасць, каб гледачам было цікава, — дзеліцца рэжысёр-пастаноўшчык.

У новай камедыі два акты. У першым апісваюцца тыя самыя імяніны пісара, на якіх раскрываюцца сапраўдныя характары гасцей, плятуцца інтрыгі. Там жа пісар прыходзіць да несуцяшальнай высновы, што ў ягоным выпадку насуперак народнай мудрасці лепш мець сто рублёў, чым сто сяброў. У другім акце раскрываюцца праблемы ўзаемаадносін паміж захопленым працай мужам і жонкай, якая прагне любові і ўвагі.

Павел Марыніч перакананы, што, дзякуючы зладжанай каманднай рабоце, атрымалася зрабіць якасную сучасную пастаноўку класічнага твора.

— Гэта гісторыя хутчэй пра нас, пра сучасных людзей, — распавядае рэжысёр-пастаноўшчык. — Вастрыня гэтай камедыі ў тым, што мы, на жаль, за працай часта забываемся пра родных, блізкіх. Мы хочам новую пасаду, мы хочам вышэйшы заробак, а час незваротна сыходзіць.

Над музычным суправаджэннем працаваў кампазітар Алег Хадоска, у аснове дэкарацый і касцюмаў — праца колішняга мастака-пастаноўшчыка Барыса Герлавана, якую пераасэнсавала Аляксандра Гранстрэм. Дарэчы, Аляксандра — студэнтка Акадэміі мастацтваў, і гэты спектакль — яе дыпломны праект.

— Ідэя была ў тым, каб перадаць беларускі каларыт таго часу, той эпохі. Адзін з самых акцэнтных элементаў дэкарацый — гэта ручнік, які яскрава і дакладна сімвалізуе беларускую культуру, — дзеліцца Аляксандра Гранстрэм.

Большасць дэкарацый на сцэне выканана з дрэва, што з’яўляецца характэрным для беларускай вёскі таго часу. Візуальна пастаноўка не перагружаны дэталямі, асноўная ўвага гледачоў застаецца на акцёрах.

— У працы над усім гэтым была задзейнічана вялікая каманда мастакоў-дэкаратараў, бутафораў, сталяроў, мантажнікаў, якія, дзякуючы свайму майстэрству, дапамаглі ўвасобіць ідэі ў жыццё і дабіцца максімальнай дакладнасці і рэалістычнай выявы, — расказвае дзяўчына.

Важным элементам спектакля з’яўляюцца касцюмы, якія захавалі ў сабе гістарычную дакладнасць і каларыт таго часу. Па словах Аляксандры Гранстрэм, у адпаведнасці з жанрам камедыі яны былі зроблены знарок красамоўнымі, каб глядач ужо па вонкавым выглядзе персанажаў мог зразумець, што яны з сябе ўяўляюць.

Ёсць сімвалізм і ў мастацкім выкананні афішы спектакля. На ёй намалявана чарніліца з рознымі пер’ямі. Вельмі моцна вылучаецца цэнтральнае пяро. Яно магло б быць самым яркім, вялікім і прыгожым, калі б не абарваная частка. Менавіта гэтае пяро і сімвалізуе пісара, які ў пагоні за павышэннем і прыхільнасцю розных чыноўнікаў страціў у жыцці нешта вельмі важнае.

Лізавета ГОЛАД

фота аўтара

Выбар рэдакцыі

Грамадства

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Пар­ты­зан­скі след у Бе­ла­рус­кай на­сту­паль­най апе­ра­цыі «Баг­ра­ці­ён»

Ба­я­вое ўза­е­ма­дзе­ян­не най­вы­шэй­ша­га ўзроў­ню.

Грамадства

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

Якой павінна быць ежа для дзяцей: смачнай ці карыснай?

«Дзесяцігоддзі школьнае харчаванне нашых дзяцей будавалася на аснове зборніка рэцэптур».

Энергетыка

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

Беларусь у лідарах па энергаэфектыўнасці

А сярод краін ЕАЭС — на першым месцы.